Гэтай восенню і зімой у беларускіх кінатэатрах і стрымінгах з’явіцца шмат цікавых прэм’ер. Частку з іх прэзентавалі ў канцы лета падчас Венецыянскага кінафестывалю. Кінакрытык Тарас Тарналіцкі пабываў на кінафестывалі і працягвае распавядаць пра самыя цікавыя фільмы, якія там паказалі.
Парадак / The Order
рэж. Джасцін КурзэльПачатак паказу: 5 cнежня 2024
Пачатак 1980-х, глуш ціхаакіянскага Паўночнага Захаду ЗША, штат Айдаха. Пакутуючы на працагалізм і ўспышкі гневу, агент ФБР Тэры Хаск (Джуд Лоў) сутыкаецца з бандай няўлоўных рабаўнікоў банкаў і інкасатарскіх машын. За злачынствамі стаіць халодны і разважлівы неанацыст Роберт Мэц’юз (Нікалас Холт). Мужчына падмінае пад сябе мясцовую ячэйку белых ультрасаў, узбройвае іх і стварае новую тэрарыстычную арганізацыю — «Парадак». Сваёй мэтай Мэц’юз ставіць распальванне грамадзянскай вайны ў ЗША па расавай прыкмеце, звяржэнне ўраду і захоп улады ў краіне.
Ад пачатку сюжэт «Парадку» нагадвае шаблонны крымінальны баявік з сацыяльнай праблематыкай, але натуральна прабірае да дрыжыкаў, калі прыходзіць разуменне, што аўтары абапіраліся на цалкам рэальную гісторыю з’яўлення і ліквідацыі адной з самых небяспечных тэрарыстычных груповак ЗША. Неафашысты сапраўды планавалі захапіць уладу ў краіне і распачаць генацыд этнічных меншасцяў, калі б ФБР і федэральныя сілы своечасова іх не выкрылі.
Тут да месца апынуўся аўстралійскі рэжысёр Джасцін Курзэль, які спецыялізуецца на псіхалагічным кіно аб апантаных уладай і гвалтам мужчынах («Макбет», «Сапраўдная гісторыя банды Келлі»). Ён стварыў прасякнуты вострай трывогай, адчуваннем небяспекі і непазбежнай смерці сапраўды майстарскі крымінальны трылер, напэўна, найлепшы ў сваёй кар’еры. Літаратурнай асновай фільма стаў дакументальны раман «Маўклівае братэрства: унутры амерыканскага расісцкага падполля» Кэвіна Фліна і Гэры Герхардта, а драматургічным рухавіком — супрацьстаянне герояў Холта і Лоў. У гэтым сэнсе «Парадак» наследуе «Сутычцы» Майкла Манна — наватарскага баевіка аб супрацьстаянні мужчын па розныя бакі закона. Можа, «Парадак» і не атрымае такую падтрымку кінаманаў, як фільм Манна, але ж у сэнсе валодання рэжысёрскім майстэрствам Курзэль дакладна выйшаў на аналагічны ўзровень.
Гледачам з больш левымі поглядамі фільм можа падацца кансерватыўным, залішне брутальным і канцэнтравана маскулінным. У гэтым ёсць свая праўда, але гэта не замінае стужцы Курзеля фіксаваць дух часу з уздымам папулярнасці ультраправых палітыкаў у Заходняй Еўропе і ЗША, дзе ўжо вельмі хутка ўладу зноў можа атрымаць Дональд Трамп. Ён напрыканцы свайго першага прэзідэнцкага тэрміну таксама падбухторваў сваіх прыхільнікаў да штурму Капітолія ў 2021 годзе. Гісторыя цыклічная, і пра гэта нагадвае фільм Курзэля.
Я ўсё яшчэ тут / Ainda Estou Aqui
рэж. Уолтэр СэйлсПачатак паказу: 7 лістапада (Бразілія)
Спякотнае бразільскае лета 1971 года. Шматлікая сям’я Рубенса Пайвы (Сэлтан Мэла), дэпутата ад Бразільскай працоўнай партыі і перакананага камуніста, насалоджваецца адпачынкам на пляжы Рыа-дэ-Жанэйра, глядзіць кіно, гуляе па горадзе. Тым часам ваенная хунта, што ўзяла ўладу ў свае рукі, пачынае распраўляцца спачатку са студэнтамі, а потым і падпольным рухам супраціўлення. Палітычная паліцыя прыходзіць у дом і да Пайвы, арыштоўваючы яго самога, жонку Юніс (Фернанда Торэс) і дачку. Вызваліўшыся з турмы, жанчына цалкам бяре на сябе кіраванне сям’ёй, спрабуючы высветліць, які лёс напаткаў яе мужа, які бясследна знік.
Шматпакутны лёс краін Паўднёвай Амерыкі ў ХХ стагоддзі шмат што можа падказаць беларусам у марафоне супрацьстаяння аўтарытарнай уладзе. Стужка бразільскага рэжысёра Уолтэра Сэйлса, які спрычыніўся да рэпрэзентацыі жыцця свайго рэгіёна ў такіх праектах, як «Горад Бога», «Дзённікі матацыкліста», «Цэнтральны вакзал», распавядае сямейную сагу жанчыны з моцным характарам (бліскучая роля акторкі Фернанды Торэс), якая вытрымала ціск ваеннай хунты.
«Усё яшчэ тут» — гэта пераканаўчая ў сваёй безвыходнасці гісторыя Бразіліі, што перажыла адзін з самых жудасных перыядаў свайго існавання. Аўтары спрэсавалі ўвесь боль і пакуты цэлай краіны ў лёс адной сям’і, якая не стала прасіць літасці ў тырана і вытрымала, захаваўшы моц сямейных вузаў і веру ў закон як адзіную зброю, здольную перамагчы злачынную ўладу.
Пакой насупраць / The room next door
рэж. Пэдра Альмадовар
Пачатак паказу: 16 кастрычніка 2024 (Іспанія)
У далёкім мінулым дзве вельмі блізкія сяброўкі, што працавалі некалі ў адным часопісе, раптоўна сустракаюцца зноў. Адна з іх, Інгрыд (Джуліяна Мур), стала пісьменніцай, а другая, Марта (Цільда Суінтан), ваеннай карэспандэнткай і няўдалай маці. Пасля некалькі шчырых размоў пра мінулае Марта просіць Інгрыд суправаджаць яе падчас фармакалагічнага самазабойства — жанчына хворая на апошнюю стадыю рака, і забароненая дзяржавай эўтаназія — адзіная магчымасць пазбавіцца фізічных пакут. Жанчыны абстаўляюць справу як адпачынак за горадам і едуць у арандаваны прыватны дом.
Дваццаць трэці па ліку і першы цалкам англамоўны фільм іспанскага знаўцы жаночых лёсаў Пэдра Альмадовара атрымаў гран-пры Біенале. Гэты выбар заходняя прэса ўспрыняла па-рознаму. Адныя крытыкі палічылі яго кансерватыўным — што можа быць прасцей, чым чарговы раз уганараваць працу заслужанага і сусветна вядомага рэжысёра з галівудскімі зоркамі ў касце. Іншыя — грамадскі актуальным, як праяву ўвагі да рэпрэзентацыі жаночай салідарнасці. Так ці інакш, выбар «Пакоя насупраць» як галоўнага фільма фестывалю падкрэсліў асцярожнасць і імкненне да кампрамісаў складу журы, якое ўзначаліла акторка Элізабэт Юпэр. Нічога дёрзкага і наватарскага — толькі правераная часам класіка.
Менавіта так і выглядае на дадзены момант апошняя стужка Альмадовара — ідэальна зробленая драма аб жаночых лёсах і цяжары прыняцця чужога выбару. Нягледзячы на простую драматургію, канфлікт паміж жыццём і смерцю, поўны горычы, інтэлігентнага гумару і візуальнай паэзіі, разыграны Джуліянай Мур і Цільдай Суінтан проста бліскуча. Пры гэтым сам Альмадовар факусуецца выключна на стасунках дзвюх жанчын, выносячы за дужкі маральна-этычны і нават юрыдычны аспект справы. Гэта пазбаўляе «Пакой насупраць» дадатковай глыбіні, гульні ў жанры, якія тут натуральна напрошваюцца, але ідуць у сметнік. Перад намі дыстыляваная драма, пазбаўленая дадатковых прымесяў і трукаў, здатных адцягнуць увагу ад цэнтральнага канфлікту. Камусьці і гэтага будзе дастаткова.
Куір / Queer
рэж. Лука Гуаданінья
Пачатак паказу: зіма — вясна 2025
Пачатак 1950-х гадоў, сонечнае Мехіка. Уільям Лі (Дэніэл Крэйг) — хваравіта хударлявы інтэлігент, што з’ехаў з радзімы праз праблемы з законам. Мужчына ў эміграцыі калекцыяніруе наркатычныя трыпы і выпадковыя сэксуальныя сувязі з мужчынамі, пакуль не знаёміцца з прывабным і халодным у адносінах ветэранам Юджынам Алертанам (Дру Старкі), які адчувае сябе бісексуалам. Сумесна мужчыны адпраўляюцца ў вандроўку па Паўднёвай Амерыцы, каб прайсці рытуал аяўаскі і глыбей спазнаць сябе.
Блытаная і бессюжэтная проза Уільяма Бероўза, сімвалу заходняга нонканфармізму 50-х гадоў, няпроста паддаецца адаптацыі ў кіно. Сярод паспяховых экранізацый яго прозы, прысвечаных тэмам нарказалежнасці і гомасексуальнасці, можна вылучыць «Абед галышом» Дэвіда Кроненберга і «Аптэчнага каўбоя» Гаса Ван Сента. Цяпер да спісу можна дадаць і «Куір» Лукі Гуаданінья, які знайшоў падыход для адлюстравання фактычна задакументаваных дзённікаў маральнага падзення пісьменніка.
«Куір» таксама спачатку выглядае як эклектычны наркатрып марнатраўца ўласнага жыцця — яго ўвасабляе Дэніэл Крэйг, зорка фільмаў пра Джэймса Бонда і класічны сэкс-сімвал, самааддана граючы ў шчырых гомасэксуальных сцэнах. Падаецца, што аўтары скараюцца пад немагчымасцю ўвасобіць творчасць Бероўза ў зразумелую гісторыю, але Гуаданінья паступова адбудоўвае з хаатычнай і часам сюрэалістычнай бессюжэтнасці роўд-трып па спазнанні сябе: сваёй ідэнтычнасці, у тым ліку і сэксуальнай, і самых патаемных жаданняў. Такі падыход раззлаваў частку крытыкаў, якія палічылі фільм паразай аўтараў, дзе форма перамагае змест, але большасці прэсы фільм спадабаўся і, магчыма, яго чакае паспяховы сезон узнагарод.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: «Ваўкі», «Ціхае жыццё», «Сем’і як нашыя» і «Дзетка». Распавядаем пра прэм’еры Венецыянскага кінафестывалю