Эпідэмічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, і многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. Таму «Будзьма» працягвае адмысловы гайд па палацах. Гэтым разам — другая частка пра палацы Брэсцкай вобласці.
Палац Сапегаў
фота holiday.by
Ружаны. Пэўны час мястэчка належала роду Тышкевічаў, а потым — Бруханскім. У 1598 годзе Ружаны выкупіў Леў Сапега і зрабіў тут сваю рэзідэнцыю. Тут Сапега склаў Статут ВКЛ, захоўвалася казна ВКЛ і розныя багатыя калекцыі. Паводле адной з легенд, менавіта адсюль у паход на Маскву пайшоў Ілжэдзмітрый. У ружанскім палацы Сапегі прымалі самых значных асобаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у прыватнасці каралёў Жыгімонта I Старога і Уладзіслава IV.
Некалі адзін з найбуйнейшых і найпрыгажэйшых на тэрыторыі краіны, палац у Ружанах быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі саксонскім архітэктарам Янам Самуэлем Бекерам па загадзе Сапегаў на месцы старога палаца. Менавіта ў новым палацы канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега прымаў караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Праз два гады пасля гэтага палац быў перароблены ў суконную фабрыку. Палац пашкодзілі шматлікія войны, а падчас Другой сусветнай вайны ён быў цалкам разбураны. З 2008 года пачаліся археалагічныя раскопкі і рэстаўрацыя. Сёння у адрэстаўраваным флігелі працуе музей.
Палац Віславухаў
Фота Radzima.org
Пярковічы. Палац у вёсцы Пярковічы быў пабудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя па ініцыятыве Зянона Віславуха — мечніка берасцейскага, віцэмаршалка ВКЛ, дырэктара берасцейскіх соймікаў, дэпутата чатырохгадовага сойма Рэчы Паспалітай. Род Віславухаў валодаў палацам да Другой сусветнай вайны. За савецкімі часамі тут месціліся школа-інтэрнат і санаторна-лясная школа.
Палац Бохвіцаў
Фота з Вікіпедыі
Паўлінава. Будаўніцтва палаца пачалося ў 1906 годзе па загадзе Яна Бохвіца — удзельніка паўстання 1863–1864 гадоў і сына вядомага пісьменніка Фларыяна Бохвіца. Але сам комплекс уключае і старэйшыя пабудовы: гаспадарчыя, флігель, млын. Цікава, што Бохвіц даў яму назву Паўлінава ў гонар сваёй маці. Адметна, што Паўлінава у год заканчэння будаўніцтва палаца наведвала знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. За савецкімі часамі тут размяшчаўся вайсковы шпіталь.
Палац Нямцэвічаў

Фота з Вікіпедыі
Скокі. Будаўніцтва надзвычай прыгожага палаца пачалося ў вёсцы Скокі ў XVIII стагоддзі па ініцыятыве Марцэля Нямцэвіча і было канчаткова завершанае праз два дзясяткі гадоў ягоным сынам Юльянам — адным з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, паплечнікам і сакратаром Тадэвуша Касцюшкі падчас паўстання 1794 года, удзельнікам Часовага ўрада падчас паўстання 1830–1831 гадоў. У розныя часы палац наведвалі вышэйзгаданы Тадэвуша Касцюшка, Адам Міцкевіч, Напалеон Орда, расійскі імператар Аляксандр III і прынц Баварскі Леапольд (тут знаходзілася ягоная штаб-кватэра падчас вайны).
Адметна, што падчас падпісання Брэсцкага міру менавіта тут вяліся перамовы дэлегацый савецкай Расіі і Германіі. На сёння палац адрэстаўраваны, і ў ім працуе гісторыка-мемарыяльны музей «Сядзіба Нямцэвічаў».
Палац Патоцкіх
Фота з Вікіпедыі
Высокае. Палац Патоцкіх у стылі класіцызму быў пабудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя на месцы старажытнага палаца Сапегаў па ініцыятыве Пелагеі Патоцкай. Але на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу дагэтуль захаваліся рэшкі брамы і сцяны старога палаца (XVII стагоддзя). Апошнім уладальнікам палаца — з 1919 да 1939 — быў Якуб Патоцкі, які ў 1934 годзе напісаў запавет і свой маёнтак коштам 1 млн злотых перадаў на стварэнне фонду па барацьбе з ракам і сухотамі. За савецкімі часамі тут месціліся жылыя дамы, школа і інтэрнат.
Палац Радзівілаў
Фота з Вікіпедыі
Паланечка. Некалькі стагоддзяў — з XVII да сярэдзіны ХХ — маёнткам валодаў род Радзівілаў, а да гэтага — Гальшанскія (жонка князя Вітаўта), Глябовічы і Рудаміны-Дусяцкія. У маёнтку Радзівілаў бывалі вядомыя госці, сярод якіх, напрыклад, Фанвізін і Сыракомля. Акрамя таго, тут кароткі час працавала рэдакцыя часопіса “Народ і час” і знаходзіліся атрады паўстанцаў 1863–1864 гадоў. Апошнімі ўладальнікамі, да 1939 года, былі Уладзіслаў Радзівіл і Ганна Марыя Чартарыйская. Пасля Другой сусветнай вайны ў палацы дзейнічала школа. Адметна, што да нашага часу ў вёсцы Паланечка захаваўся касцёл, у якім хрысцілі Ігната Дамейку.
Чытацйе таксама: Палацы Брэсцкай вобласці
Кірыл Стаселька, budzma.by