Пакуль у магчымасцях перасячэння межаў Беларусі ўладальнікі беларускіх пашпартоў значна саступаюць грамадзянам Іраку, працягваем вандроўкі па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Сёння прапануем маршрут на выходныя працягласцю каля 150 км па адным з самых прыгожах куточкаў Беларусі — Пастаўскім раёне: Камаі — Каралінова — Лынтупы — Апідамы — Мягуны — Лучай — Дунілавічы — Варапаева — Асінагарадок — Казлоўшчына — Парыж.
Заначаваць раім у саміх Паставах, што там паглядзець і дзе спыніцца мы пісалі раней. Але навокал таксама шмат аграсядзібаў у непасрэднай блізкасці да азёраў, вялікай колькасцю якіх вядомы Пастаўскі край.
Фота: planetabelarus.by
Камаі
Першым нашым прыпынкам будзе аграгарадок Камаі — былое мястэчка, якое ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у ХVI стагоддзі. У Камаях захаваўся ўнікальны помнік беларускай абарончай архітэктуры — касцёл святога Яна Хрысціцеля. Гатычны храм быў пабудаваны ў 1606 годзе на сродкі Яна Рудаміна-Дусяцкага.
Вандроўка па заходнім Палессі. Частка першая
Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова будынак меў чатырохкутную форму, але ў 1778 годзе на сродкі тагачасных гаспадароў Камаяў Войнаў і Козелаў да паўднёвай часткі храма была дабудавана капліца з крыптай, што моцна змяніла знешні выгляд будынка. Пра тое, што храм выконваў абарончую функцыю, апроч архітэктурных рысаў: сціпласці, масіўных сценаў, вокнаў-байніцаў і іншых — сведчаць умураваныя ў сцены касцёла ў памяць аб Паўночнай вайне гарматныя ядры.
Фота: planetabelarus.by
У гісторыі касцёла ёсць цікавы момант — ён не зачыняўся і за савецкім часам. Месцічы звязваюць гэта з тым, што камайскі ксёндз Андрэй Булька падчас ІІ Сусветнай вайны ўратаваў ад смерці партызана, які пазней займеў уплывовую пасаду, таму меў адноснае заступніцтва з боку ўладаў. Ва ўнутраным аздабленні храма варта звярнуць увагу на арган 1906 года рукі Войцэха Гадко, адзіны спраўны арган гэтага майстра ў Беларусі.
Вандроўка па заходнім Палессі. Частка другая
Фота: planetabelarus.by
Арган быў пабудаваны ў гонар 300-годдзя камайскага касцёла. Кажуць, што за савецкім часам касцёл мог пазбавіцца свайго аргана, калі мясцовае кіраўніцтва хацела забраць арган для выкарыстання ў нейкай дзяржаўнай установе. Каб пазбегнуць гэтага, ужо вядомы нам ксёндз Андрэй Булька перад прыездам камісіі дастаў з аргана некаторую колькасць труб і ўпэўніў камісію ў дрэнным стане інструмента.
Фота: ostrovets.by
З-за відавочнай няспраўнасці арган забіраць не сталі. Варта адзначыць, што з касцёльнага аргана пачынаў свой творчы шлях арганіст, музычны крытык, дырыжор і кампазітар пачатку ХХ стагоддзя Браніслаў Рудкоўскі, які нарадзіўся ў Камаях.
Ёсць здагадка, што роспісы сценаў камайскага храма выкананы вядомым мастаком, удзельнікам паўстання 1863-1864 гг. Альфрэдам Ромэрам, народжаным побач у вёсцы Караліно. Так яно ці не, дакладна невядома, але абраз «Хрыстос і сірата» дакладна належыць руцэ майстра, Ромэр падараваў яго касцёлу неўзабаве перад спачынам.
Вандруем па Заходнім Палессі. Частка трэцяя
Алтарны абраз Маці Божай з дзіцём быў напісаны прыкладна ў 1610 годзе ў Кракаве. Абраз з’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Чанстахоўскай і лічыцца цудадзейным.
Фота: planetabelarus.by
Камайскаму касцёлу пашчасціла на выбітных людзей, лёсы якіх звязаныя з ягонай гісторыяй. Апроч ужо згаданых Андрэя Булькі, Альфрэда Ромэра, Браніслава Рудкоўскага варта адзначыць, што пэўны час тут служыў вядомы дзеяч беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя — паэт і святар Казімір Сваяк (Канстанцін Стэповіч).
Адным з асноўных напрамкаў ягонай дзейнасці, апроч напісання вершаў, быў пераклад літургічных тэкстаў на беларускую мову. Адной з асноўных працаў лічыцца малітоўнік для беларусў-каталікоў «Голас Душы».
Насупраць касцёла ў парку варта звярнуць увагу на ўнікальны помнік — каменны крыж, высечаны з ружовага граніту рапаківі. Ёсць розныя меркаванні наконт таго, калі гэты крыж быў усталяванны тут. Найбольш праўдзівай лічыцца, што крыж быў пастаўлены ў час будаўніцтва храма ў 1603-1606 гг.
Фота: planetabelarus.by
Калі будзеце ў Камаях, раім звязацца з мясцовым пробашчам Яцэкам Хутманам, які прысвяціў касцёлу 20 год жыцця і дамовіцца аб магчымасці экскурсіі, бо варта ўзняцца і на вежы касцёла, і спусціцца ў крыпту. Нумар плябаніі +375 (2155) 54 346.
А калі пашчасціць, тут можна пачуць падчас вянчання ў выкананні мясцовай касцёльнай арганісткі Алены знакамітую Hava nagila. Ці магчыма такое дзесці яшчэ, апроч Беларусі..?
Што паглядзець на Іўеўшчыне. Частка першая
Фота: @tomkad
Фота: citydog.by
Каралінова
Наступным пунктам нашай вандроўкі будзе вёска Караліно — радзіма мастака Альфрэда Ромэра — скульптара, мастацтвазнаўцы, этнографа, удзельніка паўстання 1863-1864 гг. Пасля паўстання быў зняволены ў Дзвінску, пасля вызвалення вучыўся жывапісу ў Мюнхене.
Па вяртанні на радзіму Ромэр займаўся этнаграфіяй, вывучаў народную творчасць, напісаў манаграфію пра Слуцкія паясы. Апроч таго, ствараў партрэты, гравюры, рабіў роспісы культавых пабудоў. У Каралінова Альфрэд Ромэр з’явіўся ў 1874 годзе пасля шлюбу з Вандай Сулістроўскай, якой належаў маёнтак, які варта наведаць, пакуль ад яго яшчэ нешта засталося.
Што паглядзець на Іўеўшчыне. Частка другая
Доўгі час у драўлянай сядзібе ХІХ стагоддзя месцілася школа. Але, калі яе скасавалі, пачаўся этап імклівага разбурэння будынка. Мясцовыя распавялі, што сядзібу набыла суполка мастакоў, нават спрабавалі распачаць працы па яе аднаўленні, праводзілі тут мастацкія пленэры. Але апошнія пару год сядзіба пустуе і імкліва разбураецца.
Побач захаваліся крушні гаспадарчых пабудоваў былога маёнтка, зарослыя крапівой, лебядой ды кіпрэем. Усё гэтае запусценне пакідае цяжкае ўражанне, але ж сюды варта патрапіць, пакуль яшчэ ёсць на што паглядзець.
Тут жа, у Каралінова, да спачыну жыў сябар і паплечнік Альфрэда Ромэра — Фларыян Даноўскі. Фларыян быў адным з заснавальнікаў «Братняга саюза літоўскай моладзі», які мусіў распачаць паўстанне супраць царызму ў 1849 годзе, але быў выкрыты, а ўдзельнікі пакараныя катаргай ды выгнаннем.
Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка першая
Нягледзячы на пільнае вока царскага ўраду, пасля амністыі ды вяртання на радзіму браў удзел у паўстанні 1863 — 1864 гг. Пасля амністыі з 1874 года і да смерці ў 1903 годзе жыў у маёнтку Каралінова. На мясцовых могілках магіла Фларыяна добраўпарадкавана неабыякавымі людзьмі, пастаўлены помнік, які дагладаецца. І для турыстаў месца памяці вартае наведавання.
Лынтупы
Наступны наш прыпынак Лынтупы — гарадскі пасёлак на мяжы з Літвой. Упершыню мястэчка ўзгадваецца ў 1385 годзе. Але жыццё тут віравала і значна раней. Ад балцкіх паселішчаў Х стагоддзя навокал засталіся дзесяткі курганоў, валуноў, капішчаў, а хрысціянства ў гэты рэгіён прыйшло толькі бліжэй да ХV стагоддзя. Камяні і ўзгоркі мясцовых лясоў выдатна аздабляюць мясцовыя легенды і містычныя гісторыі пра чараўніцтва, самагубствы і іншыя невытлумачальныя падзеі, якія адбываліся ў гэтых мясцінах.
Фота: planetabelarus.by
Адну з мясцовых легендаў пра шляхціча-пярэваратня пераказаў вядомы французскі пісьменнік ХІХ стагоддзя Праспэр Мэрымэ ў навэле «Локіс», паводле якой быў зняты беларускі фільм жахаў «Масакра». Здымалі яго ў Жалудку на Шчучыншчыне, але аўтар дэкарацыяў жыве зараз зусім побач з Лынтупамі ў Каптарунах. Па магчымасці раім наведаць аргасядзібу «Арт-вёска Каптаруны».
Сёння ў Лынтупах варта звярнуць увагу на некалькі цікавых аб’ектаў. Першы з іх палац апошніх гаспадароў Лынтупаў шляхцічаў Бішэўскіх. Бішэўскія былі добрымі прадпрымальнікамі і, відавочна, эстэтамі. Юзаф Бішэўскі пабудаваў у Лынтупах неарэнесансны палац па праекце знакамітага архітэктара свайго часу Тадэвуша Раствароўскага, навокал разбіў пейзажны парк з рэдкімі раслінамі, капліцай, воднай сістэмай сажалак ды набярэжнай з граніту, упрыгожанай разнастайнымі скульптурамі. 19-1 Фота: planetabelarus.by
У гаспадарчай частцы маёнтка быў пабудаваны бровар, спіртзавод (яго можна пабачыць і сёння побач з палацам), вяндлярня (выяву якой можна знайсці на сучасным гербе Лынтупаў) і іншыя гаспадарчыя пабудовы.
Па мясцовай легендзе, палац Юзаф Бішэўскі пабудаваў у 1907 годзе для французскай акторкі, у якую закахаўся падчас адной з вандровак. Яна паабяцала пабрацца з Юзафам шлюбам, калі ён пабудуе для яе палац не горшы, чым у яе ў Францыі. Але скончылася гісторыя сумна, пабачыўшы палац, акторка сказала, што ў яе бацькі стайні прыгажэйшыя.
Наступны аб’ект, на які раім звярнуць увагу ў Лынтупах, — неагатычны касцёл Св. Андрэя Баболі, збудаваны на сродкі Юзафа Бішэўскага ў 1908 — 1914 гг. паводле праекту віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. На рынкавай плошчы насупраць касцёла калісьці размяшчалася сінагога, але яе знішчылі пасля ІІ Сусветнай вайны. Цікавы факт, што праваслаўнай царквы ў Лынтупах ніколі не было.
Што паглядзець на Шчучыншчыне. Частка другая
Яшчэ ў Лынтупах абавязкова варта патрапіць на старыя каталіцкія могілкі. Тут пахавана мноства шляхецкіх родаў, колішніх уладальнікаў Лынтупаў. Да таго ж, тут можна пабачыць 15 мураваных каплічак. Тут жа пахаваныя жаўнеры арміі Люцыяна Жалігоўскага, у памяць пра якіх усталяваны прыгожы помнік.
Апідамы
Далей раім наведаць Пастаўскую сталіцу старавераў, вёску Апідамы. Справа ў тым, што большасць з нешматлікіх жыхароў вёскі па веравызнанні — тараверы. Стараверамі завецца адна з рэлігійных групаў, якая не прыняла царкоўных рэформаў ХVІІ стагоддзя ў Расіі.
Ратуючыся ад ганенняў у суседняй дзяржаве, на нашай тэрыторыі яны пасяліліся ў пачатку ХVІ стагоддзя. Улады тагачаснай Рэчы Паспалітай, як і каталіцкі касцёл не пераследвалі бежанцаў за веравызнанне. Усяго тады перасялілася каля ста тысяч чалавек. Сёння іх абшчыны захаваліся толькі ў некаторых гарадах Беларусі. У Апідамах на Пастаўшчыне можна пабачыць драўляную стараверскую царкву пачатку ХХ стагоддзя пабудовы.
Мягуны
Па дарозе на Паставы раім завітаць у вёску Мягуны. Тут на мясцовых могілках захавалася прыгожая пахавальная каплічка роду Чаховічаў ХVIII — XIX стагоддзяў пабудовы. Прадстаўнікі роду Чаховічаў увайшлі ў гісторыю як патрыёты, Чаховічы актыўна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях падчас паўстання 1863 — 1864 гг., кіравалі паўстанцкімі атрадамі.
Зыгмунт Чаховіч
Маёнтак Чаховічаў, які размяшчаўся каля пратокі паміж Сурвілішскімі азёрамі побач з Мягунамі, да нашых дзён не захаваўся. Але каплічка вельмі дбайна адрамантавана, дзякуючы вядомаму на Пастаўшчыне ксяндзу Яну Шуткевічу.
Фота: fotobel.by
Характэрнай падзеяй для гэтага ўнікальнага рэгіёна, дзе перапляліся традыцыі паганства і хрысціянства, стаўся адзіны вядомы на Пастаўшчыне выпадак спальвання вядзьмаркі. У 1615 годзе ў Мягунах адбыўся масавы мор жывёлы. Адказнасць за гэта мясцовыя жыхары ўсклалі на аднавяскоўку, якую абвінавацілі ў зносінах з д’яблам і чараўніцтве.
Фота: fotobel.by
Пераначаваць, пад’есці ды па іншыя цывілізацыйныя здабыткі раім ехаць у Паставы. Але гэта не адзіны варыянт. На тэрыторыі Пастаўскага раёна месціцца гідралагічны заказнік «Швакшты» і безліч іншых прыгожых азёраў, ля якіх чакаюць гасцей гаспадары аграсядзібаў — найлепшы варыянт адпачынку для тых, хто хоча быць бліжэй да прыроды.
Працяг будзе.
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, Budzma.by