Парк Жылічы хочуць пераўтварыць у парк Булгакаў

18.08.2022 Культура

Праект вынесены на грамадскае абмеркаванне, піша «Зялёны партал».


kirovsk-dvorec01.jpg
Парк у Жылічах

Міністэрства прыродных рэсурсаў прапануе пераўтварыць батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Парк Жылічы» ў батанічны помнік прыроды «Парк Булгакаў».

Прычына — змена яго межаў, плошчы, а таксама рэжыму аховы і выкарыстання.

Цяпер помнік уключае ў сябе старажытны парк з векавымі дрэвамі і палацавы комплекс са скульптурамі, якія, на думку Мінпрыроды, маюць вялікі рэкрэацыйны патэнцыял.

Пры гэтым ведамства прапануе не ўстанаўліваць ахоўную зону помніка прыроды. І выключыць са складу помніка прыроды аб’екты, якія «не маюць каштоўнасці з батанічнага пункту гледжання»: палацавы комплекс, унутраны дворык, цэнтральную частку партэра, вадаём і інш.

Мінпрыроды прапануе ўсталяваць новыя межы, плошчу і землекарыстальнікаў помніка прыроды, а таксама — па ўзгадненні з Кіраўскім раённым выканаўчым камітэтам — перайменаваць батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Парк Жылічы» ў батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Парк Булгакаў».

Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі або накіраваць у Мінпрыроды (арганізатару грамадскіх абмеркаванняў) з 15 па 25 жніўня па электронным адрасе zakaznik@minpriroda.gov.by.