Працягваем вандраваць па Пастаўшычыне. Сёння нас чакае заключная частка маршруту шляхам Лучай — Дунілавічы — Варапаева — Асінагарадок — Парыж. Нас чакае 50 кіламетраў дарогі з Паставаў, унікальны касцёл, які арганічна сумяшчае ў сабе стылі барока і класіцызму, 3D-фрэскі Анташэўскага, першы ў свеце помнік Папе Рымскаму Бенедыкту ХVI, пабачым віленскае барока, гарадзішча ранняга жалезнага веку, драўляную царкву сярэдзіны ХІХ стагоддзя пабудовы, вадзяны млын ХІХ стагоддзя і нават беларускі Парыж з мясцовай Эйфелевай вежай. Рушым.
Фота: planetabelarus.by
Лучай
Фота: planetabelarus.by
Раім наведаць колішняе мястэчка, якое ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1542 годзе, сёння вёску Лучай. Найбольшы росквіт Лучая звязаны з іменем Альжбэты Агінскай (па другім шлюбе — Пузыні). Агінскія прыдбалі маёнтак Лучай у 1731 годзе.
Вандроўка па Пастаўшчыне.Частка першая
Ад гэтага часу, дзякуючы Альжбэце, тут з’явілася астранамічная абсерваторыя Віленскага ўніверсітэта, дзе праводзіліся назіранні, мэтай якіх было вызначэнне дакладных геаграфічных каардынат. У Лучаі Агінскія збудавалі ўласную рэзідэнцыю, якая была знішчана пасля ІІ Сусветнай вайны. Але падмурак абсерваторыі на тэрыторыі маёнтка, кажуць, яшчэ можна знайсці.
Сёння архітэктурнай перлінай Лучая з’яўляецца касцёл Св. Юды Тадэвуша. Будаўніцтва храма пачалося ў 1766 годзе на сородкі ўжо вядомай нам Альжбэты Агінскай па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані, на той час выкладчыка архітэктуры ў Віленскім езуіцкім універсітэце. Касцёл размешчаны на адной з самых высокіх кропак мясцовасці, таму бачны здалёк.
Фота: planetabelarus.by
Лучайскі храм — адзін з апошніх помнікаў езуіцкага манументальнага дойлідства на сучаснай тэрыторыі Беларусі, узвядзенне якога было скончана непасрэдна перад скасаваннем ордэна на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Яшчэ адной асаблівасцю касцёла ў Лучаі з’ўляецца тое, што тут у 2008 годзе быў усталяваны храналагічна першы помнік Папе Рымскаму Бенедыкту ХVI. Сам храм унікальны яшчэ тым, што стылістычна належыць да пераходнага тыпу будынкаў — нягледзячы на яшчэ шматлікія барочныя рысы, у ім ужо дакладна прасочваюцца асаблівасці, характэрныя для іншгага архітэктурнага стылю — класіцызму.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Велічнае вонкавае аблічча храма было праз пэўны час аздоблена выкшталцоным «аб’ёмным» фрэскавым роспісам інтэр’ера ў тэхніцы «грызайль», што імітуе скульптуру і элементы архітэктурнага дэкору.
Аўтарства фрэскавага роспісу лучайскага храма належыць выбітнаму мастаку свайго часу Казіміру Асташэўскаму, які распісваў і Будслаўскі касцёл. Езуіты мелі фінансавыя магчымасці запрашаць да супрацы найлепшых майстроў.
Сапраўднай разынкай касцёла ў Лучаі з’яўляецца шэраг фрэсак рукі Анташэўскага «Сем таямніц (Сакрамэнтаў)», якія мастак змалёўваў з мясцовай шляхты ў строях канца ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзя. На жаль, палова з іх сёння зафарбавана сучаснымі роспісамі, без знакамітага «3D-эфекту», які ўласцівы працам Анташэўскага. Але аўтэнтычныя «рэльефныя» роспісы проста адрозніць ад рэстаўраваных нават на першы погляд.
У храме месціцца старадаўні арган, усталяваны тут у 1811 годзе. Сёння ён музычна аздабляе службы, але па папярэдняй дамоўленасці, арган можна пачуць і турыстам.
Фота: argany.by
У двары касцёла можна пабачыць плябань ХІХ стагоддзя пабудовы. А яшчэ на касцёле размешчаны гадзіннік, які кожныя 15 хвілін агучвае пэўную мелодыю і гімн Лучая ў тым ліку. Так, Лучай мае нават уласны гімн, які варта пачуць.
Фота: radzima.org
Дунілавічы
Фота: planetabelarus.by
Далей прапануем рушыць у напрамку вёскі Дунілавічы, колішняга мястэчка, першы ўспамін пра якое датуецца 1473 годам. Сёння тут варта звярнуць увагу на касцёл, пабудаваны ў стылі віленскага барока ў 1769 — 1773 гг. пры кляштары манахаў-дамініканцаў, які існаваў у мястэчку з 1683 года. Дамініканцы — адзін з першых каталіцкіх ордэнаў, якія з’явіліся на тэрыторыі сучанай Беларусі. Мэтай ордэна было несці ў народ веру, адукацыю і культуру. Дамініканцы падтрымалі паўстанне 1830-1831 гг., таму ўжо ў 1850 годзе ордэн быў скасаваны расійскімі ўладамі. Адпаведна і кляштар у Дунілавічх таксама.
Фота: planetabelarus.by
Фундатарка кляштара Альжбэта Белазор падарыла яму цудадзейны абраз Маці Божай Ларэтанскай, які можна пабачыць у касцёле і сёння. Дамініканцы будавалі свае храмы толькі ў буйных гарадах, а Дунілавічы былі маленькім мястэчкам, але сталіся выключэннем менавіта для захавання гэтага абраза. Пад абраз быў збудаваны і ўнікальны для Беларусі двухузроўневы («ларэтанскі») алтар, які сімвалізуе жытло Дзевы Марыі. Адпаведна легендзе анёлы перанеслі дом Марыі з Палестыны ў Італію ў горад Ларэта, выратаваўшы ад разбурэння. Маці Божая Ларэтанская лічыцца заступніцай усіх, чыё жыццё звязанае з перамяшчэннямі ў паветры.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Як і большасць мястэчак на тэрыторыі Беларусі, пасля падзелу Рэчы Паспалітай і адыходу ў склад Расійскай імперыі ў адпаведнасці з указам аб «мяжы аседласці» Дунілавічы паступова сталі яўрэйскім паселішчам. З таго часу ў Дунілавічах захаваліся старыя яўрэйскія могілкі. А жыхары яўрэйскага паходжання ў лістападзе 1942 года загінулі ў створаным у Дунілавічах гета.
Фота: planetabelarus.by
Недалёка ад касцёла знаходзяцца магілы жаўнераў, якія загінулі ў 1919 — 1921 гг у вайне з савецкім войскам.
Фота: planetabelarus.by
На закінутых каталіцкіх могілках на выездзе з Дунілавічаў у бок Норыцы можна пабачыць пахавальную каплічку ХІХ стагоддзя пабудовы. Раней тут быў шляхецкі некропаль, які мясцовыя клікалі «чырвонымі могілкамі» адпаведна колеру цэглы, з якой тут быў збудаваны касцёл, які да нашых дзён не захаваўся.
Фота: planetabelarus.by
Варапаева
Фота: postavy.of.by
Далей рушым у гарадскі пасёлак Варапаева — колішні фальварак, першыя згадкі пра які датуюцца 1558 годам. Варапаева аточана прыгожымі азёрамі, што дадае турыстычнай прывабнасці гэтаму, на першы погляд, занядбанаму паселішчу. Ёсць тут яшчэ, апроч прыродных, некалькі цікавостак.
Фота: planetabelarus.by
Істотныя змены ў бок развіцця Варапаева пачаліся напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі тут была пракладзена чыгунка.
Але найбольш знешні выгляд мястэчка змяніў старажытны шляхецкі род Пшаздзецкіх, які заклаў тут свой маёнтак на пачатку ХХ стагоддзя.
Графскі тытул Пшаздзецкія атрымалі за часамі Расейскай імперыі. Апошнім уладальнікам Варапаева быў Канстанцін Пшаздзецкі, які даслужыўся да чыну палкоўніка ў расійскай арміі, а пасля стаў палкоўнікам войска польскага.
Фота: postavy.of.by Канстанцін Пшаздзецкі справа
Пшаздзецкія, ароч дагледжанага палаца і парка з рознымі гатункамі дрэваў і воднай сістэмай, рэшткі якіх можна пабачыць і сёння, разгарнулі тут пэўны прамысловы комплекс, аснову якога складаў цагельны завод і вадзяны млын з сукнавальняй. Былі тут тры млыны: паравы, ветраны і вадзяны. Вадзяны млын, збудаваны ў 1870 годзе з чырвонай цэглы, захаваўся ў дастаткова добрым стане.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Варта прагуляцца па старым парку і адчуць дух старасветчыны, пабачыць рэдкія віды дрэваў, якімі апекаваўся з 1933 па 1937 гг. знакаміты садавод Іван Сікора, які стварыў тут плодагадавальнік.
Іван Сікора
Але мясцовыя распавядаюць, што граф Пшаздзецкі праз беларускую мову Сікоры звольніў яго з маёнтка, бо ўсе тут карысталіся польскай.
Фота: fotobel.by
Сёння парк добраўпарадкаваны, тут пастаўлены лавы і адрамантаваны мост дзякуючы дапамозе Еўразвязу, пра што сведчаць адмысловыя шыльды.
Фота: postavy.of.by
Ад комплекса будынкаў сядзібы Пшаздзецкіх ацалеў будынак графскай адміністрацыі. Меркавана, што гэта прыблізная копія асноўнага жылога палаца Пшаздзецкіх. Зараз тут месціцца варапаеўская лякарня.
Фота: fotobel.by
Яшчэ ў Варапаева захавалася некалькі цікавых мураваных будынкаў міжваеннага часу. Адным з іх з’яўляецца дом Ражноўскіх, гандляроў газай, якія пасяліліся тут ў 1917 годзе, пераехаўшы з Расіі. Цікава, што Канстанцін Пшаздзецкі забараняў узводзіць будынкі, вышэйшыя за ягоную сядзібу ў два паверхі.
Фота: fotobel.by
Але Ражноўскія па-над сваім двухпавярховым будынкам надбудавалі яшчэ мансарду. За савецкім часам у падвалах гэтага будынка месцілася турма НКУС, дзе катавалі вязняў. Мясцовыя распавядаюць, што апошні антысавецкі змагар закатаваны і пахаваны на задворку былога дома Ражноўскіх.
Фота: imenamag.by
Варта адзначыць, што менавіта на Пастаўшчыне ў 1945-1947 гадах дзенічаў Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП).
Фота: imenamag.by
А ўдзельнік тых падзеяў Антось Фурс па сёння жыве ў Паставах. Ягоная жонка, Алеся Фурс, якая перажыла 25 год канцлагераў за малюнак герба «Пагоня», адышла ў лепшы свет ў 2017 годзе.
Асінагарадок
Далей прапануем наведаць вёску Асінагарадок. Тут таксама ёсць некалькі аб’ектаў, на якія варта звярнуць увагу. Усе яны канцэнтруюцца на самым высокім пагорку ў Асінгарадку. Вядома, што тут было гарадзішча жалезнага веку.
Фота: planetabelarus.by
Сёння на ім узвышаецца Свята-Пакроўская царква — помнік драўлянага дойлідства 1856 года пабудовы. Вядома, што першая царква, фундаваная Радзівілам Сіроткам, тут узгадваецца ў 1613 годзе. Сучасная царква пабудаваная на сродкі князя Ануфрыя Друцкага-Любецкага і моцна перабудаваная ў пачатку ХХ стагоддзя архітэктарам Струевым. Унутры варта звярнуць увагу на іканастас ХІХ стагоддзя. Некаторыя іконы там датуюцца адно ХVIII стагоддзем, такия як «Маці Божая з дзіцём» і «Апостал Пётр».
Фота: planetabelarus.by
Вельмі нетыпова выглядае званіца побач з храмам. Адметная яна сваім высокім каменным ніжнім ярусам. Верхняя частка званіцы драўляная, мае складаную кампазіцыю, выкананую ў стылі мадэрн.
Фота: planetabelarus.by
Тут, побач ёсць яшчэ два помнікі. Адзін — загінулым у вайне са Шведамі ў 1706 годзе, другі — жаўнерам загінулым у вайне 1812 года.
Фота: wikipedia.org
Фота: wikipedia.org
Парыж
Фота: planetabelarus.by
Апошняй кропкай нашага падарожжа будзе беларускі Парыж. Упершыню фальварак з гэткай назвай узгадваецца ў архіўных дакументах першай паловы ХVIII стагоддзя. Гэта была не першапачатковая назва, проста ўладальнік фальварка палічыў наданне пасельшчу назвы еўрапейскай сталіцы ўдалай ідэяй. Дакладна вядома, што ў 1784 годзе фальварак Парыж належыў Антонію Тызенгаўзу, падскарбію ВКЛ. Таму легенда пра тое, што Напалеон спрычыніўся да наймення мястэчка, з’яўляецца ўсяго толькі легендай.
Фота: planetabelarus.by
Ёсць у нашым Парыжы і свая Эйфелева вежа. 30-метровы помнік быў усталяваны тут па ініцыятыве ўжо вядомага нам ксяндза Юзафа Булькі, які апекаваўся яшчэ і турыстычнай прывабнасцю Пастаўскага краю. Пакуль еўрапейскі Парыж амаль недасяжны, сэлфі на фоне канструкцыі з крыжом наверсе ці ля шыльды «Парыжскі сельскі дом культуры» ў сваім Парыжы будзе цалкам годнай альтэрнатывай. Дарэчы, у мясцовай школе ёсць краязнаўчы музей з дастаткова цікавымі мясцовымі знаходкамі.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма»!
ПЖ, budzma.by