«Падарожжы Беньямiна III» — сатырычны раман пра чалавека, якi нечакана для сябе вырываецца з язджалай каляіны звыклага ладу жыцця ды імкнецца ўслед за сваёй мрояй. Месца дзеяння — беларускае мястэчка. Героі — тутэйшыя людзі. Гэта кніга цудаў і хаджэнняў пра недаацэненага сучаснікамі падарожніка Беньяміна і яго адданага збраяносца Сэндэрла, якія выправіліся з роднага мястэчка ў фантастычныя краіны Усходу. Па дарозе іх напаткалі дзівосныя прыгоды і лёсавызначальныя сустрэчы, піша Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны.
Аўтар напісаў гэты раман на ідышы ў ХІХ стагоддзі, у ХХ — перастварыў на іўрыце, а цяпер, у ХХІ стагоддзі, пасля перакладаў на шматлікія мовы свету, выходзіць беларуская версія, падрыхтаваная Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны ў супрацы з выдавецтвам «Логвінаў». Абеларусіў раман перакладчык іўрыцкай літаратуры Павал Касцюкевіч. Ілюстрацыі зрабіў мастак Міця Післяк.
Мэндэлэ Мойхер-Сфорым (1836-1917). Імя гэтага пісьменніка, народжанага ў Капылі, вядомае далёка за межамі яго роднай Беларусі. Ён — усмешлівы пачынальнік сур’ёзнай яўрэйскай літаратуры. Той, хто вярнуў біблійную мову іўрыт, а таксама ўключыў мову мястэчак — ідыш, у шэрагі чынных і плённых гульцоў сусветнага пісьменства.
18: 00 «Анлайн-чаяванне» — чытанне і тлумачэнне кнігі з Паўлам Касцюкевічам, Міхаілам Круцікавым, Мардэхаем Юшкаўскім і Алесем Астраухам
Прэзентацыя і абмеркаванне кнігі пройдзе ў фармаце «Анлайн-чаявання» — нефармальнай і жывой гутаркі з аўтарамі выдання і прызнанымі спецыялістамі ў галіне культуры ідыш, якія раскажуць пра асаблівасці беларускага выдання і перакладу, раскрыюць Значэнне твора і творчасці Мендэле ў яўрэйскай літаратуры на ідышы і іўрыце.
У ілюстрацыях да кнігі шмат зашыфраваных знакаў, адсылак да габрэйскай культуры, ландшафтаў і архітэктуры беларускіх месцаў. На аснове ілюстрацый быў распрацаваны маляўнічы і іранічны стыкерпак для Telegram, які дадасць беларуска-яўрэйскага каларыту ў гутаркі ўдзельнікаў і гледачоў фестывалю.
Трансляцыю шукайце на сайце Цэнтра беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны.