26 кастрычніка споўнілася б 56 гадоў беларускаму паэту Анатолю Сысу. Напярэдадні гэтай даты на яго малую радзіму прыехалі пісьменнікі і чытачы з Мінска, Гомеля, Веткі, Рагачова, Рэчыцы, Светлагорска. Месцы сустрэчы — Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці, вёскі Гарошкаў і Заспа.
Сцэна ў Заспінскім доме культуры
Традыцыйныя паэтычныя чытанні, прысвечаныя Анатолю Сысу, праводзяцца ўжо дзясяты год пры актыўным удзеле ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да магілы Анатоля і яго бацькоў, працягнуліся вечарынай у Заспінскім доме культуры і наведваннем хаты, дзе нарадзіўся і вырас Анатоль Сыс.
«Як па зорах, па расе твой апошні шлях праляжа…»
Ускладанне кветак да магілы Анатоля Сыса
Старшыня ГА “СБП” Барыс Пятровіч і першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч
Празаік Андрэй Федарэнка з кветкамі для калегі і блізкага сябра Анатоля Сыса
Помнік Анатолю Сысу аўтарства скульптара Генадзя Лойкі
Ускладанне кветак. На пярэднім плане: Уладзімір Сіўчыкаў, Аляксандр Памідораў
Аляксандра Дварэцкая і Наста Кудасава
Выступае з прамовай Барыс Пятровіч
Журботныя галасы нашых продкаў — старажытная дуда і Яўген Барышнікаў
«Знайшлі на дне паціра слова…»
Паэтычны вечар у гонар Анатоля Сыса
Старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прывітаў удзельнікаў вечарыны і адзначыў, што дзякуючы мясцовым уладам пакладзеная добрая традыцыя – праводзіць чытанні не на падворку хаты Анатоля Сыса, а ў доме культуры.
Б. Пятровіч: “Кожны раз, калі мы прыязджаем да Анатоля, прывозім нешта новае. Сёлета мы хочам паведаміць пра электроннае выданне яго вершаў, якое цяпер рыхтуецца. Яно будзе даступнае на нашым сайце і спрасціць шлях чытача да паэзіі Анатоля. Мы былі знаёмыя з Анатолем Сысом з 1984 года, калі я пасля журфаку БДУ прыехаў працаваць у Гомель, а Анатоль якраз скончыў Гомельскі ўніверсітэт. Мы збіраліся ў інтэрнаце і абмяркоўвалі беларускую літаратуру, усё, зваязанае з Беларуссю. Пазней гэта стала “Талакой”.
Анатоль быў не толькі паэтам, але і прыкметным грамадскім дзеячам. Ён – сярод заснавальнікаў “Тутэйшых”, арганізатар паэтычных чытанняў каля помніка Янку Купалу і мітынга на “Дзяды”. Апошні раз мы ўбачыліся ўвосень 2004 года: калі ездзілі ў Гомель знаёміць чытачоў з новым тады часопісам “Дзеяслоў”, заехалі на зваротным шляху да Анатоля. Ён надзвычайна ўзрадаваўся нашаму прыезду і потым вельмі доўга не адпускаў нас, а ўрэшце лёг перад коламі аўтамабіля, каб мы не з’язджалі.
Усе мы ведаем лёс рускіх паэтаў – Лермантава, Ясеніна, Высоцкага, ведаем, што душа паэта можа быць вельмі супярэчлівай. Але, паверце, рэчыцкая зямля яшчэ не нараджала такіх талентаў, такіх, не пабаюся гэтага слова, геніяў. Рана ці позна з’явяцца і паўнаварты музей паэта, і на дзяржаўным узроўні будзе адзначацца дзень народзінаў Анатоля Сыса. Пакуль жа варта штогод прыязджаць і рабіць, што можна: чытаць вершы Анатоля, спяваць песні на ягоныя словы, успамінаць яго”.
Уверсе, злева направа: Усевалад Сцебурака, Міхась Скобла; унізе: Іван Штэйнер, Аляксандр Памідораў
Пасля Барыса Пятровіча на сцэну выйшаў Міхась Скобла, укладальнік аднатомніка Анатоля Сыса “Лён”: “Як хутка змяняецца аблічча зямлі, аднак дзякуй скульптару Геніку Лойку, які зрабіў помнік Анатолю Сысу з такога трывалага каменю, што прастаіць ён тысячу гадоў і будзе збіраць вакол сябе прыхільнікаў паэзіі”. Міхась Скобла прачытаў паэтычны дыпціх памяці Анатоля Сыса.
З Гомеля завітаў на паэтычныя чытанні літаратуразнаўца, прафесар і загадчык кафедры ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны Іван Штэйнер. Ён адзначыў, што асоба паэта з Гарошкава ўжо дзесяць гадоў міфалагізуецца, а навукоўцы мусяць збіраць гэтыя факты і гісторыі пра Сыса, каб пасля выйшла адпаведная кніга. Са свайго боку ён распавёў гісторыю пра Сыса-студэнта, які ў ноч перад абаронай упершыню з’явіўся з дыпломнай працай да навуковага кіраўніка: “Бачу, у вас каляровы тэлевізар стаіць, то мы тады з сябрам футбол паглядзім, пакуль вы будзеце чытаць”. Іван Фёдаравіч распавёў пра літаратурны музей, які месціцца на кафедры беларускай літаратуры ГДУ, дзе адзначана творчасць выпускнікоў і дзе асобнае месца адведзена кнігам і здымкам Анатоля Сыса.
З Мінска на радзіму паэта ўпершыню прыехаў ягоны знаёмы, музыка Аляксандр Памідораў, які праспяваў некалькі ўласных песень, а таксама на вершы Анатоля Сыса. Ён прыгадаў, што пры канцы 1980-х – на пачатку 1990-х шмат хто з беларускіх музыкаў звяртаўся да Анатоля Сыса, але не толькі каб пакласці ягоныя вершы на музыку, але і дзеля моўнай адукацыі: “Анатоль вяртаў забытыя беларускія словы, якія пасля натуральным чынам уваходзілі і ў песні, і нават у назвы гуртоў”. А пасля смерці Сыса ягоныя сябры-музыкі і літаратары зладзілі адмысловы канцэрт, дзе былі сабраныя грошы на помнік Анатолю Сысу.
Таксама ўпершыню ў Гарошкаве былі паэты Наста Кудасава і Віталь Рыжкоў. Яны прачыталі некалькі сваіх вершаў, якія былі надзвычайна цёпла прынятыя публікай.
Празаік Андрэй Федарэнка, які шмат гадоў сябраваў з Анатолем Сысом, а ў 2005 годзе і праводзіў яго ў апошні шлях, успомніў надзвычайны магнетызм паэта. “Гэты гіпноз адчуваў кожны, хто ведаў Сыса. Ужо напрыканцы 1980-х я быў настолькі ўражаны ягонай асобай, што вырашыў напісаць раман, дзе сваё месца заняў бы і Анатоль. Ішлі гады, раман і ягоны герой змяняліся. Урэшце “Рэвізія” была скончаная – незадоўга да смерці Сыса. На пачатку было шмат пярэчанняў з ягонага боку, але пасля публікацыі ён пытаўся ў Нінэль Шчаснай: “Андруша раман пра мяне напісаў. Ну, як ён там мяне вывеў? – “Цудоўна!” – “Ну, хай…”.
Уверсе, злева направа: Наста Кудасава, Алесь Наварыч; унізе: Андрэй Федарэнка, Віталь Рыжкоў
А. Федарэнка: “Першай кнігай Сыса быў “Агмень”. Вершы настолькі ўсіх уразілі, што гэта стала сапраўднай падзеяй. Кнігу разрывалі рок-гурты, каб напісаць песні на словы Сыса. А я прысвяціў яму верш і назваў яго “Аўтару “Агменя”. Верш Анатолю вельмі спадабаўся:
Вершы жывыя, што струны: спяваюць, і клічуць, і журацца,
Хвалямі коцяцца рытмы празрыстых нязмушаных гамаў,
Кніга твая – выспа Шчырасці ў моры бяздушлівых хамаў,
Душы скалелыя да агмяню твайго туляцца.
Мулкая лямка твая – як вол, тузаеш,
Цягнучы воз немалы – куды большы за іншыя,
А шкадаванне, спагада, падзяка табе будуць “лішнія”,
Як толькі (хай Бог не даець!) ты знядужаеш.
Ды ўжо ўпрэгся – цягні, не губляй адно сілы ды шчырасці,
Шчасця ужо не шукай сабе лепшага, йначага:
Даць нейкі ход, зварухнуць твань балота стаячага
Дадзена толькі Паэту вялікай і Божае міласці.
Алесь Наварыч распавёў пра свае шматлікія сустрэчы з паэтам, пра ягоны эксцэнтрычны характар і прыхільнасці:
“Упершыню мы сустрэліся з ім на паседжанні “Тутэйшых” у 1987 годзе. Я прадставіўся і Сыс доўга-доўга глядзеў на мяне і пасля сказаў прысутным адно слова: “Наш”. Пазней я спытаў у яго: “Чаго ты так глядзеў і што там убачыў?”. – “Я глядзеў на твой антрапалагічны тып”. Пазней ён мог прыйсці з нейкім цыркулем і сказаць: “Зараз мы будзем мераць чарапы і глядзець, ці сапраўдныя мы арыйцы”. Анатоль ведаў цану сваёй прыгажосці. Ён густоўна апранаўся, любіў вышываныя беларускія кашулі, як да святыні ставіўся да бел-чырвона-белага сцягу. Калі ён прыходзіў да мяне ў госці, адразу казаў: “Дзе сцяг?” – “Які сцяг?” – “Бел-чырвона-белы”. Пазней я спецыяльна перад ягоным прыходам пачаў вывешваць на шафу наш сцяг. Аднойчы мы сядзелі на кухні, а там вісела барэльефная прыгожая карта Польшчы. Анатоль глядзеў на яе доўга, а потым узняўся і разарваў яе на дробныя кавалачкі. Ён патлумачыў гэта тым, што служыў у Польшчы якраз у часы, калі былі хваляванні “Салідарнасці”. І вымушаны быў па трывозе станавіцца ў шыхт і ісці на акцыі запалохвання мітынгоўцаў. Да месца яны ніколі не даходзілі, але так адбывалася некалькі разоў, і яму ўелася гэтая Польшча вельмі моцна. Ён, беларускі патрыёт, не мог трываць гэтага вайсковага запрыгоньвання салдат супраць палякаў. Вісела ў пакоі ў мяне і вялікая карта Еўропы. Ён таксама казаў: “Як было б добра, каб за ўсходняй мяжой Беларусі пачынаўся Ціхі акіян”.
Уверсе: Андрэй Мельнікаў; унізе: Яўген Барышнікаў, Ларыса Раманава
Уверсе: Сяржук Сыс; унізе: Уладзімір Сіўчыкаў, Анатоль Бароўскі
Выступалі на чытаннях і іншыя літаратары з Мінска. Уладзімір Сіўчыкаў падараваў бібліятэцы дома культуры сваю кнігу “Уладзевы гісторыі”, дзе колькі старонак прысвечана і Анатолю Сысу, а таксама колькі выданняў з серыі “Мая беларуская кніга”. Зямляк паэта і цёзка Сяргей Сыс прачытаў шэраг вершаў, некаторыя з іх былі прысвечаны Анатолю Сысу. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СБП Анатоль Бароўскі сказаў прачулыя словы пра паэта, назваўшы яго “Страцім-Лебедзем” і ўспомніўшы колішнія Сысовы словы: “Хлопцы, а я сёння зноў лётаў у сне”.
Адметнымі сталі музычныя выступы Яўгена Барышнікава і Андрэя Мельнікава. Апошні абвясціў кнігу “Пан Лес” псалтыром беларускай паэзіі і паведаміў, што напісаў да кожнага верша кнігі багаслоўскі каментарый.
Сёстры Анатоля Сыса — Тамара Ціханаўна (злева) і Валянціна Ціханаўна (справа)
Свята завершылі сваякі і блізкія Анатоля Сыса – сёстры Валянціна Ціханаўна і Тамара Ціханаўна, а таксама Ларыса Раманава. Яны запрасілі ўсіх прысутных наведаць пасля вечарыны родную хату паэта ў Гарошкаве, дзе ў пакоі Сыса быў арганізаваны невялікі музей: фотаздымкі, кнігі, творыя выяўленчага мастацтва. Паўсюль гучала імя Анатоля Сыса. Перад ад’ездам з Гарошкава – так, як раней сам паэт – перад аўтобусам раскінулася вясёлка. Свята адбылося.
«А гнёзды берагуць цяпло…»
У хаце ў Анатоля Сыса
Родная хата Анатоля Сыса
Паэтычныя чытанні, прысвечаныя Анатолю Сысу, ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.