У межах кампании “Будзьма беларусамі!” 8 і 9 жніўня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі на Гродзеншчыне – у Мінойтаўскай СШ на Лідчыне і ў Бібліятэцы імя Ларысы Геніюш, што адчынілася сёлета пры Каложскай царкве ў Гродне. У Мінойтах сустрэча была арганізавана рэдактарам газеты “Наша слова” і старшынёй Лідскай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны Станіславам Суднікам, які прадстаўляў сталічных гасцей. М. Скобла правёў тры імправізаваных паэтычных “урокі” – на лепшае веданне беларускай літаратуры, гісторыі і геаграфіі. Школьнікі наперабой стараліся паказаць свае веды, хто адказваў беспамылкова, атрымаў прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Т. Грыневіч-Матафонава праспявала песні на вершы паэтаў, чыя творчасць вывучаецца ў школе, расказала пра выдадзены ёю дыск “Галасы беларускіх паэтаў”, асобнік якога спявачка падаравала школе. Другая сустрэча была прымеркаваная да 106-й гадавіны з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Сярод 60 творцаў на згаданым дыску свае вершы чытае і знакамітая паэтка, таму ён таксама быў падараваны ў новаствораную бібліятэку. М. Скобла расказаў прысутным пра зборнік “Духу магутныя чары: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах”, прачытаў верш, прысвечаны Л. Геніюш, і прэзентаваў настаяцелю Каложы протаіерэю Аляксандру Балоннікаву рэдкія выданні – кнігу Л. Геніюш “Вершы 1945-47 гг.”, якая выйшла ў 1992 г. у Лондане, зборнік “Маці і сын” Юркі і Ларысы Геніюшаў, выдадзены ў Беластоку, а таксама літаратурны альманах беларускай эміграцыі “Ля чужых берагоў” (Мюнхен, 1955). Айцец Аляксандр выказаў спадзяванне, што, дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі!” жнівеньскія Геніюшаўскія сустрэчы ў Гродне стануць традыцыйнымі.