“Welcome to the future!” – пачаў спіч Павал Касцюкевіч на адкрыцці кніжнай паліцы ў этна-краме “Цудоўня”.
Першы лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца і па сумяшчальніцтве арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ” павіншаваў гарадзенцаў са з’яўленнем “кнігарні будучыні”.
“Тэндэнцыя такая, што хутка звычайныя кнігарні выцясняць прасторы, якія будуць прапаноўваць не толькі набыць кнігі, але тут жа пачытаць, выпіць кавы ды абмеркаваць іх у цікавым асяродку”, – гаворыць Павал.
19 лістапада ў краме “Ц” – тры крамы пад адным дахам, адна з якіх “Цудоўня”, – не было дзе яблыку ўпасці. Мерапрыемствы з нагоды доўгачаканага адкрыцця кніжнай палічкі змянялі адно адно.
У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” імпрэзу распачалі Андрэй Хадановіч і Павал Касцюкевіч.
Цягнік “Бадлер–Гародня”! Вядомы паэт, перакладчык, бард Хадановіч прэзентаваў новую кнігу вершаў “Цягнік Чыкага–Токіё”, а таксама кнігу вершаў Шарля Бадлера ў перакладзе на нашу мову.
Чытанні Андрэй аздобіў спевамі пад гітару.
Павал Касцюкевіч апавёў гісторыю стварэння свайго пераможнага рамана “План Бабарозы” і зачытаў колькі ўрыўкаў з яго. Цытаты былі досыць сціплыя: каб не разбураць інтрыгу для зацікаўленых гарадзенцаў.
Жыхары горада цяпер змогуць купіць беларускамоўную літаратуру ў яшчэ адным месцы: “Крама “Ц” на Вялікай Траецкай; замовіць ветлівым прадаўцам гарачы напой і прысесці тут жа за столікам пагартаць свежыя старонкі.