Дзе і як беларусы адзначаць Каляды. Падборка святочных імпрэз на 23-25 снежня

У бліжэйшыя святочныя выходныя беларусы па ўсім свеце ладзяць імпрэзы, прымеркаваныя да Калядаў. Майстар-клас па роспісе шопераў «Цмокі-цмокі» ў Мінску, калядкі ў Азярцы, калядныя кірмашы, калядная ялінка для дзетак, батлейка, калядныя этнавечарыны, канцэрты, выставы — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ. Святкуйце па-беларуску ў любой кропцы свету.



Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Майстар-клас па роспісе шопераў «Цмокі-цмокі» ў Мінску

Afiša

У суботу, 23 снежня, у музеі гісторыі беларускай літаратуры — майстар-клас па роспісе шопераў «Цмокі-цмокі» з Ірынай князевай у межах праекта «Пісаная торба». 

З нагоды надыходзячага года агнядышнага Дракона мусім узгадаць, што ў нас ёсць свой, беларускі дракон, які завецца Цмокам, — зычлівая і прыязная да чалавека істота. 
Цмок шкадуе і ратуе людзей, а яшчэ дапамагае закаханым зберагчы і замацаваць трапяткія пачуцці. 

На аўтарскім занятку, у святочна-утульнай атмасферы, будзеце маляваць на торбах сваіх лагодных Цмокаў. Файны будзе падарунак сабе, каханым і сябрам! 

Калядкі ў Азярцы

Афіша

У суботу, 23 снежня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы — свята «Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі». 

Святыя вечары, Крывыя вечары, Каляды — так называлі старажытныя святкаванні ў гонар зімовага сонцастаяння. 

Паступова народныя традыцыі спалучыліся з хрысціянскімі — царква прымеркавала да гэтага дня рэлігійнае свята Нараджэння Хрыстова. 

У залежнасці ад веравызнання Каляды святкуюцца ў розныя даты: у католікаў з 24 снежня па 6 студзеня і ў праваслаўных вернікаў з 6 па 19 студзеня. 

Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а потым пачыналі гатаваць вячэру. 

Абавязковай абрадавай ежай была куцця — каша з таўчоных ячменных круп, якая сімвалізавала дабрабыт у будучым годзе. 

Рыхтавалі пачастункі і для калядоўшчыкаў — гурта людзей, якія віншавалі гаспадароў са святам.

То прыходзьце і вы на Калядкі!

Майстар-клас па вырабе каляднай зоркі ў Заслаўі

Afiša

У нядзелю, 24 снежня, музей-запаведнік «Заслаўе» ладзіць новы калядны майстар-клас — гэтым разам па вырабе каляднай зоркі з лазы. 

Вядоўца — майстрыня Ангеліна Каралёва.

Падчас стварэння гэтага незвычайнага ўпрыгожвання навагодняй елкі будзе самае месца для ўвасаблення творчай фантазіі, здольнасцей і трываласці. 

Брэст

Калядны Welcome Market у Брэсце

Afiša

Гэтымі выходнымі, 23 і 24 снежня, у Брэсце — калядны Welcome Market! Кірмаш майстроў, garage sale, зносіны, музыка, святочная атмасфера і вялізная колькасць унікальных тавараў ад майстроў Брэста і гасцей з іншых гарадоў — карацей, ўсё як мы любім! 

Гомель

Калядная этнавечарына ў Гомелі

Afiša

23 снежня ў Гомелі ладзяць калядную этнавечарыну «Хрыстос нарадзіўся на вашым двары...».

Што будзе? 

Цвік каляднай вечарыны — батлейка «Цар Ірад», п’еса па адным з самых папулярных біблейскіх сюжэтаў беларускай батлейкі. 

Калядаванне — усе ахвотныя ператворацца ў калядоўшчыкаў і будуць атрымліваць за спевы салодкія падаруначкі (добра загадзя падрыхтавацца і падвучыць парачку калядак) 

Традыцыйныя танцы пад гармонік і застолле! 

Грузія

Батумі

Каляды ў Батумі

Afiša

25 снежня ў Батумі ў сямейнай атмасферы святкуюць Каляды! Спецыяльная падборка гульняў, у якія можна будзе навучыцца гуляць проста на месцы.

Адмыслова прыгатаваныя пад гэтую падзею вэлкам-дрынкі для ўсіх гасцей.

Калядная віктарына.

Музычны выступ беларускай скрыпачкі Марыны (@Marina_Violin), якая сыграе калядныя хіты і каверы на любімыя кампазіцыі.

Бярыце з сабой дзяцей, катоў, сабак, марскіх свінак і нават не кусачых кракадзілаў!

Тбілісі

Батлейка ад Маляваныча ў Тбілісі

Afiša

23 снежня ў Тбілісі Маляваныч (Алесь Ждановіч) запрашае маленькіх і дарослых на святочную вечарыну. Удзельнікаў чакае аповед пра беларускую батлейку, казкі і гульні для дзяцей. А таксама спектакль «Цар Ірад», у якім вы пазнаеце некаторых сучасных гістарычных персанажаў, і ў якім самі возьмеце ўдзел!



Літва

Вільня


Вайцюшкевіч у Вільні (Калядныя канцэрты)

Afiša

У суботу, 23 снежня, у Вільні з калядным канцэртам выступіць Зміцер Вайцюшкевіч.

Цуд на Каляды у Вільні

Afiša

25 снежня, у панядзелак, у Віленскай ратушы адбудзецца святочная імпрэза «Цуд на каляды» з удзелам выкшталцоных беларускіх артыстаў — спявачкі Маргарыты Ляўчук і піяніста Кірыла Кедука. Ва ўтульнай каляднай і пераднавагодняй атмасферы артысты выканаюць беларускія і еўрапейскія калядкі, а таксама творы Баха, Моцарта, Шапэна, Манюшкі, Штраўса і Бернстайна. 

Польшча

Варшава

Калядная ялінка для дзетак у Варшаве

Afiša

У суботу, 23 снежня, у Беларускім Моладзевым Хабе — уалядная ялінка для дзетак. Прыходзьце калядаваць, спяваць, танчыць, вадзіць карагоды, слухаць і глядзець на маленькіх талентаў, сустракаць Святога Мікалая з падарункамі.

Калядны кірмаш у Варшаве

Afiša

23 снежня беларускія ды ўкраінскія рамеснікі запрашаюць на Калядны кірмаш у Варшаве!

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

Чытайце яшчэ:

Як арганізаваць беларускае калядаванне ў любой кропцы свету. Дапаможнік калядоўшчыка