Вядомы беларускі актор і тэлевядучы Юрый Жыгамонт правёў творчую сустрэчу ў Шклоўскім раённым гістарычна-краязнаўчым музеі 7 жніўня.
Сустрэча адбывалася ў межах штомесячнага літаратурнага салону “Палёт душы”, які быў створаны па ініцыятыве мясцовай паэткі Інэсы Якаўлевай.
З гэтай нагоды сабралася інтэлігенцыя ў складзе 25 чалавек.
Юрась Жыгамонт прэзентаваў новы фільм з цыклу праграм “Падарожжа дылетанта” пра вёску Дымава Шклоўскага раёну.
Шклоўская публіка вылучылася бізнэс-жылкай. Адно з пытанняў гучала так: “А калі Вашыя праграмы можна будзе пабачыць на дысках, купляць і распаўсюджваць?”
На гэтае пытанне Юрась адказаў, што ўсе правы належаць кампаніі СТВ, і як толькі яна прыме такое рашэнне, то адразу.
Творчая сустрэча прайшла вельмі цёпла і сардэчна. Пры канцы каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ігар Лялькоў прэзентаваў шклоўскаму музею падарункі: торбачкі і плакаты BUDZMA.
Сустрэча з Юрасём Жыгамонтам прайшла дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”