Ці даводзілася вам калі-небудзь слухаць музыку настолькі гучна, што суседзі знізу пачыналі нервавацца? Магчыма, вы хоць раз адчувалі сябе абсалютна самотным у чужой краіне? Ці можа, вы проста ўключалі кампазіцыю, якая нечакана выклікала ў вас безліч асацыяцый па невядомых прычынах? Калі хоць на адно з пытанняў вы адказалі «так», то сённяшняя падборка трэкаў у нашай рубрыцы «Гітара Мулявіна» прыйдзецца вам даспадобы!
Хутка скончыцца, напэўна, чорны ліст пра адзіноту
Гэта адзін з радкоў песні «Дзьмухаўцы» гурта ATESTA, але самі музыкі называюць яе не проста песняй, а песняй-гісторыяй, якая заснавана на рэальных падзеях, а ўсе супадзенні невыпадковыя.
Гурт з’явіўся ў Мінску ў 2018 і нарадзіўся з сямейнай калабарацыі таты і дачкі (Аляксандра Паўловіча і Ульяны Паўловіч). «Дзьмухаўцы» — гэта не проста рэфлексія, гэта вельмі асабістая гісторыя пра тое, як раптам у адзін момант губляюцца сувязі і звыклы лад жыцця. Падобных музычных кампазіцый з эмігранцкай тэматыкай апошнім часам мы чулі шмат, але адметнасць менавіта гэтай у тым, што пра свае пачуцці спявае не дарослы і сталы чалавек, а падлетак. Гэта ціхі, нікому не бачны боль, гэта пра моладзь з чулым сэрцам і душой, якая прымае новыя ўмовы і імкнецца захаваць сябе. І хоць музычная канструкцыя песні ўвасабляе сабой штосьці цёплае, бесклапотнае і нават вясёлае, тэкст і пранікнёны вакал Ульяны дадаюць мінорнасці і смутку.
Пасля праслухоўвання кампазіцыі міжволі задаешся пытаннем: «А колькі яшчэ падлеткаў зачапіла вымушаная эміграцыя, і што яны адчуваюць цяпер?»
Канфлікт пакаленняў і шлях поп-рэп зоркі
Новая песня мінскага артыста пад псеўданімам Liberum пачынаецца з невялічкага іранічнага ўступа, у якім мужчына канфліктуе з маладымі людзьмі з-за іх гучна ўключанай музыкі. Далей цягам амаль усёй песні, Ваня Liberum адказвае крытыкам і хейтэрам на іх таксічныя каментары, пакрысе раскрываючы інструментал і саму ідэю песні.
Спачатку падаецца, што гэта чарговы танцавальны хіт пад прамую бочку з немудрагелістымі сэнсамі, якія ляжаць на паверхні, аднак, калі даслухаць трэк да канца, складваецца ўражанне, што артыст наўмысна жанглюе жанрамі ў кампазіцыі, каб паказаць, што яго формула не проста куплет+прыпеў, а рост папулярнасці — не выпадковасць, а сукупнасць шматлікіх фактараў, у тым ліку і таленту.
Па-сапраўднаму забавіць засэмплены гітарны кавалак з культавага трэка гурта Nirvana і тэкставая адсылка на песню «Зима в сердце» ад Евы Польна.
Трэк «Popstar» пра маладосць, драйв, варушнякі і клубы, але такі стыль жыцця падыдзе далёка не кожнаму.
Ладдзя роспачы
Такую назву атрымаў новы трэк (трэці з цыклу «Адраджэнне») магілёўскага рок-гурта «Маці Ветру». У адным з выпускаў я ўжо звяртаў увагу на кампазіцыю «Патрэбны»і яе канцэпталагічна-музычную частку, і вось цяпер гурт выпускае песню «Ладдзя роспачы», якая ідэйна працягвае ўсе папярэднія, складаючы іх у адзіны пазл. Па накалу эмоцый і напружанасці вакальна-інструментальнай партыі гэтая песня атрымлася найбольш яркай, бо даводзіць усю гісторыю да лагічнага канца. Тэма вострасацыяльная, лейтматывам гучыць пытанне «Дзе мы, хто мы ёсць, хто нам Бог, хто суддзя?». Рок-балада заканчваецца надрывам і словамі «Ты плыві, ты плыві», а вось куды і навошта — пакінем за межамі мастацкай думкі.
Хатні Томпсан, budzma.org