У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 12 жніўня ў актавай зале вайсковай часткі № 97063 у рамках Года культуры прайшла творчая сустрэча берасцейскіх паэтак Раісы Раманчук, Валянціны Осіпавай і Галіны Ліс з ваеннаслужачымі Бярозаўскага гарнізона. Паэтычная імпрэза адбылася па ласкаваму запрашэнню бібліятэкара Цімошык Святланы Валянцінаўны, якая ўдзяляе вялікую ўвагу культурнаму развіццю і пашырэнню інтэлектуальнага кругазору ваеннаслужачых. Спачатку для гасцей была арганізавана экскурсія да храма- помніка ў імя архістраціга Міхаіла, пабудаванага ў памяць загінуўшых у Афганістане воінах. У якасці экскурсавода выступіў інструктар па арганізацыйна- масавай працы, вядомы бярозаўскі краязнаўца Няпарка Валерый Аляксандравіч. Ён вельмі цікава распавёў пра гісторыю будаўніцтва адзінага ў Беларусі “афганскага” храму, у якім знаходзіцца ікона свяшчэннамучаніка Сергія Флорынскага, які палкавым святаром прайшоў Русска-Японскую вайну разам з воінамі 151-га пяхотнага Пяцігорскага палка і лічыцца нябесным ахоўнікам горада Бярозы. Паэтак таксама вельмі ўразіла часоўня, якую некалькі гадоў назад асвяцілі для ваеннаслужачых у корпусе вайсковай часткі. Не меньшае ўражанне атрымалі госці і ад вайсковай бібліятэкі, традыцыйным і інавацыйным метадам працы з чытачамі якой можна пазайздросціць. Адразу бачна, што тут працуюць людзі, улюбёныя ў свой горад, у сваю працу. У Бярозаўскім гарнізоне рэгулярна праходзяць тэматычныя сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, з воінамі- інтэрнацыяналістамі, з творчымі асобамі. Часта арганізуюцца кніжныя выставы, прэм’еры кнігі, праводзяцца патрыятычныя урокі мужнасці, часы духоўнасці і міласэрднасці, разнастайныя конкурсы, наведванне гістарычных музеяў, спартыўных матчаў, галярэі мастацтваў і іншыя цікавыя мерапрыемствы. Такая актыўная культурная дзейнасць дапамагае вайскоўцам, многія з якіх знаходзяцца далёка ад роднага дому, ад сваіх блізкіх, лягчэй пераносіць воінскую службу.
Паэтычная імпрэза, на якой прысутнічала больш за 120 слухачоў, прайшла на высокай хвалі. Першай падзялілася сваёй творчасцю баранавічская паэтка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Раіса Раманчук, якая на цудоўнай беларускай мове зачытала свае вершы, у якіх выказала сваю любоў да роднага краю, да роднай мовы. Галіна Ліс, вядомая баранавічская паэтка- бард, пазнаёміла слухачоў са сваімі патрыятычнымі і лірычнымі вершамі. Паэтка Валянціна Восіпава, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, прадоўжыла ў сваіх вершах ўзнятыя тэмы, а таксама падзялілася ўспамінамі аб тым, як сама некалі праходзіла службу ў Бярозаўскім гарнізоне. Пад час сустрэчы ўдзялялася вялікая ўвага такому важнаму аспекту, як патрыятычнае выхаванне моладзі. Асаблівае ўражанне ў слухачоў выклікала песня пра Перамогу на словы і музыку Галіны Ліс ва ўласным выкананні. Вайскоўцы з вялікай цікавасцю слухалі вершы і песні берасцейскіх паэтак, прыймалі актыўны ўдзел у віктарынах. На памяць аб сустрэчы бібліятэка вайсковай часткі атрымала ад гасцей кнігі з аўтографамі, часопісы і пачтоўкі на роднай мове ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.