Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 30-31 снежня і 1-2 студзеня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Арганны канцэрт у Мінску, калядная батлейка ў Раўбічах, навагодняя ялінка ў Дукоры, крысмас-тур па Гародні, калядная вандроўка з Алесем Чумаковым і Таццянай Ячнай у Вільні, беларускі Новы Год у Варшаве і Гданьску, канцэрты, майстар-класы, выставы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Мінск і Мінская вобласць

Мінск

Беларуская арганная спадчына: канцэрт Юрыя Габруся ў Мінску

Afiša

Беларуская арганная спадчына: канцэрт Юрыя Габруся ў Мінску У суботу, 30 снежня, у касцёле святога Францішка Асізскага (каторы ў Новай Баравой) — новы арганны канцэрт ад Юрыя Габруся.

Прагучыць праграма, цалкам складзеная з арганнай спадчыны беларускай мінуўшчыны (XVI-XIX стагоддзі). 

Кампазітары, творы якіх маюць прагучаць, паходзяць і з Беларусі, і з іншых краінаў, але ж лёс кожнага з іх цесна звязаны з нашай краінай, яе гісторыяй і музычнай культурай.

Раўбічы

Калядная батлейка ў Раўбічах

Afiša

У суботу, 30 снежня, у Раўбіцкім музеі беларускага народнага мастацтва калядная батлейка. 

Пакажуць традыцыйны калядны спектакль «Цар Ірад». 

Дукора

Навагодняя ялінка ў Дукоры

Afiša


У аўторак, 2 студзеня, Дукорскі маёнтак запрашае на святочную ялінку.

Цягам усяго дня ладзяць шэраг анімацыйных экскурсій з любімымі героямі. Пан Маршалак, Дзед Мароз і Снягурка, калядныя Дзед і Каза і, канешне, Чорт запрашаюць: 

патанчыць, пагуляць і пакалядаваць згодна з традыцыямі продкаў 

падэгуставаць традыцыйныя напоі беларусаў і дакрануцца да тэхналогіі іх стварэння 

палепшыць фізічны стан пасля святочнай ночы зімнімі забавамі і выпрабаваннямі 

паспаборнічаць за прызы ад дукорскіх майстроў і мясцовай вінакурні

паўдзельнічаць у шэрагу калядных майстар-класаў і зрабіць сувенір на доўгую памяць.

Гродна

Крысмас-тур па Гародні

Afiša

Музей гісторыі рэлігіі ладзіць традыцыйныя калядныя шпацыры па вуліцах Гародні.

Даведаецеся:

Калі на беларускіх землях з’явілася першая ялінка? 

Як адзначалі Каляды ў Гродне 100 гадоў таму?

Хто прыносіў падарункі да з’яўлення Дзеда Мароза? 

Чаму першыя хрысціяне не святкавалі дзень нараджэння?


Вось што вас чакае:

Экскурсія «Нараджэнне Хрыстовае: гісторыя і традыцыі» ў Музеі гісторыі рэлігіі;

Прагулка па калядных месцах горада; 

Майстар-клас па стварэнні цацкі на ялінку; 

Дэгустацыя аўтарскага дэсерту ў рэстаране «Мураўёў»; 

Святочны канцэрт у лютэранскай кірсе. 



Літва

Вільня

Майстар-клас Вольгі Барышнікавай па калядных спевах беларусаў у Вільні

Afiša

У суботу, 30 снежня, Беларуская Рада культуры запрашае на майстар-клас Вольгі Барышнікавай па калядных спевах беларусаў.

Вы даведаецеся пра традыцыйныя песні каляднага перыяду на беларускіх землях, паглядзіце фрагменты этнаграфічных фільмаў і паслухаеце песні ў іх сапраўдным аўтэнтычным гучанні. 

Таксама будзе практычны спеўны майстар-клас, падчас якога вывучыце некалькі калядных песень, папрацуеце над гукам і, канешне ж, атрымаеце добры святочны настрой.

Калядная вандроўка з Алесем Чумаковым і Таццянай Ячнай у Вільні

Afiša

На суботу, 30 снежня, нічога не плануйце, бо ў Вільню прыбываюць з калядным канцэртам гусляр Алесь Чумакоў і спявачка Таццяна Ячная.

Вы пачуеце калядныя і навагоднія песні з Англіі, Ірландыі, Шатландыі, Уэльсу, Іспаніі, Італіі, Францыі, Даніі, Фінляндыі, Румыніі, Украіны, Беларусі, Латвіі, ЗША, Венесуэлы і, канешне ж, Польшчы. 

Усе песні прагучаць беларускай мовай у перакладах беларускіх паэтаў ды пад акампанемент беларускіх гусляў. 


Польшча

Варшава

Святочны спектакль «Happy Peppi New Year» у Варшаве

Afiša

У суботу, 30 снежня, у бары «Scena Chmielna» — святочны сямейны спектакль «Happy Peppi New Year».

«Happy Peppi New Year» — спектакль для ўсёй сям’і, для дзяцей і тых, хто адчувае сябе дзіценкам. 

Новы год прапануюць сустракаць разам з Пэпі Доўгайпанчохай, якая цвёрда пастанавіла адсвяткаваць яго так, як ніхто і ніколі не святкаваў. 

Вы даведаецеся, на якім дрэве растуць цукеркі, ці існуе дрэсіраваная сялёдка, як правільна ўпрыгожваць ялінку, а таксама — як любога тату пераўтварыць ў Дзеда Мароза. 

Дапамагаць ей будуць добра выхаваныя Томі і Аніка. 

Не абыдзецца без Паліцэйскага, які хоча забраць Пэппі у інтэрнат на выхаванне. 

На спектаклі дазваляецца весяліцца, спяваць, стаяць на галаве, частавацца цукеркамі, лавіць рыбу. 

Не дазваляецца быць занадта сур’езным і лётаць у аблоках без каскі. 

Беларускі Новы год у Варшаве

Afiša

У нядзелю, 31 снежня, беларусаў Варшавы клічуць святкаваць Новы год па-беларуску.

Прапануюць:

Unlim bar і ежа ў фармаце шведскага стала 

Вялікі канцэрт гурта «Красная зелень» з Маргарытай Ляўчук і Андрэем Павуком. 

Ноч танцаў пад зорны кавер-бэнд музыкаў з гуртоў Volski, Brutto, Ляпіс Трубяцкой, J:Mors, Крамбамбуля, Superbullz. 

Музычныя сюрпрызы ад знакамітых гасцей з розных калектываў: Akute, Lear, Георгий Добро, Раман Арлоў і таемныя госці

Караоке да самай раніцы (а можа і болей) 

Вядоўца — Аляксандр Памідораў! 

Гданьск

Беларускі Новы год у Гданьску

Afiša

Беларусы Гданьска традыцыйна збіраюцца сустрэць Новы год разам і гуляць да самай раніцы!

Удзельнікі будуць разам гатаваць навагоднія стравы (кожны ўдзельнік штосьці прыгатуе), упрыгожваць ялінку, знаёміцца і святкаваць!

Кракаў

Навагодні лялечны спектакль «Казачны домік» у Кракаве

Afiša

У суботу, 30 снежня, беларусікаў Кракава клічуць на навагодні лялечны спектаклік «Казачны домік». Падчас спектакля вашых дзетак чакаюць Зайка-трусішка, касалапы Мішка, смелы Пеўнік, хітрая круцілька Ліса і дурны Воўк! 

Разам з героямі будзем весяліцца, спяваць, танчыць, дапамагаць героям спраўляцца з цяжкасцямі і нават спячом самага сапраўднага калабка! 

Рэкамендаваны ўзрост: ад 3 да 9 гадоў

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».


Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.