Papa Bo будзе адкрываць канцэрт папулярнага нямецкага гурта Meute у Варшаве на стадыёне COS Torwar

25 верасня беларускі дыджэй Papa Bo адкрые канцэрт вядомага гамбургскага «тэхна-марш-бэнда» MEUTE на варшаўскі стадыёне COS Torwar, піша reform.news са спасылкай на старонку ў Фэйсбук Papa Bo.

Papa Bo
Фота: сацсеткі артыста

«Гэта будзе мой першы досвед выступлення перад такой вялікай аўдыторыяй», — падзяліўся артыст і арт-менеджэр навіной пра свой выступ.

Meute — гэта незвычайны, але вельмі папулярны нямецкі гурт з Гамбурга, унікальнасць якога ў тым, што яны граюць электронную музыку, такую як тэхна, хаус і дып-хаус, выкарыстоўваючы выключна акустычныя інструменты.

Калектыў складаецца з адзінаццаці музыкаў, якія граюць на духавых і ўдарных інструментах (трубы, саксафоны, трамбон, барабаны і г.д.). Яны бяруць папулярныя трэкі вядомых дыджэяў і ствараюць свае аранжыроўкі, якія гучаць як жывое, энергічнае і рытмічнае тэхна, але без электронікі.

Papa Bo і гамбурскі «тэхна-марш-бэнд» сувязвае даўняя гісторыя. Нямецкі тэхна-аркестр пасябраваў з беларускім артыстам пасля яго музычнага сэту ў час беларускіх пратэсных маршаў 2020 года. У час знакамітага музычнага выступу Папы Бо на маршы 23 жніўня 2020-га гучаў і трэк нямецкага гурта. Пад яго беларусы танцавалі і крычалі «Как ашчушчэнія?».

У 2021 годзе акурат відэа з пратэстаў і стала падставай для затрымання сілавікамі дыджэя ды, нагадаем, дырэктара культурніцкай пляцоўкі «Корпус» Аляксандра Багданава (Papa Bo) і яго паплечніка і сцэнографа Максіма Крука. Аляксандр і Максім былі асуджаны на тры гады «хіміі», але здолелі ўцячы з Беларусі, дзякуючы, у тым ліку, і падтрымцы Meute, якія прадалі свой арыгінальны пінжак на дапамогу палітвязням.

У гадавіну затрымання Аляксандра і Максіма беларускія і нямецкія творцы сустрэліся: на вялікім летнім шоу ў Гамбургу ўжо вольны Papa Bo Selektah выступіў «на разагрэве» Meute з мабільным музычным сэтам. Потым Meute выклаў у сеціва відэа з выступу артыста на гамбургскім канцэрце з заклікам падтрымаць беларускіх творцаў у няволі.

Як бачым, гісторыя працягваецца — 25 верасня Папа Бо выступіць ужо на стадыёне COS Torwar, на якім давалі шоў такія артысты, як Leonard Cohen, Gary Moore, Chris Rea, R.E.M., Garou, Placebo, Marilyn Manson, Prodigy, Simply Red, Deep Purple, Rihanna, 50 Cent ды іншыя. «Адзін на мільён!» — святкуе поспех дыджэй.