У Варшаве памёр Хведар Галёнка. Шматгадовы дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Гэта прадстаўнік пакалення, якое было ля вытокаў беларускага руху ў пасляваенны час, піша «Радыё Рацыя».
Хведар Галёнка (першы злева). Фота: Тыднёвік беларусаў у Польшчы «Ніва»
Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, які пазнаёміўся з Хведарам Галёнкам у 1980-я, згадвае пра Хведара Галёнку:
— Словы спачування сям’і Хведара Галёнкі, словы спачування ўсім тым, хто яго ведаў і памятаў. Яго вобразнасць, характэрнасць, гумар і іронія Хведара Галёнкі, гэта неад’емная частка нашых сустрэч. Апынуўшыся ў Варшаве ён ужо быў знаёмы мне, як асоба з Тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва». Ягоная актыўнасць у Беларускім грамадска-культурным таварыстве, менавіта варшаўскага аддзелу, гуртка БГКТ, была знаёмая. Чалавек быў завочна знаёмы. Ён нарадзіўся непадалёк ад мяне — у Пасечніках Вялікіх. Ён быў знаёмы мне яшчэ з пачатковай школы, бо я вучыўся з яго пляменнікам. Мы сядзелі за адной партай, святой памяці Ясем Галёнкам, гэта быў сын яго брата. Таму я ведаў пра дзядзьку, які такі важны і слаўны ў Варшаве.
... Для мяне гэта тое пакаленне, той час калі ягоныя шырокія кантакты ў свеце дазвалялі функцыянаваць беларускаму аддзелу ў зусім іншай прасторы. Верхам элегантнасці і прэстыжнасці варшаўскага гуртка БГКТ былі навагоднія балы паводле праваслаўнага стылю. Увесь беластоцка-падляшскі істэблішмент з’язджаўся ў Варшаву, каб пабаляваць у Палацы культуры. Было відаць, што бал выклікае асаблівую цікавасць. Сярод тых, хто прыходзіў, былі вайскоўцы, лекары, юрысты, працаўнікі высокіх ведамстваў.
Развітанне з дзеячам беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы Хведарам Галёнка адбудзецца 10 ліпеня, у царкве святога Яна Клімака, па вуліцы Вольскай у Варшаве.