20 лістапада 2013 года ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у сярэдняй школе №3 і ў гімназіі горада Дзятлава адбыліся паэтычныя імпрэзы, прэмеркаваныя да тыдня беларускай мовы і літаратуры.
У сустрэчах з вучнямі і гімназістамі бралі ўдзел паэт Уладзімір Мароз і бард Аляксей Нежавец. У.Мароз прадставіў сваю кнігу лірыкі “Шляхцянка восень”, чытаў новыя вершы. Правёў невялікую гістарычную віктарыну, прысвечаную гісторыі і культуры Беларусі, зрабіўшы акцэнт на памятнай даце – 150-годдзю паўстання Кастуся Каліноўскага. Прачытаў свой верш “Шыбельная гара”, які змешчаны ў нядаўна выдадзенай кнізе Язэпа Янушкевіча “Тварам да шыбеніцы” (Кастусь Каліноўскі і Паўстанне 1863-1864 гадоў у беларускай і летувіскай паэзіі. Анталогія).
Шыбельная гара
Шыбельная гара – мясціна па дарозе
з Івацэвічаў у Косава. Знікла недзе ў 50-х гадах
мінулага стагоддзя – цяпер тут калгасныя
палеткі. Засталася толькі ў народных паданнях.
Патрапляеш гары, дый угору
Узбіраешся сцежкай лясной.
Неспазнанасць сасновага бору
Таямніцаю перад табой.
Невысокія горнія сосны,
Пакручастасць разлеглых галін.
Часу повязь нябачныя кросны
Рупна ткуць праз імгненнасць хвілін.
Да мінулых часоў у адведкі
Гэта повязь цябе прывядзе
І запіша ў маўклівыя сведкі
Скутку злога ў святой барацьбе.
Каліноўскага воі-паўстанцы
Тут караныя горлам былі.
З соснаў шыбельні – рады старацца!
Вось вам воля на вашай зямлі!..
Памяць светла ўзыйшла абразамі –
Храмам смутку паўстала гара.
Не забудзем вас, мы разам з вамі,
Беларусі надыдзе пара.
Абразкі потым з дрэвам зрасліся,
Ледзь відаць у шурпатай кары.
Дух свабоды гартуецца ў высях,
Стануць зноў у шыхты змагары.
Для таго ад мінуўшчыны позвы,
Толькі чуйна настройвай свой слых.
Зацьвярдзелыя смолы як слёзы –
Плача маці па дзецях сваіх.
Вучні, якія адказвалі на пастаўленыя пытанні, атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. А.Нежавец выконваў свае песні на словы беларускіх паэтаў Яўгеніі Янішчыц, Генадзя Бураўкіна, Алеся Пісьмянкова, Навума Гальпяровіча, Анатоля Зэкава.