7 верасня 1885 года нарадзілася адна з пачынальніцаў, натхняльніцаў беларускага фемінісцкага руху, палітычная дзяячка і лідарка эсэраў Палута Бадунова. Кабета, якая мала і не заўсёды ўдала пісала, але затое якая трапна гаварыла і шмат рабіла дзеля незалежнасці Беларусі і жаночай прысутнасці ў палітыцы, піша «Новы Час».
Забыццё гэтай адважнай і часта няшчаснай кабеты за савецкім часам і ігнараванне цяпер у незалежнай афіцыйнай Беларусі толькі больш інтрыгуюць і прыцягваюць увагу да яе сучасных беларусаў, асабліва беларусак, якія з 2020 года падхапілі пратэставую эстафету дэмакратызацыі і эмансіпацыі нацыі і кабетаў у прыватнасці.
Насамрэч, пратэсты кабетаў на беларускіх землях вядомыя з 19 стагоддзя, калі жанчыны выходзілі ў чорным супраць царызму, а таксама пазней, калі, напрыклад, у эпоху стварэння БНР і БССР Палута Бадунова пратэставала супраць акупацыі краіны, падпольна пераходзіла межы, шматкроць арыштоўвалася, удзельнічала ў міжнародных палітычных і партыйных канферэнцыях, пратэставала і заклікала да ўзброеннага змагання за незалежнасць.
Вычыны Палуты Бадуновай, расстралянай у Мінску ў злашчасным 1938 годзе, нібыта былі забытыя назаўжды, а яе змаргіналізаваная і абсмяяная постаць знікла ў небыцці. Дарэчы, не толькі савецкая гістарыяграфія выкрэсліла яе, скептычна і з насмешкамі да яе часта ставіліся беларускія прадэмакратычныя сілы як у мінулым, так і цяпер: забывалася яе геройства, высмейваліся яе ўзрост, няшчаснае каханне, не вельмі ўдалая беларуская мова, лявацтва. Лёс першых часцяком складаны і цярністы, тым больш, калі першай з’яўляецца жанчына.
Аднак з небыцця часта вяртаюцца імёны — і не толькі дзякуючы захаваным рукапісам, але і амаль легендарным дзеям, вычынам. Вядома, што Палута Бадунова пакінула і некаторыя рукапісы, выдадзеныя зусім нядаўна ў Вільні, і легендарную памяць пра свае грамадскія і дыпламатычныя вычыны. Так, у мастацкай літаратуры — у п’есе «Тутэйшыя» Янкі Купалы — паўстае вобраз цёткі Палуты на белай кабыле, а ў віленскай беларускамоўнай прэсе часта ўзгадваюцца прыезды і арышты Палуты Бадуновай. Такім парадкам, у памяці закадаваўся пэўны рэвалюцыйны, эмансіпацыйны і пратэставы вобраз беларускай палітыкіні.
Зрэшты, малавядомая і зніклая ў архівах публіцыстыка і мастацкія тэксты цёткі Палуты актуальныя да сёння. Як настаўніца, яна адной з першых у артыкулах («Нет врагов», 1917 год) закранула праблему беларусафобіі саміх беларусаў, у прыватнасці мясцовага настаўніцтва, выхаванага ў антыбеларускім духу і ў нянавісці ці з пачуццём сораму да роднай мовы. Да гэтай жа тэмы звярнулася дзяячка і ў апавяданні «Сьмяюцца над сабой» (1923 год). За сто год роўным лікам нічога не змянілася: савецка-расійскі ўплыў, традыцыя і адукацыя ў сучаснай Беларусі працягваюць рыхтаваць для беларускай школы расійскацэнтрычных настаўнікаў-касмпалітаў, якія захапляюцца расійскай літаратурай і не ведаюць і ганяць уласную літаратуру і мову.
Да ўсяго цяпер як ніколі раскрылася важная сімвалічная роля рэпрэсаванай дзяячкі — беларускі заўсёды змагаліся і пратэставалі, сваімі дзеяннямі выратоўвалі сем’і, нацыю, не баяліся, не хаваліся і не варылі баршчы. Постаць Палуты Бадуновай, якая пацярпела ад польскіх і савецкіх уладаў толькі праз тое, што была беларускай незалежніцай і актыўнай жанчынай, натуральна ўпісваецца ў гісторыю пратэстаў беларусак, у тым ліку сучасных пратэстаў жанчынаў у белым.
Няма сумневу, Палута Бадунова з’яўляецца мастком паміж легендарнай і крыху падзабытай Камілай Марцінкевіч і не менш легендарнымі сучаснымі Марыяй Калеснікавай, Нінай Багінскай ды іншымі не менш бясстрашнымі пратэстоўкамі. А таму дзень нараджэння Палуты Бадуновай — гэта не проста чарговае адзначэнне дня нараджэння слыннай беларускі, а важная пратэставая дата, свята, дзень памяці не адной кабеты, а ўсіх беларусак, якія пратэставалі і пратэстуюць супраць гвалту, несправядлівасці і хлусні.
Уладзіслаў Гарбацкі, «Новы Час»