Мінскае замчышча — месца, з якога вырас сучасны мегаполіс і якое хавае шмат таямніц. Ад недабудаванага храма, што не мае аналагаў ні на Русі, ні за яе межамі, да дзіўна захаванага пахавання «мінскай княжны» з касой і ўпрыгожаннямі, чые паходжанне і статус застаюцца неразгаданымі.
Адна з самых цікавых знаходак за ўвесь час археалагічнага вывучэння Мінска — выяўленне падмуркаў храма XII стагоддзя і выдатна захаванага пахавання «мінскай князёўны»
Пра гісторыю адкрыццяў, іх лёс і надзвычайнае значэнне для навукі расказаў археолаг Вадзім Кошман падчас лекцыі «Мінскае замчышча і храм пачатку XII стагоддзя» ў Мінскай ратушы, прымеркаванай да выхаду яго новай кнігі, напісанай разам з Алесем Кунашам. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».
Яшчэ з 1920—1930‑х гадоў ішла дыскусія, дзе ён паўстаў: на рацэ Менка ці ў месцы ўпадзення Нямігі ў Свіслач. Апошнія археалагічныя даследаванні паказваюць, што летапісны Мінск, згаданы ў сувязі з бітвай на Нямізе ў 1067 годзе, хутчэй адносіцца да гарадзішча на Менцы, бо там матэрыялы значна больш раннія.
Мінскае Замчышча на плане 1834 года. Скрыншот відэа
Аднак з канца XI стагоддзя, каля 1085 года, на тэрыторыі сучаснага Мінска ўзводзіцца магутная крэпасць. Яна перайшла да Глеба Менскага, і стала асновай развіцця горада. Замчышча развівалася да XVII–XVIII стагоддзяў, але ў віры гістарычных падзей знікла, і сёння ў цэнтры горада немагчыма адшукаць яго слядоў на паверхні.
Афіцыйны спіс помнікаў, абвешчаных дзяржаўнай уласнасцю БССР у жніўні 1926 года. Сярод іх згадваецца і Замкавая гара на Нямізе. Скрыншот відэа
У міжваенны час Мінскае замчышча нават не было лакалізаванае дакладна, але было ўзятае ў ліку першых пад ахову савецкай дзяржавай. У час вайны амаль ўся забудова была знішчана, 19 верасня 1945 года Васіль Тарасенка пачаў планамерныя даследаванні, якія цягнуліся да 1951-га.
Да першых раскопак Мінскага замчышча ў 1945–1951 гг. спачатку хацелі прыцягнуць нямецкіх ваеннапалонных, але ў выніку асноўную працу рабілі мясцовыя жанчыны і дзеці. Яны выносілі зямлю, чысцілі знаходкі і фактычна сталі галоўнай працоўнай сілай пад кіраўніцтвам археолагаў. Скрыншот відэа
Удзельнікі першых раскопак Мінскага замчышча. Скрыншот відэа
Удзельнікі першых раскопак Мінскага замчышча. Скрыншот відэа
Найбольш буйныя раскопкі ў 1957–1961 гадах правёў Эдуард Загарульскі, які шмат гадоў апрацоўваў матэрыял і прапанаваў сваю канцэпцыю паходжання Мінска.
Тарасенка пачаў даследаванні Мінскага замчышча ў 1945 годзе і спачатку заклаў траншэі ў верхняй кропцы мясцовасці, памылкова палічыўшы яе самім замчышчам. Аднак менавіта гэтая памылка прывяла яго да галоўнага адкрыцця — знаходкі абсіднай часткі мураванага храма.
Тэрыторыя Мінскага замчышча ў канцы 1940‑х гадоў і месца раскопак В. Р. Тарасенкі. Скрыншот відэа
Зводны план раскопак 1945–1951 гг. з контурамі фундаментаў храма і зонай з будаўнічымі матэрыяламі. Скрыншот відэа
У 1947 годзе археолаг натрапіў на апсідную частку недабудаванай мураванай пабудовы. Храм ляжаў на глыбіні каля пяці з паловай метраў, што сведчыла пра магутны культурны слой, які паспеў нарасці над ім.
Адкрыццё выклікала сапраўдны навуковы рэзананс, бо аналагаў гэтаму сакральнаму будынку не знайшлося ні ў Кіеве, ні ў Чарнігаве, ні ў іншых цэнтрах. Архітэктурныя асаблівасці і памеры былі абсалютна арыгінальнымі. Гэта паставіла перад даследчыкамі складанае пытанне: калі ж была ўзведзена мінская царква?
Фундаменты царквы на Мінскім замчышчы, 1951 год. Адна з галоўных дыскусій развярнулася вакол даты пачатку будаўніцтва: даследчыкі адносілі храм да розных перыядаў паміж канцом XI і сярэдзінай XII стагоддзя. Скрыншот відэа
На думку Тарасенкі, храм узводзіўся ў 1101–1119 гадах і быў непасрэдна звязаны з дзейнасцю князя Глеба Усяславіча. Загарульскі ж аднёс яго да больш ранняга часу — 1069–1073 гадоў, лічыў адным з першых збудаванняў на замчышчы і абапіраўся на летапіснае ўпамінанне Мінска ў 1067 годзе. Пазнейшыя даследчыкі, сярод якіх Алег Трусаў, таксама схіляліся да пачатку XII стагоддзя і зноў жа звязвалі святыню з імем Глеба. Сучасныя ж працы прапануюць больш асцярожную інтэрпрэтацыю: будаўніцтва магло пачацца пры Глебе Мінскім, але не выключана, што яго завялі ўжо яго нашчадкі Глебавічы ў першай палове XII стагоддзя.
Аднак сапраўднай навуковай праблемай, якая і сёння застаецца без адназначнага адказу, з’яўляецца архітэктура мінскага храма, які не мае дакладных аналагаў ні на Русі, ні ў Еўропе.
Асаблівасць мінскай царквы ў тым, што яна была ўзведзена не ў плінфавай традыцыі, уласцівай Кіеву, Чарнігаву ці Полацку, а цалкам з каменю.
Апсіда храма XII стагоддзя на Мінскім замчышчы ў час раскопак 1950 года. Скрыншот відэа
Прычым выкарыстоўваўся выключна шэры граніт, адбіраны з вялікай стараннасцю. На думку Кошмана, гэта сведчыць, што заказчык меў вытанчаны густ і імкнуўся стварыць нешта ўнікальнае, чаго не ведала ніводная іншая зямля. Відаць, для працы запрасілі арцель, якая не мела нічога агульнага з плінфавым дойлідствам.
Раскопкі на Мінскім замчышчы ў 1950 годзе. Скрыншот відэа
Спробы аднесці храм да раманскай архітэктуры таксама спрэчныя, бо час яе пабудовы апярэджвае з’яўленне першых раманскіх святыняў у Польшчы, адкуль мог прыйсці гэты стыль.
Спробы растлумачыць паходжанне храма праз «заходні след» і шлюбы з польскай знаццю аказаліся бесперспектыўнымі, бо такія сувязі мелі ўсе княжацкія роды таго часу.
Асноўнае пытанне ў гісторыкаў — чаму храм так і не быў завершаны. Археалагічныя дадзеныя сведчаць, што будаўніцтва спынілася яшчэ на пачатковай стадыі. Вакол храма захаваліся сляды будаўнічай пляцоўкі — запасы каменю, два творы для падрыхтоўкі вапны. Але ўсё гэта засталося закансервавана, недакранута. Сам храм быў завершаны толькі на «нулявым цыкле»: узведзены падмурак і прамазаны вапнавым растворам, каб паказаць заказчыку, як будзе выглядаць аб’ект. На гэтым будаўніцтва спынілася, і ніякіх прыкмет далейшай працы ці разбураных муроў не знойдзена. Нават камень не быў расцягнуты на гаспадарчыя патрэбы, што яшчэ раз сведчыць: працы так і не пачаліся ў поўным аб’ёме.
Асабліва паказальна, што апорныя слупы, неабходныя для ўзвядзення скляпення, не былі нават закладзены. На іх месцы археолагі выявілі пахаванні XII–XIII стагоддзяў, якія размяшчаліся проста па-над недабудаванымі канструкцыямі. Гэта сведчыць, што ўзводзіць сцены і скляпенні так і не пачалі. Знутры паспелі зрабіць толькі невялікую дэкаратыўную абліцоўку — напэўна, каб прадэманстраваць замоўцу будучы выгляд.
Фотаздымкі раскопак на Мінскім замчышчы ў 1950 годзе, калі былі выяўлены драўляныя труны, пахаваныя ўнутры недабудаванага храма. Скрыншот відэа
Адным з найцікавейшых адкрыццяў Мінскага замчышча сталі могілкі, што ўзніклі ўнутры недабудаванай мураванай царквы. Усяго археолагі выявілі больш за два дзясяткі пахаванняў, якія датуюцца XII–XIII стагоддзямі і існавалі да пачатку XIV ст., пакуль тэрыторыя не страціла сакральнага значэння і не была занята звычайнай забудовай.
З пачатку XIII стагоддзя Мінск трапляе ў сферу ўплыву літоўскіх князёў, а ў сярэдзіне стагоддзя ўключаецца ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Будаўнічыя планы змяніліся, і тэрыторыя, дзе раней бачылася княжацка-рэлігійная зона, была аддадзена пад звычайную забудову.
Матэрыялы да раскопак 1950 года двух драўляных трун на ўсход ад храма. Памерлыя былі абгорнутыя воўнай і накрытыя рагожай, мелі скураныя бранзалеты, паясы і абутак, што сведчыць пра асаблівы, магчыма, манаскі статус гэтых пахаванняў. Скрыншот відэа
Тарасенка адзначаў, што ўсяго было зафіксавана 21 пахаванне. Труны мелі адметную форму і былі размешчаныя на адным узроўні, што сведчыць: у XII–XIII стагоддзях існавала выразнае ўяўленне пра планіроўку могілак і месца кожнага пахавання.
У 1950‑я выявілія яшчэ два пахаванні на ўсход ад апсіды. Гэта былі дзве труны, пастаўленыя адна за адной і якія, хутчэй за ўсё, належалі манахам.
Працэс рэстаўрацыі пахавальнага покрыва, знойдзенага на Мінскім замчышчы. Работа вядзецца ў Музеі гісторыі горада Мінска рэстаўратаркай М. Жыткевіч. Скрыншот відэа
Целы манахаў былі загорнутыя ў тканіну і накрытыя рагожай, абутак і іншыя дэталі захаваліся вельмі добра. Тканіна з гэтых пахаванняў захоўваецца сёння ў Музеі гісторыі Мінска. Сярод знаходак адзначаюцца і скураныя манаскія паясы, так званыя параманы.
Новыя даследаванні старых матэрыялаў раскопак дазволілі выявіць, што Тарасенка наўмысна ці памылкова размясціў на планах пахаванні хлопчыка і дзяўчыны (№№ 1-2) ў паўднёвай апсідзе, хоць яны былі выяўлены ў паўночнай. Скрыншот відэа
Найбольш вядомымі сталі першыя пахаванні, адкрытыя ў апсідзе храма: хлопчыка і дзяўчыны. Асабліва ўражвае дзявочае, якое захавалася выключна добра і дало даследчыкам каштоўны матэрыял для высноў пра абрады і сацыяльны статус памерлай. Фрагменты фундамента царквы выявілі яшчэ ў 1947 годзе, а ў 1949‑м археолагі натрапілі на апсідную частку, дзе ў левай частцы алтара і былі знойдзены гэтыя дзве драўляныя труны.
Пахаванне № 2, у якім выявілі цела «мінскай князёўны» з добра захаваным уборам. Скрыншот відэа
Дзяўчынку прыкладна пятнаццаці-шаснаццаці гадоў Тарасенка назваў «мінскай князёўнай» і гэтая назва замацавалася ў навуковым ужытку. Даследчыкі мяркуюць, што яна магла паходзіць з асяроддзя вышэйшай знаці — аднак гэта пакуль немагчыма даказаць дакладна — і памерла ад запаленчага захворвання.
«Мінская князёўна» і выяўленыя часткі яе пахавальнага ўбору. Скрыншот відэа
Захаванасць пахавання была выключнай: археолагі зафіксавалі шкілет, косы з валасамі, рэшткі тканіны і скураных упрыгажэнняў, а таксама вянок са свежых калісьці кветак і скураныя чаравікі з арнаментам. Гэта дало магчымасць аднавіць цэлы комплекс пахавальнай культуры XII стагоддзя.
Асаблівую ўвагу прыцягнуў галаўны ўбор — вянок, які ў хрысціянскай традыцыі абавязкова клалі памерлым. Для дзяўчат, што памерлі да замужжа, такі вянок фактычна быў падвянечным уборам. Побач былі выяўлены і іншыя дэталі ўбору — ваўняны пояс з круглым колцам і скураное аплечча, якое Тарасенка назваў баярска-княжацкім атрыбутам. Прычоска дзяўчыны з уплеценым вянком уражвае складанасцю і мае прамыя аналогіі ў агульнаславянскай традыцыі.
Месца выяўлення пахаванняў «мінскай князёўны» і хлопчыка. Скрыншот відэа
Пахаванне выклікала вялікі навуковы і грамадскі рэзананс. Рэшткі былі перададзены ў Акадэмію навук і часткова закансерваваны, аднак ужо ў пачатку 1950‑х гадоў яны былі пакінутыя без увагі і доўгі час захоўваліся ў скрынях. Лёс усіх знаходак склаўся па-рознаму, частку з іх перадалі ў Музей гісторыі Мінска, дзе правялі рэстаўрацыю. Асабліва каштоўнымі лічацца фрагменты вянка і адзенне, якія пацвярджаюць не толькі сацыяльны статус памерлай, але і важныя асаблівасці пахавальных звычаяў таго часу.
З улікам рэшткаў раслін і пылка даследчыкі дапусцілі, што пахаванне адбылося ў канцы лета, а па археалагічным кантэксце яго можна аднесці да сярэдзіны або другой паловы XII стагоддзя.
Пахаванні ўнутры храма. Раскопкі 1950 года. Скрыншот відэа
Пахаванні ўнутры храма. Раскопкі 1950 года. Скрыншот відэа
Нават пасля заняпаду замчышча і ўрбанізацыі Мінска ў XVII–XVIII стст. тэрыторыя не была забытая. У культурных пластах гэтых часоў археолагі зноў знаходзілі пахаванні, што сведчыць: у народнай памяці месца захоўвалася як сакральнае, і нават у часы пажараў тут працягвалі хаваць людзей. Могілкі пры недабудаванай царкве сталі своеасаблівым мостам паміж рознымі эпохамі.
Раскопкі на Мінскім замчышчы ў 1950 годзе. Скрыншот відэа
Тарасенка ўсведамляў адказнасць за лёс зробленых адкрыццяў. Ужо ў 1945 годзе, падчас першых раскопак на Мінскім замчышчы, ён настойваў на неабходнасці захавання выяўленых драўляных канструкцый, фрагментаў вулічнай сеткі і каменных падмуркаў. Тарасенка прапаноўваў стварыць спецыяльны гістарычны музей, дзе гэтыя знаходкі маглі б быць захаваныя для навукі і грамадскасці.
Падмуркі храма на Мінскім замчышчы ў другой палове 1950‑х — пачатку 1960‑х гг. заставаліся адкрытымі, зарасталі травой і паступова разбураліся. Скрыншот відэа
У 1949 годзе, адразу пасля адкрыцця падмуркаў каменнай царквы, ён падрыхтаваў праект па захаванні гэтага ўнікальнага аб’екта. У ім ён падкрэсліваў значэнне адкрыцця для гісторыі Мінска, Беларусі і ўсяго старажытнарускага дойлідства, а таксама прама вызначаў задачы перад Акадэміяй навук — забяспечыць ахову, арганізаваць нагляд, паставіць агароджу і нават збудаваць ахоўны шатёр.
Праект павільёна над падмуркамі храма XII стагоддзя, распрацаваны ў 1957 годзе ў інстытуце «Мінгарпраект» пад кіраўніцтвам архітэктара Льва Пагарэлава. Павільён з двухсхільным дахам планаваўся як заглыбленая канструкцыя, якая паўтарала б контуры выяўленых падмуркаў і дазваляла наведвальнікам аглядаць іх з розных узроўняў. Скрыншот відэа
Пытанне стварэння накрыцця над фундаментамі паўставала неаднаразова. У 1957 годзе быў прапанаваны праект кампактнага павільёна памерам 16×18 метраў з агляднай пляцоўкай. Але да рэалізацыі ён не дайшоў. У канцы 1950‑х — пачатку 1960‑х гг. падмуркі стаялі адкрытымі, паступова зарасталі травой і разбураліся, у той час як вакол ішла актыўная забудова. На камянях нават складалі будаўнічыя блокі, што сімвалічна падкрэслівала безабароннасць помніка.
Праект павільёна-музея, распрацаваны ў 1966 годзе для падмуркаў храма XII стагоддзя ў інстытуце «Мінскпраект» пад кіраўніцтвам архітэктара Аксаны Ткачук. Будынак меркавалася зрабіць двухузроўневым, з арыгінальным фасадам, упрыгожаным вертыкальнымі лініямі і стылізаванымі чалавечымі фігурамі, што павінны былі ажывіць строгую геаметрыю павільёна. Скрыншот відэа
Асабліва адметным стаў праект 1966 года, распрацаваны напярэдадні 900-годзя Мінска. Ён выглядаў футурыстычна: планавалася збудаваць вялікі бетонны комплекс з дэкаратыўнымі фасадамі, на якіх былі намаляваныя «танцуючыя чалавечкі» — матывы, падобныя да петрогліфаў. Унутры павінны былі быць закансерваваныя як падмуркі царквы, так і рэшткі драўлянай забудовы. Праект меў падтрымку дзяржаўных і партыйных органаў, аднак яго ажыццяўленне ўскладнялася адсутнасцю адладжаных метадаў кансервацыі драўніны і каменю.
Праект павільёна-музея, распрацаваны ў 1966 годзе для падмуркаў храма XII стагоддзя. Скрыншот відэа
Да гэтага дадавалася і ідэалагічная перашкода: у часы, калі па ўсёй краіне знішчаліся храмы і касцёлы, цяжка было чакаць, што ўлады дазволяць будаваць спецыяльны павільён для аховы рэлігійнага помніка.
У выніку знайшлі самае простае кампраміснае рашэнне: за 30 метрах на поўнач ад сапраўдных падмуркаў стварылі муляж з каменю. Ён існуе і сёння, хоць праз яго і прараслі дрэвы, але ён ўсё яшчэ дае ўяўленне пра маштаб і планіроўку таго сакральнага аб’екта, што некалі пачаў будавацца на замчышчы.
Часам гучалі прапановы ўзвесці замкавую царкву нанова, у поўным маштабе. Аднак, як падкрэсліваюць даследчыкі, гэта метадалагічна памылкова: аднаўленне таго, што так і не было завершана, фактычна азначала б фантазіі пра чужую задуму. Куды больш слушна, на думку навукоўца, стварыць мадэль, якая дасць уяўленне пра тое, як святыня магла выглядаць.