• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
26.11.2017 | Асоба

Пагоня на капэртах і хабарнікі, якія чакаюць Пуціна

«Цікавы феномен: шмат хто з вязняў чакае, што прыйдзе Пуцін і выпусціць. Маўляў, у Расіі больш лагоднае заканадаўства, і калі Беларусь стане яе часткай, дык ім усім свеціць свабода. І ў «Амерыканцы», і на «Валадарцы» такое чуў — на поўным сур’ёзе чакаюць, спадзяюцца», — распавядае Цімур Пашкевіч.

Цімур Пашкевіч разам з сынам на тле ''рапсавых'' краявідаў

Цімур Пашкевіч разам з сынам на тле ”рапсавых” краявідаў

Чарговы герой матэрыялу з серыі партрэтаў фігурантаў «Справы патрыётаў» — Цімур Пашкевіч, інжынер-будаўнік, бацька двух сыноў, аматар айкідо і знавец свайго радаводу.

Цімур Пашкевіч у свой час паступіў у БПІ, а скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці інжынер-будаўнік. Гэтую спецыяльнасць і пранёс праз усё жыццё. Нашчадак засцянковай шляхты з-пад Слуцку, цікаўны да роднай гісторыі, сем’янін і гаспадар, усмешлівы і лаканічны ў адказах — такі партрэт складаецца пасля знаёмства.

Чаму Калінінград Цімур упарта называе Каралеўцам? Адкуль цікавасць да айкідо і японскай філасофіі? Як гэта — глядзець у закратаванае неба і вылічваць, якім рэйсам самалёта жонка гэтым часам ляціць у Парыж? Гэтыя ды іншыя цікавосткі ў нашым матэрыяле.

 Цімур Пашкевіч — аматар падарожжаў

Цімур Пашкевіч — аматар падарожжаў

«Праз імя каўказцы лічаць за свайго»

— Цімур — чаму вас так назвалі? Савецкая мода на творчасць Гайдара?..

— Калі я нарадзіўся — бацькавым кумірам быў Фрунзэ. Ён чытаў, як той, седзячы ў камеры смяротнікаў, вывучаў англійскую мову, натхніўся. Калі надыходзіў час мне з’яўляцца на свет, бацька сказаў: «У Фрунзэ быў сын Цімур, у мяне таксама будзе». То бок Гайдар ды «Цімур і ягоная каманда» не пры чым. Людзі блытаюцца ў нас часам: Амур, Арцём, ледзьве не Мухтар (смяецца). Пры гэтым, імя лёгка запамінаюць людзі з Каўказу і Поўдня: як толькі даведаюцца, дык распытваюць, ці не іхны зямляк — не вераць, што беларус.

З Фрунзэ атрымаўся цікавы збег абставінаў: усё жыцця я жыву ў Мінску, у Фрунзенскім раёне. Зараз, дарэчы, Следчы камітэт, які займаецца нашай справай, таксама знаходзіцца на вуліцы Фрунзэ… Вось так: жыццё перапоўненае сімваламі.

Цімур Пашкевіч

Цімур Пашкевіч

— А як вы сталі інжынерам?

— Мой бацька — таксама інжынер, служыў у інжынерных войсках калісьці. А мне падабалася ягоная праца, сам любіў нешта разлічваць, прымаць рашэнні згодна з разлікам і г.д. Так і пайшло па жыцці. Маці, дарэчы, таксама інжынер.

Яе бацька, мой дзед, быў афіцэрам, меў 4 баявыя ордэны. Ён камандаваў батарэяй у знішчальным супрацьтанкавым палку. Як тады казалі: «Гармата доўгая, а жыццё кароткае…» Гарматы ў засадзе палявалі на танкі. Ваяваў пад Сталінградам, на Ізюм-Барвенкоўскім плацдарме, Дняпры. Беларусь пачаў вызваляць з ракі Проня, потым — Бабруйск, Мінск, далей праз Беласток ішоў у Прусію. У Польшчы ён з батарэяй тры дні стрымліваў танкавы прарыў праціўніка, за што атрымаў Ордэн Аляксандра Неўскага, якім узнагароджвалі толькі афіцэраў за выбітныя заслугі ў арганізацыі і кіраўніцтве баявымі аперацыямі.

У Прусіі дзед атрымаў раненне, страціў нагу. Таму 9 мая 1945 года ён сядзеў на ложку ў шпіталі і плакаў, пакуль іншыя святкавалі. Яму было 22 гады, бачыў у жыцці толькі школу і вайну, марыў працягваць службу кадравага афіцэра… А тут — такое. У 1946 годзе ён з сям’ёй прыехаў жыць ва Усходнюю Прусію, ваколіцы Каралеўца. Ён, дарэчы, і казаў мне, што трэба абіраць вайсковую спецыяльнасць, што будзе патрэбная ў грамадзянскім жыцці: хімік, аўтамабіліст ці інжынер.

Цімур Пашкевіч — аматар падарожжаў

Цімур Пашкевіч — аматар падарожжаў

— Вы прынцыпова кажаце «Каралевец», а не Калінінград ці Кёнігсберг?

— Мясцовая моладзь там кажа «Кёніг», не Калінінград. А для мяне, дык калі абіраць між бальшавіцкай назвай і нямецкай, то лепш згадаць старабеларускі аналаг — Каралевец. Так гэты горад называлі нашы продкі за часамі ВКЛ і пазней, дык чаму не? Сваякам там казаў пра гэта, маўляў, славянская назва ёсць, але яны неяк не ўспрынялі (смяецца).

Шмат часу ў дзяцінстве я правеў ва Усходняй Прусіі — Калінінградскай вобласці. Падарожжы туды былі заўсёды на цягніку, а чыгуначны вакзал пачынаўся з паху вугалю. Дзед з бабуляй жылі ў нямецкім доме, у іх стаяў кацёл, было шмат вугалю ў падвале. Таму з маленства пах вугальнага дыму звязаны ў мяне з радзімай мамы.

У памяці засталіся вастракутныя стрэхі, крытыя чырвонай дахоўкай, брукаванка на пляцах і вулачках, прыгожыя дамкі з мансардамі за сятчатымі платамі. Таму я з жалем паглядаю на нашы будынкі з тупакутнымі ламанымі дахамі і глухія платы, зробленыя з профільных лістоў вышынёй 2 метры — як на рынку ў Ждановічах. Вельмі люблю тыя мясціны, адтуль, магчыма і цікавасць да гісторыі.

Цімур Пашкевіч пасля выхаду са зняволення

Цімур Пашкевіч пасля выхаду са зняволення

Рыцар Радван і паштоўка ад Ніны Багінскай

— А беларускія гістарычныя мясціны любіце наведваць?

— Канешне, у мяне два сыны, дык мы і ў Міры, і ў Нясвіжы, і ў Брэсце былі, не кажучы пра розныя музеі ды драбнейшыя мястэчкі. Гэта ўсё наша гісторыя. Мая бабуля паходзіць з Семежава, каля Вызны — гэта колішні Слуцкі павет, мясціны паўстанцаў. Дзед са шляхецкага засценку Пятніца. Хата засталася, хоць там ужо і іншыя людзі жывуць, вельмі хачу туды з’ездзіць!

Я там апошні раз быў у 1991 годзе. Уявіце сабе, там былі земляныя падлогі — утрамбаваныя, гладзенькія, але земляныя! Вось так у нас засцянковая шляхта жыла. Планіроўка таго засценку дзіўная: сажалка па цэнтры, а вакол хаты — авал прыкладна метраў 100 на 300. Гісторыкі казалі мне, што ў такіх засценках маглі сяліць шляхту, якая не змагла давесці свае дваранскія правы.

— Шляхецкія карані шукалі па архівах?

— Сур’ёзна яшчэ не займаўся, але планую. Прозвішча «Пашкевіч» належыць да гербу Радван. Выглядае герб як харугва з крыжамі. Ёсць легенда пра ваяра Радвана, падраздзяленне якога падчас бітвы згубіла сцяг. Дык Радван паскакаў да бліжэйшай царквы, узяў там харугву — і з ёй вярнуўся на поле бою. Ворагі ўбачылі новы штандар і палічылі, што ідзе падмога, ды кінуліся на ўцёкі. Так Радван атрымаў рыцарства — шляхецтва па-нашаму.

Герб "Радван" на капэрце з СІЗА

Герб “Радван” на капэрце з СІЗА

Гэты герб я нават маляваў на паштоўках, якія дасылаў з СІЗА дадому. З малюнкамі яшчэ адна гісторыя: я вельмі прасіў, каб мне даслалі выяву Пагоні, каб можна было перамаляваць. Ніяк Пагоня не даходзіла, бо забіралі, вымалі лісты… І вось прыйшла паштоўка ад спн. Ніны Багінскай з наклеенай старой маленькай марачкай з Пагоняй пачатку 1990-х. З яе я пасля і намаляваў сваю «турэмную Пагоню». Я калі сыходзіў, пакінуў паштоўку аднакамерніку — каб меў пры сабе нацыянальны герб.

Маркі, якія Ніна Багінская даслала пілітвязням на паштоўках

Маркі, якія Ніна Багінская даслала пілітвязням на паштоўках

Скарыстаць сілу ворага, каб перамагчы

— Здаецца, вы займаліся айкідо?

— Некалі займаўся, так. Зараз ужо шмат гадоў збіраюся працягваць (смяецца). То часу няма, то грошай. Мне вельмі падабаецца японская культура, філасофія. А спачатку было шмат што незразумела: чаму людзі на калені становяцца ў зале? Чаму кланяюцца? Але гэта іерархія, свае правілы. Айкідо некалі стварыў чалавек, што займаўся трэніроўкамі японскага спецназу. Гэта стыль, дзе няма прыёмаў нападу, адно абарона. Ты карыстаешся сілай суперніка, які нападае, каб яго ж перамагчы.

На айкідо-форуме

На айкідо-форуме

— На жыццё такая філасофія распаўсюджваецца?

— Ёсць такое. Часам лепш зрабіць паўкрокі ўбок і даць ворагу праляцець паўз цябе, чым стаяць на месцы і «бадацца». У маладосці яшчэ займаўся самба, дзюдо. З-за праблемаў са спінай не пайшоў служыць у войска, але заўжды стараўся сачыць за сваёй формай.

На айкідо-форуме

На айкідо-форуме

«У вязніцы згадваў бабулю, якая сядзела пры немцах»

— Наколькі нечаканым для вас быў арышт увесну?

— Цалкам нечаканым. Нешта чытаў пра 2010 год, пра «Амерыканку» (СІЗА КДБ. — рэд.), глядзеў у інтэрнэце яе выявы… Так бывае ў мяне ў жыцці — цікаўлюся нечым, шукаю інфармацыю, а праз нейкі час яно само да мяне прыходзіць. Сёлета ж 25 сакавіка я меўся да цесця ехаць на фазэнду ў вёску. Ён кажа: «Прыязджай, возьмем бензапілу, сад да ладу давядзем». Паехалі, чаму не? То бок я не збіраўся нікуды, ні на які мітынг.

Увечары 21 сакавіка яшчэ хацеў машыну на эстакаду загнаць. Прывёз дадому сына, павячэраў, кавы выпіў, пераапрануўся, узяў адмысловыя інструменты, спускаюся, заводжу, каб са двара выязджаць… А выезд ужо заблакаваны нейкім джыпам. Тут ужо бягуць, рукамі махаюць, дзверы адчыняюць… «Вы чаго?» Мяне з машыны выкідаюць, гляджу, нехта ўжо залазіць у маё аўто, глушыць рухавік. Так было.

Цімур Пашкевіч пасля выхаду са зняволення

Цімур Пашкевіч пасля выхаду са зняволення

— Зараз кажуць, маўляў, справа дабягае канца, і вынік мае быць да канца восені. Не хвалюецеся?

— Ад мяне нічога не залежыць: сонца села — сонца ўстала. Жыву, як і жыў. Працую. Сяброў частка не тэлефануе…

— То бок абрубілі кантакт?

— Так, частка знікла наўпрост. Яны не тэлефануюць, я таксама. Такое жыццё. Гэта ж не новае ўсё, узгадайце 1937 год… Частка людзей насамрэч шчыра лічыць, што калі арыштавалі, — значыць, ёсць за што. Іншыя ж, наадварот, шукалі кантакты родных, каб нечым дапамагчы, пацікавіцца, што ды як.

Дарэчы, адзіны чалавек у маёй сям’і, які сядзеў у вязні, — гэта мая бабуля. У час вайны яна працавала ў аптэцы і забяспечвала партызанаў медыкаментамі. Па падазрэнні ў сувязях з падполлем яе арыштавалі, трымалі ў вязні ў Слуцку і за 2 месяцы да вызвалення Беларусі вывезлі ў лагер у Сілезіі. Там яна будавала шахты. Вобраз бабулі, якую схапілі фашысты, падтрымліваў мяне ў вязнях ужо ХХІ стагоддзя.

Гаспадар на сваёй зямлі

Гаспадар на сваёй зямлі

— Цікавая гістарычная паралель…

— Так… А яшчэ ў СІЗА на Валадарскага я чытаў «Новую зямлю» Коласа. Фактычна адчыніў наноў для сябе гэты твор. Прачытаў, дарэчы, калі даведаўся, што дзядзька Якуб пачаў пісаць яе ў тым самым Пішчалаўскім замку, які пабудавалі рускія цары, а наша адміністрацыя ўжо давяла да аварыйнага стану… Калі чытаў, то заўсёды ўяўляў майго цесця Юльяныча: ён амаль з тых жа мясцінаў, што і Колас. Ды і сам вельмі падобны на герояў «Новая зямлі»:

А дзядзька — о, ён акуратны!

Работнік дзядзька наш выдатны:

Ва ўсім парадак і лад любіць

І часу дАрма ён не губіць!..

«З прагулачнага дворыку выглядаў самалёт на Парыж»

— Ці паўплывала гісторыя са «Справай патрыётаў» неяк на вашу свядомасць, планы?

— Для мяне ўсё гэта, хутчэй, як «пераступіў і пайшоў далей». Смешна, калі нехта кажа з боку: «Воооо! Дык зараз табе за мяжу можна ехаць! Гэта ж палітыка!» Зняволеныя, з якімі сядзеў, напрыклад, сітуацыю адно ў гэтым ключы бачылі: разумелі, што палітыка, але выснова адна — дарога на Захад адчыненая. Дарэчы, цікавы феномен: шмат хто з вязняў чакае, што прыйдзе Пуцін і выпусціць.

— Як так выпусціць?..

— Маўляў, у Расіі больш лагоднае заканадаўства, і калі Беларусь стане нейкім чынам яе часткай, дык ім усім свеціць свабода. І ў «Амерыканцы», і на «Валадарцы» такое чуў — на поўным сур’ёзе чакаюць, спадзяюцца. Яны кажуць, што ў РФ, да прыкладу, няма мінімальнага тэрміну адносна крымінальных злачынстваў: ёсць верхняя планка, але ніжняя не вызначаная жорстка, як у нас: 3–5–8 гадоў, разумееце? То бок старт ад нуля фактычна. Гэта і хабарнікаў тычыцца, і эканамічных злачынцаў. Што казаць, калі і вертухаі таксама чакаюць, што пры РФ ім заробкі падымуць?..

Разам з сынам у старым музеі ВАВ, Мінск

Разам з сынам у старым музеі ВАВ, Мінск

— Што плануеце далей?

— Калі здымуць падпіску, абавязкова хачу куды-небудзь з’ездзіць у падарожжа ўсёй сям’ёй. Цікава, што 29 сакавіка сёлета жонка мелася ў Парыж ляцець, а мяне зачынілі. Я лічыў, што ёй варта ляцець, нават самалёты выглядаў падчас ранішніх прагулак у СІЗА: неба, хоць і закратаванае, але бачна было. Са мной чалавек сядзеў з Нацбанку, дык ён казаў, што раз на квартал лятаў раней у Парыж, таму вось гэты менавіта рэйс (паказваў пальцам у неба) акурат і мае быць — на 10.40, здаецца. Я глядзеў і думаў: «Вось, жонка паляцела…». Але, як апынулася пасля, яна ад той паездкі адмовілася.

Хочацца ў загарадным доме рамонт дарабіць, лазню збудаваць, бо без лазні сяброў запрашаць неяк несалідна (смяецца). Ехаць не хочуць! Таму, планаў багата.

Алесь Кіркевіч, Новы Час

Глядзіце таксама:

Іван Кавальчук: «Мару пра аднаўленне Мядзельскага замку»

Румянцаў: «Патрыётам Беларусі мяне зрабіў бацька-расеец»

Алесь Зімніцкі: «Героем быць нескладана»

Віктар Данілаў: «Трэба, каб служыць у войску было крута!»

Андрэй Дундукоў: «Методыку бою падказваюць гены»

Міраслаў Лазоўскі: «А цяпер хацелася б паўдзельнічаць у выпраўленні дэмаграфічнай сітуацыі!»

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча

«Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падзяліўся навіной у сацсетках вядомы беларускі паэт Андрэй...

valiancina_shauchenka
Літаратура

«Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч

У Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла Надзея Артымовіч. Яе называлі паэткай...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага

Напрыканцы верасня беларускі музыка Андрусь Такінданг прэзентаваў кліп на сваю новую песню «Шэры камень». Гэты твор...

valiancina_shauchenka
Культура

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных

На працягу чатырох дзён, з 6 па 9 кастрычніка, у Варшаве адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гэта...

Апошнія навіны

    Літаратура
    «На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча
    Літаратура
    «Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч
    Музыка
    «Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага
    Культура
    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных
    Культура
    «Чаму вы выйшлі з дому?» Хадановіч разважае пра паэзію пратэсту і салідарнасці
    Гісторыя
    Голда Мэір: «У мамы была звычка заяўляць, што ў Мілуокі ўсё горш, чым у Пінску»
    Грамадства
    У пошуках літвінізму. У Сейме Літвы абмеркавалі уплыў літвінізму на адносіны паміж беларусамі і літоўцамі
    Культура
    «Берлінскі сшытак»: загадкавы спеўнік бабулі Кацярыны Ваданосавай
    Грамадства
    Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР
    Мастацтва
    «Ніці супраціўлення»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі
    64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету
    Кіно
    Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася
    Музыка
    Наста Хмель: Робім Беларусь у выгнанні, каб не знікнуць у чужым краі
    Забавы
    Гульня: Знайдзі аднолькавыя вокладкі
    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда

Афіша

  • 04.10

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі

  • 04.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 04.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 04.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 04.10 — 08.10Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве
  • 04.10 — 17.11Выстава Руфіны Базловай у Чыкага
  • 04.10ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі
  • 05.10 — 09.11LAZARET. Персанальная выстава Цемры ў Празе

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага
    • «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип