Падляскія замалёўкі: вёска Карыціскі, дзе можна паглядзець галандскі вятрак

Улетку і ўвосень 2022 года фалькларыстка Алена Ляшкевіч вандравала па Падляшшы і дзеліцца з чытачамі «Будзьма!» экспедыцыйнымі нататкамі. Карыціскі — пункт must see для аматараў драўлянай архітэктуры: тут ёсць вятрак. Ён працаваў да 1970-х і знаходзіцца ў вельмі добрым стане, захаваўся яго ўнутраны механізм.


1_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_058.jpg

Карыціскі (па-польску Koryciska, ужываецца таксама форма Koryciski) знаходзіцца ў гміне Дубічы-Царкоўныя Гайнаўскага павета. Спачатку вёска звалася «Карыцішча». Назва паходзіць ад «карыта» — рэчышча ракі. Заснавана ў 1570 годзе.

2_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_055.jpg

Драўляная архітэктура тут не такая расфарбаваная і «казачная», як у Сацах і Трасцянцы.

3_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_031.jpg

Шмат старых хат захоўваюць натуральны колер дрэва, разьбяныя дэталі на іх — таксама.

4_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_050.jpg

Белым і зрэдку іншымі колерамі выдзяляюцца вокны.

5_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_017.jpg

Часам у старых хатах белым пафарбаваныя таксама дзверы .

6_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_045.jpg

Цікава, што некаторыя хаты ў Карыцісках стаяць да вуліцы шырокім фасадам, а іншыя — вузкім франтонам.

16_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_033.jpg17_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_034.jpg

Формы мураванай архітэктуры паўтараюць драўляную.

7_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_006.jpg

Акрамя атмасфернай вулічнай забудовы ў Карыцісках варта пабачыць вятрак. Ён знаходзіцца ў прыватнай уласнасці сям’і Івацікаў і стаіць у глыбіні іх падворку, але з вуліцы ёсць на яго ўказальнік, а таксама інфармацыйны шчыт.

Унутраны механізм млына захаваўся, але крылы, на жаль, пашкоджаныя: засталося толькі два з чатырох, і тыя былі прымацаваныя пасля рамонту, калі вятрак ужо не працаваў. Вось тут можна разгледзець на 360-градусных здымках начынне ветрака.

8_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_004.jpg

Гэта вятрак галандскага тыпу — да ветру паварочваўся толькі яго верхні ярус з крыламі, а ніжняя частка заставалася нерухомай, у адрозненне ад ветракоў-«казловак», якія паварочваліся ўсім корпусам. «Галандскія» ветракі сустракаліся на Падляссі значна радзей за «казлоўкі».

Праз сваю васьмігранную канструкцыю, памост (служыў для рамонту крылаў) і дадатковую прыбудоўку млын можа здавацца вонкава невялікім, але на самай справе яго вышыня — 12 метраў.

9_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_005.jpg

Будынак узвялі ў 1947–1948 гг. Гаспадар практычна ўсё зрабіў сам, быў тэхнічна адораным самавукам, адукацыі меў два класы. Для механізму ветрака прыстасаваў кавалкі падарваных танкаў. Яго бацька ў свой час таксама ўласнаруч зрабіў млын больш простай канструкцыі, «казлоўку». У міжваенны перыяд у Карыцісках дзейнічала нават два такія млыны.

Але вернемся да нашага «героя», ветрака галандскага тыпу. Спачатку яго механізм дзейнічаў як матор для розных гаспадарчых машын: сячкарні, малатарні, такарнага станку, дыскавай пілы, і толькі ў 1950 г. былі дададзены жорны для малоння збожжа. Млын працаваў да 1972 г., а ў 1979 г. атрымаў статус помніка архітэктуры. Цяперашні гаспадар Базыль Івацік сам яго рамантаваў.

Вятрак быў папулярным турыстычным аб’ектам, але праз каронавірус і крызіс на мяжы, калі частку Белавежскай пушчы закрывалі для наведвання, плынь вандроўнікаў моцна скарацілася.

10_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_049.jpg

Карыціскі знаходзяцца на турыстычным шляху «Дрэва і сакрум» (мы ўжо пісалі пра іншыя вёскі на ім: Сацы, Пухлы, Трасцянка). Шлях паўстаў у 2008 г. дзякуючы ініцыятыве «Зьвяз Беларускай Моладзі». Арганізацыя дзейнічае на Беласточчыне з 1991 г. і сваёй назвай нагадвае СБМ часоў Другой сусветнай вайны, але мае выключна культурна-асветніцкія мэты. Да ініцыятывы ў розны час далучаліся іншыя беларускія арганізацыі Падляшша. Стварэнне шляху «Дрэва і сакрум» падтрымаў урад Падляскага ваяводства. Цяпер, на жаль, сайт праекта не дзейнічае, а інфармацыйныя шчыты, усталяваныя ў пунктах шляху, губляюць колеры і відавочна патрабуюць абнаўлення.

11_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_037.jpg

На ўездзе ў вёску — мураваны і драўляны крыжы з просьбамі аб нябесным заступніцтве за жыхароў Карыціскаў, а побач з імі — помнік чырвонаармейцу, які загінуў у 1944 годзе. Надпісы на крыжах і помніку зроблены кірыліцай.

12_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_018.jpg

Пасярод вёскі — таксама крыжы з просьбай аб заступніцтве.

13_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_009.jpg

Шмат крыжоў на падворках.

14_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_028.jpg

На стэндзе каля святліцы (выконвае тыя ж функцыі, што ў беларускіх вёсках сельскі клуб) у кастрычніку яшчэ можна было пабачыць абвесткі пра летнія беларускія мерапрыемствы ў суседніх вёсках.

15_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_056.jpg

Агулам Карыціскі — месца вельмі атмасфернае, а для аматараў драўлянай архітэктуры — проста must see.

18_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_010.jpg

19_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_015.jpg

20_2022-10-24_2_Koryciski_A.Leshkevich_035.jpg

Алена Ляшкевіч, для budzma.org
Фота аўтаркі

Чытаць таксама: Падляскія замалёўкі: шляхам Кастуся Каліноўскага