Памёр мовазнаўца і дыпламат Пётра Садоўскі

Яму было 87 гадоў, піша «Наша Ніва». Пра смерць Пятра Садоўскага паведаміла ў сацсетках яго дачка Аліна.

«Сябры, позна ўвечары ў хоспісе памёр мой бацька, аўтар кнігі «Мой Шыбалет» Пётра Садоўскі. Развітанне заўтра, паведамлю дадаткова», — напісала яна.

Piotra Sadoŭski

87‑гадовы Пётра Садоўскі — выбітны беларускі мовазнавец, які ў 1990‑я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета, а пазней — першым паслом Беларусі ў Нямеччыне.

Ураджэнец Полаччыны, дзіця вайны, ён страціў на той вайне тату-партызана, які памёр у яго на вачах. Вывучыўшыся ў Сувораўскай вучэльні, ён пазней з вайсковай дарогі перайшоў у лінгвістыку — балазе, у Сувораўскай яму выкладаў выбітны перакладчык і афіцэр-франтавік Язэп Семяжон.

Пётра Садоўскі вывучаў і выкладаў замежныя мовы, працаваў у Інстытуце замежных моў, Акадэмііі навук і, перакладчыкам, у розных прадпрыемствах Мінска.

Любоў яго жыцця — гэта беларуская мова, а ягоны асабісты рай — паўночнабеларускія гаворкі, якія яго ўскалыхалі і якія ён ведае найлепш сярод усіх ва ўсім свеце.

Садоўскі быў адным з падпісантаў першых лістоў у абарону беларускай мовы і культуры — хадайніцтваў, якія дасылаліся яшчэ ў Маскву. Пазней ён быў адным з заснавальнікаў Народнага Фронту і трыумфальна перамог у адной з мінскіх акруг на свабодных выбарах 1990 года. Садоўскі быў настолькі аўтарытэтным чалавекам, што ў парламенце, дзе БНФ быў у меншасці, быў абраны старшынём камісіі па замежных справах.

Пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці ён у 1992 годзе быў прызначаны першым у гісторыі паслом нашай краіны ў Нямеччыне. Амбасаду там ствараў з нуля.

У 2019 годзе Садоўскага, 80-гадовага, судзілі і аштрафавалі за выступ супраць інтэграцыі з Расіяй, у абарону незалежнасці, на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

Яго часам пранізлівыя, а часам аналітычныя ўспаміны «Мой шыбалет» выйшлі ў 2008 годзе. Гэта адна з найцікавейшых кніг пра тое, што перажывае ў сэрцы чалавек, які «робіць сябе сам» — пра сірату з-пад Ветрына, які ўласным розумам дарос да вялікай навукі і дыпламатычных вяршынь. Яна адначасова пра патаемна асабістае, як дзяцінства ў пасляваеннай вёсцы, сярод адных жанчын, бо ўсіх мужчын выкасіла вайна.