У цэнтры вёскі з багатай гісторыяй Ізабелін у Ваўкавыскім раёне праводзяцца археалагічныя раскопкі. Цяпер ажыццяўляецца рэстаўрацыя архітэктурнага помніка XVIII стагоддзя — барочнай сінагогі. У будучым тут плануецца арганізаваць музейную экспазіцыю, паведамляе БЕЛТА.

Фота Інстытута гісторыі НАН Беларусі
У сувязі з рэстаўрацыяй вядзецца археалагічны нагляд за землянымі працамі. У выніку выяўлены каменны падмурак іншага будынка. Канструкцыі можна было б ідэнтыфікаваць як падмурак будынка, які быў так званай Кляйне Шуль — Малой сінагогай, якая ўваходзіла ў адзін комплекс сінагагальнага двара Ізабелін. Аднак драўляны будынак Малой сінагогі вядомы з ХІХ стагоддзя. Знойдзены ж падмурак датуецца другой паловай XVIII стагоддзя — аб гэтым сведчыць у тым ліку і нумізматычны матэрыял.
Выяўлены падмурак мае некалькі архітэктурных асаблівасцяў, сярод якіх асабліва цікавая — выкарыстанне у канструкцыі каменных жоранаў. Спецыялістаў таксама зацікавіла, што ў зоне ўваходу ў будынак падмурак пакрыты плоскім дахавым матэрыялам ХVІІ стагоддзя.
Акрамя таго, выяўлена аснова печы, за якой знаходзіцца развал кафлі XVII стагоддзя. Такім чынам, шэраг фактараў указвае на тое, што да стварэння сінагагальнага двара ў цэнтры Ізабеліна існаваў іншы будынак з багата дэкарыраванымі печамі.