19 студзеня паэтычна-спеўны дуэт у складзе Таццяны Грыневіч-Матафонавай і Міхася Скоблы выступіў у Наваградку – у СШ №2 і Гандлёва-эканамічным каледжы.
Абедзве сустрэчы прайшлі на эмацыйным уздыме – госці былі ўражаныя гістарычнымі ведамі і актыўнасцю вучняў, а вучні – творчасцю і харызматычнымі здольнасцямі гасцей са сталіцы.
Беручы пад увагу тое, што Наваградак у свой час быў першай сталіцай старабеларускай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, выступоўцы прапанавалі слухачам найперш творы на гістарычную тэматыку. Ад М. Скоблы юныя наваградчане пачулі вершы “Давыд Гарадзенскі”, “Адам Міцкевіч у Кракаве”, “Тры імгненні Свіцязі”, “Нёман нябесны” ды інш.
У выкананні Т. Грыневіч-Матафонавай прагучалі песні на вершы Л. Геніюш, Ул. Караткевіча, Г. Бураўкіна, С. Сокалава-Воюша. Вучні з вялікім зацікаўленнем адказвалі на пытанні, бралі ўдзел у бліц-конкурсах, пераможцы якіх атрымалі памятныя падарункі. І ў СШ №2, і ў каледжы засталіся на памяць таксама дыскі з беларускімі песнямі, якія настаўнікі паабяцалі выкарыстоўваць на пазаўрочных мерапрыемствах.
Пасля выступаў для сталічных гасцей была зладжаная экскурсія на заснежанае Наваградскае замчышча. Непадалёк ад яго адбыўся яшчэ адзін імправізаваны выступ – і Адам Міцкевіч, якому даў вечную наваградскую прапіску скульптар Валяр’ян Янушкевіч, пачуў сваіх знакамітых “Трох Будрысаў” у новым перакладзе на беларускую мову.
На зваротным шляху выступоўцаў чакалі прыгоды – у лесе пад Наваградкам іх аўто раптоўна саслізгнула з дарогі і апынулася ў сумёце, выбрацца з якога без грунтоўнай дапамогі было немагчыма. Паэт і спявачка ўжо зрыхтаваліся да працяглага выпрабавання марозам ды пачалі збіраць ламачча для вогнішча. Але замерзнуць яны не паспелі – неўзабаве з суседняй вёскі пад’ехаў на трактары выратоўца і, выцягнуўшы заснежанае аўто на асфальт, мудра падсумаваў: “Беларус” беларусу заўжды павінен дапамагаць!”.