Літаратурна-музычныя сустрэчы з удзелам пісьменніка Васіля Якавенкі і спевака, аўтара песняў Андрэя Плясанава адбыліся ў Берасцейскай вобласці 11–13 чэрвеня.
Мотыль, бібліятэка
У Цэнтральнай раённай бібліятэцы г. Івацэвічы прысутнічала 20 гледачоў.
Пісьменнік Васіль Якавенка расказаў пра нацыятворную ролю беларускай літаратуры ў гістарычным абсягу, пра сваю творчую працу і грамадскую дзейнасць, зафіксаваную ў такіх кнігах, як «Крушэнне на ростані» і «Нячывелле». Выступ перамяжаўся музычнымі паўзамі.
Івацэвічы, Цэнтральная раённая бібліятэка
Андрэй Плясанаў выканаў шэраг песняў патрыятычнага, лірычнага і баладнага плану. Жывая рэакцыя, лагодныя ўсмешкі і воклічы захаплення былі адказам на яго выступ. Сярод пытанняў найбольш важным было: «Ці не страціла беларуская літаратура апошнім часам свае заваяваныя ў савецкі час пазіцыі?». Разгорнуты адказ задаволіў слухачоў. Ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў Васіль Якавенка падараваў бібліятэцы збор твораў Васіля Быкава, а таксама свае ўласныя кнігі.
аздараўленчы лагер «Парэчча»
У аздараўленчым лагеры «Парэчча», што знаходзіцца ў Пінскім раёне, на творчую сустрэчу прыйшло каля 130 гледачоў, пераважна дзяцей.
Размова ішла пра экалагічную дзейнасць пісьменнікаў і перш-наперш Васіля Якавенкі, пра ратаванне ракі Прыпяць ад выраўноўвання і асушэння шырокай прыпяцкай поймы, пра што сведчыла яго кніга «Крушэнне на ростані».
аздараўленчы лагер «Парэчча»
Пісьменнік расказаў дзецям пра кампанію «Будзьма беларусамі!», Андрэй Плясанаў дапоўніў яго, і яны разам разыгралі некалькі маек, торбачак, музычных дыскаў кампаніі, кніг пры адказе на шматлікія пытанні. Адным з пытанняў да залы было: «Што на практыцы азначае: “Будзьма беларусамі! Гэта нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі”»?
Адна з рослых дзяўчынак адказала па-руску: «Мы должны разговаривать на родном белорусском языке, что будет и объединять, и делать уникальными нас, как и весь народ».
Дзеці спявалі разам з Андрэем Плясанавым, атрымалі нямала аўтографаў на падараваных пісьменнікам кніжках казак «Чорная ружа».
У Дом культуры г.п. Целяханы Івацэвіцкага раёну слухачоў прыйшло каля 40 чалавек.
Васіль Якавенка:
«Я расказаў пра мэты гэтай сустрэчы, бо адзін з гледачоў пацікавіўся пра кампанію «Будзьма беларусамі!». Да мерапрыемстваў гэтай кампаніі блізка стаіць грамадскі клопат пісьменнікаў аб захаванні роднай мовы. Я пазнаёміў слухачоў з акцыяй у абарону беларускай мовы, якую правяла ў краіне грамадзянская ініцыятыва «Інстытут нацыянальнай памяці». З вялікай увагай прысутныя слухалі пра тое, як ствараліся гістарычны раман «Надлом» і трылогія «Пакутны век» — творы, якія, як і ўся беларуская літаратура, маюць нацыятворнае значэнне, бо ўздымаюць пачуцці чытачоў і працуюць на ўсведамленне сябе беларусамі, пашыраюць гістарычны, сацыяльна-псіхалагічны і этнічны кругагляд, пабуджаюць да грамадскай чыннасці».
Калі выступы гасцей скончыліся, прысутныя яшчэ доўга не разыходзіліся, знаёміліся з прапанаванымі ім кнігамі, дыскамі, задавалі пытанні, атрымлівалі аўтографы.
Васіль Якавенка:
«Дырэктар Дома культуры Наталля Бінец сказала, што такіх сустрэч у мясцовым жыцці ім вельмі не хапае, раней, казала, пісьменнікі былі больш частымі гасцямі, цяпер гэтага няма. Яна прасіла падумаць, як бы наладзіць яшчэ адну сустрэчу, але пры больш масавым удзеле слухачоў у Целяханах».
бібліятэка мястэчка Моталь
На сустрэчы, якая праходзіла ў бібліятэцы мястэчка Моталь Іванаўскага раёну, прысутнічала каля двух дзесяткаў мясцовых інтэлігентаў: бібліятэкараў, культработнікаў, дактароў, журналістка брэсцкай «Зари»…
Васіль Якавенка:
«Прысутных найбольш цікавіла праца над творамі, заснаванымі перш-наперш на гістарычных падзеях і чалавечай фактуры Моталя, — «Надлом», «Пакутны век». Я расказаў пра саму задуму і яе ўвасабленне ў эпічным стылі і маштабным аповедзе, пра гістарычных асоб, што сталі героямі альбо ў цэлым персанажамі кніг. Пытанні ў журналісткі былі па Кубэ, Даніку Плюнгеру, некаторых іншых персанажах. Ці не абражаная памяць ветэранаў кнігамі, дзе пададзена шмат адмоўных учынкаў з боку партызан? Ці не зрабіў аўтар памылкі, пакідаючы ў кнігах сапраўдныя прозвішчы і ўчынкі некаторых жыхароў Моталя, у якіх раскрываецца нешта такое, што можа іх бянтэжыць? Адказваючы на гэтыя і іншыя пытанні, адно пагадзіўся, што тут мог быць дапушчаны пралік, і пашкадаваў, што не прыхаваў прозвішчы некаторых другарадных асоб у рамане, хаця такіх выпадкаў і зусім не шмат».
Песні Андрэя Плясанава, які дапаўняў і развіваў далей выступ пісьменніка, таксама не пакінулі нікога абыякавымі.
Васіль Якавенка:
«Агульнае ўражанне ад падарожжа і літаратурна-музычных сустрэч: зрабілі добрую і нічым не замяняльную справу, падарылі людзям святло ў вокны, пакінулі там часцінку сваёй душы і прынялі ад іх удзячнасць за гэта».
Творчыя сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»