23 чэрвеня 2015 года адбылася сустрэча паэтэс Веры Буланда і Валянціны Восіпавай з выхаванцамі СШ №1, №2 і ліцэя будаўнікоў горада Бяроза Брэсцкай вобласці.
Спадарыні Вера і Валянціна ў 2005 годзе былі разам прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. У вершах паэтэс чытаем філасофскія разважанні пра сэнс жыцця, адносіны да роднага краю, да бацькоў, да культуры.
Дзе, калі дапусцілі прамашку,
Неахайную, ў брудных галёшах?
Запусцілі ў вітальню пошласць.
Паказала адразу натуру,
Нацкавала без лішняй цяжкасці
Ўсёдазволенасць на культуру…
Дастае бруд з Пандорынай скрыні
І паскудзіць мараль і святыні.
Гэтыя радкі Валянціны Восіпавай перакладзены самою з яе рускай паэзіі. Валянціна распавяла, як паступова яна прыйшла да творчасці, як цікавы паварот лёсу не астудзіў яе цягі да слова. Некалі насуперак дзіцячай мары пра літаратурную дзейнасць выбрала тэхнічную спецыяльнасць. Вучні з цікавасцю слухалі вершы спадарыні Валянціны пра Асоль, бацьку, пра Каханне.
Вера Буланда таксама распавяла пра сябе, бацькоў, прачытала вершы пра родны край, што ў Барысаўскім раёне, вершы, прысвечаныя бацькам, радні, землякам, некалькі вершаў з інтымнай лірыкі.
Усім вучням і студэнтам ліцэя будаўнікоў спадабалася віктарына “Гавары па-беларуску”, а таксама загадкі Веры Буланда пра жывёл, якія жывуць у беларускіх лясах, або запаведніках, да прыкладу:
Незвычайна добры, мілы,
Вы не злуйце – будзе люб –
Запаведнікаў асілак –
Гэта слаўны, мудры?…
(Зубр)
Ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” пераможцы конкурсу “Гавары па-беларуску” атрымалі паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, торбачкі, кнігі Сары Лундберг, часопісы “Дзеяслоў”.