У беларускім народным календары важнае месца займаюць традыцыі ўшанавання продкаў. Бадай на кожнае цыклічнае свята прыпадае свой памінальны дзень. Звычайна ён называецца Дзяды: Масленічныя, Троіцкія, Змітраўскія... Таксама продкаў ушаноўваюць на Радаўніцу. У некаторых рэгіёнах ідуць на могілкі на Вялікдзень. Між тым даследчыкі кажуць пра сур'ёзныя змены ў беларускай памінальнай традыцыі. Публікуем вынікі даследавання па тэме свята памерлых, якое прадстаўлена навукоўцам Сямёнам Гутновым (імя зменена ў мэтах бяспекі).
Радаўніца
Даследчык заўважае, што Радаўніца можа падацца вельмі зразумелай і распрацаванай тэмай унутры беларускай этналогіі. Гэта свята вывучаюць даўно, пра памінальныя практыкі беларусаў сведчанні сустракаюцца ад XVI стагоддзя. У працах больш сістэмных, напрыклад, у "Апісанні Крычаўскага графства…" Андрэя Меера 1786 года ужо ёсць апісанне таго, як качаюць чырвонае яйка вакол магілы. Ёсць класічны корпус уяўленняў пра Радаўніцу ў розных рэгіёнах і ў розных дэталях, які складваецца ў другой палове XIX — першай палове XX стагоддзя.
Можна сказаць, што па нейкіх фармальных прыкметах Радаўніца даследаваная і апісаная не так і дрэнна. Але, як зазначае даследчык, гэта не зусім так, і гэтае свята памерлых патрабуе большай увагі.
Радаўніца і палітыка традыцыі
У Расійскай імперыі многія этнографы ці этнографы-аматары былі ў тым ліку і праваслаўнымі святарамі. Праваслаўная царква прэтэндавала на нарматыўнасць і выключэнне са святкавання Радаўніцы розных паганскіх элементаў, як гэта называлася.
У Савецкім Саюзе з Радаўніцай адбывалася зусім іншая гісторыя. Улада спадзявалася, што грамадства атрымаецца пазбавіць рэлігіі. Вось цытата з працы «Новыя звычаі ў наш быт» 1960 года: «Многія сем'і дагэтуль адзначаюць так званую Радаўніцу, якая па сваім паходжанні не мае амаль нічога агульнага з рэлігіяй. Царква імкнулася скарыстаць гэты народны звычай, і на могілках там звычайна з'яўляўся поп, паскораным тэмпам ён праводзіў памінанне нябожчыкаў, усюды выпіваў чарку, а то і дзве. Цяпер Радаўніца адзначаецца без якіх бы там ні было царкоўных рытуалаў, у некаторых мясцовасцях такое памінанне памерлых адбываецца на Сёмуху, блізкія і сваякі ідуць на могілкі, яны прыносяць з сабой вянкі, кветкі саджаюць, дрэвы, наладжваюць пачастунак».
Знічкі, запаленыя на Радаўніцу
«Тут мы бачым жаданне раздзяліць рэлігійнае і народнае і пакінуць народны элемент са знакам плюс, але пазбавіць свята рэлігійнага складніка. Сітуацыя не такая, як з Вялікаднем, які цалкам мусіў быць скасаваны з народнага жыцця. Радаўніца была на мяжы», — зазначае навуковец.
У Рэспубліцы Беларусь зноў актывізуюцца «прэтэнзіі праваслаўнай царквы на ўніфікацыю традыцыі, на тое, як трэба святкаваць Радаўніцу». Адначасова ёсць уплыў уяўленняў пра архаічнасць і аўтэнтычнасць традыцыі.
«Карацей кажучы, Радаўніца — гэта не проста свята, якое спакойна існуе, да яго ёсць справа ўвесь час камусьці. Тым, хто хоча ажыццявіць, рэалізаваць сваю ўладу ўнутры палітыкі традыцыі», — кажа даследчык.
Каляндарнае суседства Радаўніцы з 9 Мая, Днём Перамогі, «утварае пэўнае напружанне, у свяце Дзявятага мая таксама ёсць гэты істотны складнік памінання памерлых».
У познесавецкі перыяд у БССР беларускія этнолагі пісалі пра неабходнасць раздзяліць 8 мая і 9 мая як праект, пакінуўшы 9 мая Дню Перамогі, а 8 мая зрабіць памінальным днём. Вось, напрыклад, цытата з выдання 1976 года, прысвечанага савецкаму сямейнаму абраду: «Грамадскасцю БССР прадпрымаюцца ўдалыя спробы ўзамен аджываючай Радуніцы наладжваць дні памяці. Праводзяцца яны ўжо некалькі гадоў напярэдадні Дня Перамогі, але, на жаль, пакуль не ў адзін, а ў розныя дні. Адзінага дня памяці ў Беларусі, як і ў краіне ў цэлым, пакуль што няма, а вельмі шкада. У Польскай Народнай Рэспубліцы, напрыклад, ужо ўведзены адзіны ўсенародны дзень памінання — 1 лістапада».
«Вельмі падобна на тое, што ў здаровай сітуацыі, не будзь аж такой моцнай эксплуатацыі тэмы Дня Перамогі ў сэнсе сучаснай палітыкі памяці ў Беларусі, гэтыя практыкі маглі рухацца ў такі бок», - лічыць даследчык.
Радаўніца і восеньскія Дзяды
Вось цытата з Чэслава Мілаша, са зборніка эсэ «Прыдарожны сабачка»: «Адраджэнне рэлігійнасці ў Польшчы павінна пачацца з найвялікшага польскага свята. Гэта не Каляды, не Вялікдзень, а Дзень памінання памерлых, паганскае свята стасункаў з памерлымі».
Акрамя Радаўніцы ў пачатку 90-х гадоў днём памяці ў Беларусі на афіцыйным узроўні былі прынятыя Дзяды.
Дзяды, на думку даследчыка, ствараюць вельмі цікавую семантычную апазіцыю Радаўніцы.
Дзяды вельмі хутка і вельмі моцна палітызаваліся. Як адбывалася гэтая палітызацыя — гістарычна асобная тэма. Але ў сэнсе семантычным можна сказаць, што гэта: а) заходняя, б) каталіцкая традыцыя.
Ушанаванне продкаў на Дзяды
«”Дзяды” Адама Міцкевіча – адкрыццё сябе ўнутры гісторыі не толькі Вялікага княства, але і Рэчы Паспалітай, гэта такі даволі моцны заходні складнік нашай культуры. Ён знайшоў сябе ў тым ліку ў праяве святкаванні Дзядоў, якія сталі важным інструментам кансалідацыі грамадства ўнутры нацыянальных рухаў, – адзначае даследчык. – Дзяды значным чынам мабілізавалі грамадства на палітычных акцыях, дэманстрацыях і г. д. І гэты працэс адбіўся на лёсе Дзядоў. Бо фактычна гэта свята чым далей, тым болей станавілася ўсё больш палітычным, а значыць, непажаданым, непатрэбным дзяржаве, высоўваючы, наадварот, Радаўніцу на пярэдні план. Дзяды ў нейкім сэнсе як праект з 90-х гадоў паступова занепадалі, і можа быць, у тым ліку за кошт гэтага Радаўніца набывала свой сімвалічны патэнцыял, як адзінае дзяржаўнае свята памерлых, Дзень памерлых».
Каляндарна вельмі блізка да Дзядоў стаіць «Ноч расстраляных паэтаў», адзначэнне якой сёння ёсць ясным палітычным выказваннем і мае напаўлегальны ці нелегальны статус, гэтаксама, як і святкаванне Дзядоў.
Могілкі ў Гродне на Дзяды
Радаўніца сёння не проста існуе, яна існуе ў балансе з праектамі восеньскіх памінальных дзён, якія на дзяржаўным узроўні атрымліваюць паразу, але захоўваюць гэты важны патэнцыял для будучага развіцця беларускага нацыянальнага праекта, адзначае даследчык.
Могілкі ў Гродне на Дзяды
Радаўніца і супраціўленне інтэрпрэтацыі
«Радаўніца — гэта парасонавае паняцце. Бо не існуе нейкай адзінай Радаўніцы, гэта сукупнасць вясенніх памінальных дзён. На Віцебшчыне, напрыклад, памінаюць проста на Вялікдзень, дзесьці – у наступную нядзелю, дзесьці – у наступны пасля Вялікадня чацвер. А нехта робіць гэта па-царкоўнаму – на дзявяты дзень. Таму вытлумачэнне Радаўніцы як адзінага памінальнага дня – вельмі ўмоўнае. Тым не менш, гэта відавочна нацыянальны праект, дзе мы пераходзім ад лакальнасці, ад разнастайнасці рэгіянальнай да аднаго свята. Па-першае, праваслаўнага, па-другое, пашыранага толькі рэгіянальна, але якое паступова мусіць перайсці да адзначэння ўсёй краінай. Гэты праект не завершаны, але гэта дакладна нешта ў гэтай логіцы», — зазначае Сямён Гутноў.
Радаўніца ў Смаленскай губерні, 1881 г. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Усё XIX стагоддзе і многімі даследчыкамі і сёння Радаўніца апісваецца «як нейкая сукупнасць праваслаўнага і паганскага, як свята, у якім супрацьпастаўляюцца праваслаўныя і паганскія элементы».
«Дадаецца і складанасць сучаснай сітуацыі памінання. І гэта ў першую чаргу пра гарадскія могілкі. Этнографы працуюць з вясковай супольнасцю на вясковых могілках, але ўжо 5 - 6 год як у Менску большасць памерлых спальваюць, — кажа даследчык. — І ў сітуацыі калумбарыя ці прыкопвання да магіл сваякоў урны паўстае зусім іншая і сітуацыя памінання. Людзі спрабуюць спраўляць Радаўніцу перад калумбарыем, перад гэтай маленькай ячэйкай, дзе няма цела, а ёсць толькі прах памерлага».
Радаўніца пад пагрозай?
Можа падацца, што няма нічога «больш трывалага і жывучага, чым беларуская Радаўніца – кожны год бачым «вялікае перасяленне народаў», беларусаў, па краіне на могілкі».
Але, паводле навукоўца, у перспектыве пытанні да будучыні гэтага свята ёсць.
- Па-першае, гэта высілкі праваслаўнай царквы па аргументацыі пахавальных практык:
«У экспедыцыях бачым, што ёсць рэгіёны, дзе яны прынеслі свой плён. Напрыклад, Кобрынскі раён, дзе царкоўная нарматыўнасць практычна паўсюль перамагла. Паўсюль нам казалі: так, раней мы нешта на могілкі насілі, а цяпер не носім, бо бацюшка сказаў, што там сабакі будуць рыцца і забараніў, ён нам сказаў – і мы строга на дзявяты дзень ідзем і гэтак далей».
- Па-другое, страта сямейнага прынцыпу ў сучаснай структуры пахавання на могілках:
«Могілкі як адно месца, больш не з'яўляецца выключным месцам памяці адной сям'і. Звычайна выдзяляюцца дзве, максімум тры магілы, і адна сям'я, за выключэннем некаторых вясковых могілак, не можа быць сабраная разам, а значыць, адзінае месца на могілках не можа быць месцам памінання ўсёй сям'і. Гэта разбурае прынцып таго, чым была Радаўніца ў традыцыйным свеце».
- Па-трэцяе, прафесіяналізацыя пахавальнай сферы і рэдукцыя пахавальнага абраду:
«Гэта агульны заходні працэс. Мы ўсе разумеем, што сёння мала хто, а ў гарадах, пэўна, і ніхто, не абмывае сваіх нябожчыкаў, рэдка яны праводзяць ноч дома, часцей у іншым месцы і г. д. З істотнай рэдукцыяй пахавальнага абраду паступова змяншаюцца і тыя сэнсы, якія яго трымалі, і, канечне, распаўсюджваліся ў цэлым на адносіны жывых і памерлых. Гаворачы больш радыкальна, чым далей, тым болей смерць страчвае сэнс. Смерць як змена сацыяльнага статусу чалавека, ад таго, кім ён быў, да ператварэння яго ў нябожчыка з пэўным сацыяльным статусам, гэта тое, што сёння ўсё болей і болей страчвае значэнне».
Жанчына ўпрыгожвае мураваны надмагільны помнік фартухом. Вёска Хатынічы, Ганцавіцкі раён, экспедыцыя Міхася Раманюка 1989 года. Фота з альбома “Беларускія народныя крыжы”
«І ў гэтым сэнсе памінанне таксама знаходзіцца пад пагрозай. Бо знікненне гэтага значэння ў гэтым сэнсе будзе весці ў прынцыпе да таго, што памінанне будзе станавіцца ўсё больш бессэнсоўным. Ды і секулярызацыя ўсё роўна ідзе, мы не можам гэтага адмаўляць. Гэта не тое грамадства, што было сто год таму. Яе далейшае прасоўванне наперад таксама нясе пагрозу для памінальных практык», — лічыць даследчык.
Навуковец завяршае даследаванне цытатай з пасмяротнага зборніка «Campo santo» Вінфрыда Зебальда: «Яны па-ранейшаму вакол нас, памерлыя, але часам мне здаецца, што неўзабаве яны, напэўна, знікнуць. Цяпер, калі колькасць людзей, якія жывуць на зямлі, усяго толькі за тры дзесяцігоддзі падвоілася, а ў наступным пакаленні яшчэ патроіцца, нам можна не баяцца некалі магутнага племені мерцвякоў, іх значнасць заўважна слабне, пра вечную памяць і шанаванне продкаў не даводзіцца ўжо і казаць».
«Гэта не факт і не сцверджанне, а кропка для думкі, ад якой мы можам весці нашы ацэнкі і адлікі таго, чым ёсць Радаўніца ў Беларусі і чым яна будзе заўтра», — падкрэслівае даследчык.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Чытайце яшчэ:Як адзначыць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»