Пра раней невядомыя факты з жыцця і творчасці беларускага паэта Пімена Панчанкі на старонках «Звязды» распавядае Мікола Берлеж.
У букіністычным аддзеле патрапіла на вочы кніга Рыгора Бярозкіна «Паэзія праўды». Выдадзеная ў Дзяржаўным выдавецтве БССР у 1958 годзе, яна складаецца з грунтоўных творчых партрэтаў Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка. Упершыню адкрыў яе старонкі яшчэ ў 1970-я гады, зараз я не змог абмінуць «Паэзію праўды». Прыцягнула тое, што кніга — з пазнакамі ўважлівага чытання. На яе старонках — шмат падкрэсліванняў. Відавочна, рознымі чарніламі. Нават — па колеры, а не толькі па адценнях сіняга...
І ўжо дома з асалодай перачытаў раздзел «Пімен Панчанка». І не адзін раз перачытаў апошні абзац. Цытую Рыгора Бярозкіна: «...Ёсць у Пімена Панчанакі вершы „Заўсёды гатовы!“ — аб тым, як у розныя гады перыяды жыцця — спачатку піянерам, потым камсамольцам перад адыходам на фронт, а затым камуністам, які вярнуўся з перамогай, — прыходзіў паэт да помніка Ільіча, каб набрацца новых душэўных сіл і новай душэўнай бадзёрасці. „Заўсёды гатовы!“ — адказваў ён на заклікі партыі, выпеставанай Ільічом. „Заўсёды гатовы!“ — рапартуе і сёння неспакойнае, гарачае сэрца паэта, якое па-ранейшаму маладое і, як заўжды, з велізарнай, адзінай праўдай удваіх».
...У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь з пазнакай «Группа писем ЦК КП Белоруссии 6 марта 2336» захоўваецца ліст Пімена Панчанкі да Пятра Міронавіча Машэрава. Зусім кароткі. Вось з якім клопатам звяртаецца на той час аўтар многіх кніг, аўтарытэтны пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы да першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі... «Дарагі Пётр Міронавіч! Без працы, без калектыву жыць я не магу. Дайце мне мажлівасць папрацаваць у „Полымі“. Самае горкае адчуванне, калі ты не патрэбны роднай партыі.
Я хварэў. Цяпер здольны працаваць.
З глыбокай павагай —
Пімен Панчанка.
28. II. 72 г.»
3 сакавіка Пётр Міронавіч прачытаў ліст і накладвае рэзалюцыю: «Кузьмину А.Т. Каково Ваше мнение?..» Аляксандр Трыфанавіч сакратаром ЦК па ідэалогіі быў абраны ў лютым 1971 года. Да гэтага часу працаваў некаторы час загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. І, канешне ж, каму, як не Аляксандру Трыфанавічу вырашаць пытанне, чым далей займацца вядомаму паэту... Да нядаўняга часу Пімен Емяльянавіч працаваў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У гэты перыяд выйшлі яго кнігі «Пры святле маланак» (1966), «Размова з наследнікамі» (1967), у гэты перыяд, відавочна, пісаліся вершы, якія пасля складуць зборнікі «Снежань» (1972), «Вершы» (1973)...
Чаму зборнік названы «Снежань»?.. «Слаўлю службу верную,/ Слаўлю дружбу вечную!/ Нарадзіў Кастрычнік нас, снежань парадніў». ... І вось, як гэта выглядае па кароткаму звароту Панчанкі аж першаму сакратару, да паэта праяўляецца нейкі недавер... І ўсё ж ліст разглядаецца.
Тым болей, што 9 сакавіка А. Кузьмін піша запіску тав. Марцэлеву С. В. Так, загадчыкам аддзела культуры ЦК на той час працаваў Станіслаў Віктаравіч Марцэлеў (1926 — 2003), у будучым — шматгадовы дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1976 — 2003), доктар гістарычных навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Запіска даволі лаканічная і для падначаленых, пэўна ж, зразумелая: «Тов. Марцелеву С. В. Заключение отдела. Я — против...». Значыць, трэба тэрмінова рыхтаваць «заключэнне аддзела» у адпаведнасці з меркаваннем?.. Відаць, так.
15 сакавіка 1972 года Алесь Савіцкі, у той час — загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК, піша сваё заключэнне: «Пятилетняя практика работы т. Панченко секретарем Союза писателей БССР говорит о нецелесообразности направления его на работу в редакцию журнала «Полымя».
Учитывая договоренность т. Панченко с руководством Союза писателей, считали бы возможным поддержать просьбу М. Танка о работе т. Панченко в должности главного редактора издательства «Художественная литература».
16 сакавіка на гэтым дакуменце з’яўляецца рэзалюцыя А. Кузьміна: «Марцелеву С. В. Вносите проект согласно договоренности (К. Киреенко)». Вось і сыходзіцца ўсё... У аддзеле ўжо, відавочна, атрымаўшы падтрымку зверху, усё вырашылі за Пімена Емяльянавіча. Лёс Паўла Кавалёва, які яшчэ рэдагаваў «Полымя», быў вырашаны. Яшчэ 15 сакавіка адзін з работнікаў ЦК дакладвае наверх: «Принято постановление бюро ЦК КП Белоруссии об освобождении Ковалёва П.Н. от обязанностей главного редактора журнала „Полымя“ и назначении ему персональной пенсии...» І на яго, Паўла Кавалёва, месца галоўнага рэдактара «уводзілі» Кастуся Кірэенку, які быў галоўным рэдактарам «Бярозкі»... Што да выдавецтва, то Панчанка не туды разлічваў патрапіць. Але і ў «Художественную...», трэба разумець — у «Мастацкую літаратуру» (выдавецтва яшчэ толькі нараджалася) Пімен Емяльянавіч не пайшоў. Астатнія гады аддаў выключна творчай працы.
Як па тым часе то зусім не горшы варыянт... Паэт заставаўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Шмат пісаў, шмат друкаваўся. Адна за другой выходзілі яго кнігі. У 1981 годзе за кнігу «Дзе начуе жаваранак?» паэту была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР. І ў няпростыя гады перабудовы, апошнія гады свайго жыцця, Панчанка заставаўся сумленным, шчырым творцам. Пра гэта сведчыць і «Паэма сораму і гневу», якая выклікала ў свой час сапраўдны грамадзянскі розгалас...
А Рыгор Бярозкін і ў 1958 годзе, нягледзячы на ўсё тое, што не давала магчымасці выказацца напоўніцу адкрыта, бачыў перад сабою ўсе веліч панчанкаўскай паэзіі: «Паэзія Панчанкі апошніх год не легкадумна-бадзёрая — яна ведае сапраўдную цану чалавечага шчасця і дзейсна змагаецца за вернасць і шчырасць, за дружбу і давер. Няма ў вуснах паэта характарыстыкі больш знішчальнай, чым тая, якую ён даў аднаму са сваіх знаёмых у вершы „Смеласць“: „І так: на дні збаяцца тройчы,/ Разоў пятнаццаць памыліцца/ І пазіраць сябрам у вочы, /Нібы на допыце ў міліцыі...“ Ёсць яшчэ адна рыса ў творчасці Панчанкі, якая робіць яго новыя вершы на дзіва сугучнымі сённяшняму перыяду ў развіцці савецкага грамадства: гэта — узмоцненая цікавасць паэта да рэальна-бытавых праблем нашага жыцця, да тэм маральна-этычнага парадку...».
Можна толькі здагадвацца, якім бы галоўным рэдактарам быў Пімен Панчанка ў «Полымі»... Хутчэй за ўсё — сумленным і смелым. У яго ж быў і добры вопыт працы галоўным рэдактарам у «Маладосці» — 1958 — 1966 гады. Гэта было ў памяці і многіх аўтараў, якім ён працягнуў руку дапамогі. Відаць, памяталі пра гэта і ў ЦК роднай партыі...