Зрабілі падборку кніг і альбомаў пра Беларусь, якія знаёмяць з культурнай спадчынай, гісторыяй і прыроднай прыгажосцю нашай краіны. Маляўнічыя ілюстрацыі, унікальныя фатаграфіі і старанна падабраныя матэрыялы робяць кожную кнігу сапраўдным творам мастацтва. Выданні, што мы сабралі, стануць не толькі цудоўным упрыгожаннем уласнай бібліятэкі, але і каштоўным падарункам для замежнікаў, якія хочуць пазнаёміцца з беларускай культурай і традыцыямі.
Belarus: An illustrated history
Гісторыя беларусаў ад старажытнасці да канца 18 стагоддзя, расказаная па-ангельску, а таксама мовай мастацтва.
Гэтая багата ілюстраваная кніга прызначана ў першую чаргу, але не выключна, для моладзі. Яна вядзе чытачоў у прыгоды ў адну з «новых» (з 1991 года) краін, якія з’явіліся на карце Еўропы. І яскрава паказвае, што Беларусь не такая ўжо і новая краіна.
Кніга стала плёнам унікальнага супрацоўніцтва пісьменніка і гісторыка Уладзіміра Арлова і мастака Паўла Татарнікава.
Пераклад з беларускай Джыма Дынглі.
Нагадаем, гэтая самая кніга, напісаная па-беларуску, прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай», што ў сённяшніх варунках толькі пацвярджае: кніга сапраўды вартая, каб мець яе ў сваёй бібліятэцы.
Набыць можна на сайце выдавецтва Gutenberg Publisher, выдавецтва «Кнігаўка» і ў некаторых афлайн-крамах у Польшчы і Літве.
«Беларусь»
Кніга выдадзена на англійскай і рускай мовах. Ёсць таксама беларуска-нямецкая і кітайская версіі.
Альбом «Беларусь» складаецца з пяці раздзелаў, што маляўніча і густоўна знаёмяць чытача з перлінамі гісторыі, народнага мастацтва, архітэктуры, прыроды і сталіцай Мінскам.
Пяць названых тэмаў канцэнтравана падаюць найбольш важную інфармацыю пра краіну. Аўтар складальнік Дзяніс Раманюк на старонках альбома маляўніча і густоўна прадставіў сваю краіну вачам землякоў. Альбом будзе цікавы беларусам, але галоўная мэта стварэння такой кнігі — прэзентацыя Беларусі гасцям, для якіх яна будзе выдатным падарункам.
Беларусь. альбом / Аўтар-складальнік Дзяніс Раманюк. — Мінск. выдавец Раманюк Дзяніс, 2013. — 48 с.; іл. Цвёрдая вокладка.
Набыць кнігу можна па спасылцы.
«Колер Беларусі»
Дызайнерскі альбом «Колер Беларусі» мастака і паэта Міхала Анемпадыстава — адна з першых спроб візуалізаваць каларыт беларускай мінуўшчыны і сучаснасці з яе яркімі фарбамі і адценнямі, з прыроднымі структурамі, народжанымі пад уплывам трох стыхій.
Візуальная частка кнігі суправаджаецца аўтарскімі тэкстамі, якія раскрываюць асноўныя беларускія колеры — паходжанне іх назваў, гісторыю распаўсюджвання на канкрэтных тэрыторыях, сімвалічную інфармацыю і фактары, якія паўплывалі на фарміраванне спецыфічных колеравых пераваг і стыляў.
Набыць кнігу можна па спасылцы.
«Беларускія народныя строі»
Альбом «Беларускія народныя строі» прафесара Міхася Раманюка прысвечаны аднаму з самых значных відаў народнай творчасці беларусаў — нацыянальнаму адзенню. Шматгадовыя экспедыцыі, навуковыя даследаванні і аналіз, праведзеныя прафесарам у 1960–90-я гады 20 стагоддзя, далі плён. На іх падставе ён упершыню ў гісторыі Беларусі ажыццявіў сістэматызацыю і рэгіянаванне беларускага народнага адзення.
Наступным вынікам гэтай працы стала стварэнне мастацка-графічных рэканструкцый. 62 найлепшыя з іх рэпрэзентуюць старонкі гэтага выдання. Падзеленыя на 7 рэгіёнаў малюнкі 34 строяў і рэгіянальная мапа ўяўляюць з сябе суцэльную панараму вытанчанай прыгажосці твораў беларускіх жанчын.
Выданне на беларускай, ангельскай, нямецкай і французскай мовах.
Укладальнік і мастак Дзяніс Раманюк. 2-е выд. — Мінск: Выдавец Дзяніс Раманюк, 2014. — 80 с.; іл. Цьвёрдая вокладка.
Набыць кнігу можна па спасылцы.
«КУТ»
Кніга «КУТ» змяшчае чатыры тысячы фотаздымкаў дзікай прыроды Беларусі і гісторыі пра кожны з іх. За выданнем стаіць дзесяцігадовае фотапаляванне на звяроў, незвычайныя беларускія мясціны, нетрывіяльныя ракурсы.
Над кнігай працавала каманда з фатографаў Вячаслава і Аляксея, дызайнера Змітра і рэдактаркі Вольгі — яны зрабілі яе цалкам самі, не звяртаючыся па дапамогу да выдавецтваў. З тысяч здымкаў аўтары выбралі найлепшыя, сабралі самыя цікавыя гісторыі з паездак і зрабілі прыгожы і душэўны альбом пра прыроду Беларусі.
Кніга выдадзена на беларускай і англійскай мовах.
Набыць кнігу можна па спасылцы.
«Спадчына Беларусі»
Кніга-альбом «Спадчына Беларусі» дэманструе прыгажосць і значэнне старадаўніх храмаў, палацаў, замкаў, сядзібаў, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншых гістарычных шэдэўраў і помнікаў архітэктуры Беларусі.
Альбом складаецца з больш чым 400 мастацкіх фотаздымкаў у асноўным 2014-2015 гадоў. Шырока прадстаўлены ўсе вобласці Беларусі. Выдадзены на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.
Набыць можна па спасылцы.
«Беларусь сінявокая»
Старонкі альбома «Беларусь сінявокая» робяць магчымым унікальнае падарожжа за «блакітным скарбам». 305 фотаздымкаў, зробленых з зямлі, вады і нават з паветра, паказваюць аблічча вядомых і схаваных ад погляду чалавека азёр і рэк. Разглядаючы іх адлюстраванні, жыхары і госці краіны могуць захапляцца непаўторнай прыгажосцю Беларусі.
Кніга можа быць выдатным экскурсаводам, даведнікам і падарункам.
Фота, тэкст і мастацкае аздабленне Дзяніса Раманюка. — Мінск: Дзяніс Раманюк, 2012. — 320 с.: іл. Цвёрдая вокладка.
Набыць кнігу можна па спасылцы.
«Беларусь. Маленькая кніга пра вялікую краіну»
У гэтай маленькай паводле фармату і ёмістай паводле зместу кнізе можна пабачыць ці не ўсё самае цікавае, што ёсць у Беларусі: замкі, бажніцы, разлогі палёў і люстры азёр, творы народнага мастацтва, вялікія гарады і ўтульныя мястэчкі, прыгожыя краявіды і людзей Беларусі.
Невялікі фармат выдання робіць яго цудоўным і зручным сувенірам. Кожны экзэмпляр кнігі ўкладзены ў футарал і адмысловы папяровы пакет, што падкрэслівае яе арыгінальнасць.
Тэкст і фота Дзяніса Раманюка. — Мінск: Дзяніс Раманюк, 2013. — 320 с.: іл. Цвёрдая вокладка.
Набыць кнігу можна па спасылцы.
Фотоальбом «Нечаканая Беларусь»
Фотаальбом з маляўнічымі відамі Беларусі, знятымі з вышыні птушынага палёту, на беларускай, рускай, нямецкай і англійскай мовах.
Унікальнасць фотаальбома «Нечаканая Беларусь» у тым, што ў адрозненне ад усіх іншых аналагічных выданняў ён дазваляе не проста ўбачыць прыгажосць нашай краіны, а атрымаць асалоду ад пейзажаў з вышыні птушынага палёту. Аўтару фотаальбома Сяргею Плыткевічу прыйшлося здзейсніць нямала палётаў над Беларуссю, каб у выніку адабраць больш за 200 лепшых здымкаў, якія ілюструюць прыгажосць роднага краю. У кнізе прадстаўлены фатаграфіі краявідаў і гарадоў, лясоў і рэк, турыстычных і запаведных куткоў Беларусі. Яны зняты з розных ракурсаў у розную пару года, і нават знаёмыя месцы здзівяць вас: настолькі прыгожымі і незвычайнымі яны паўстануць у «Нечаканай Беларусi».
Набыць кнігу можна па спасылцы.
«Мінскі Дзённік»
Кніга Юлі Цімафеевай «Мінскі Дзённік» апісвае падзеі ў Мінску напярэдадні, падчас і пасля выбараў 2020 года. Гэта асабістае сведчанне, у якім інтымныя штодзённыя моманты адной пісьменніцкай сям’і пераплятаюцца з калектыўным вопытам пратэсту.
«Юля апісала, што значыць жыць у Мінску ў гэты рэвалюцыйны, страшны, але і велічны час. Кніга стала дакументам эпохі,» — распавёў Альгерд Бахарэвіч падчас сустэчы з чытачамі ў Вільні.
Кніга выйшла на шведскай, нямецкай, нідэрландскай і літоўскай мовах, а скарочаныя версіі былі апублікаваныя на англійскай і нарвежскай мовах.
Беларускамоўная версія кнігі аздоблена здымкамі Мінска 2020 года, якія зрабіла сама ж аўтарка «Мінскага дзённіка».
Набыць кнігу на нямецкай, шведскай ці беларускай мове
Чытайце яшчэ:
«А хто мы такія?»: вядомыя беларусы расказваюць пра кнігі, якія варта пачытаць кожнаму з нас
Падборка эсэ Міхала Анемпадыстава