На Захадзе многія думалі, што «беларуская дыктатура — абсалютна ўнутраная справа РБ, ні на каго ў сьвеце асабліва не ўплывае, хіба толькі на бедных няшчасных прыгонных беларусаў». Чаму гэта не так, і як насамрэч беларускі дрэнны прыклад уплывае на ўвесь свет, піша Лявон Вольскі.
Лявон Вольскі
Даўным-даўно, напрыканцы 90-х, я казаў усім, у тым ліку замежным сябрам: «У Беларусі дыктатура, таму ўвесь сьвет у небясьпецы!».
Мяне слухалі, хіталі галовамі і думалі сабе: «Які там сьвет у небясьпецы?! Ну, завёўся ў вас нейкі аграфюрэр, калгасны аўтакрат, каму ад гэтага будзе так ужо кепска? Не, ну, ясна — парадаксальнае непрадказальнае кіраўніцтва — цяжка супрацоўнічаць, бо настрой лідэра нацыі часьцяком зьмяняецца, і прадказаць гэтыя зьмены немагчыма, але Беларусь — не такі ўжо й істотны партнэр, і беларускі рынак не такі ўжо й вялікі.
Калі што, можна абысьціся і безь яго. Не, безумоўна, добра, калі ён ёсьць, і там можна прадаваць Škoda ды Nivea, але калі раптам зачыніцца, дык можна неяк безь яго і абысьціся. То-бок, беларускаму народу кепска — гэта бясспрэчна — ён зрабіўся ахвярай экспэрымэнту. Набудавалі яму лядовых палацаў ды аграгарадкоў, закруцілі гайкі — нешта не падабаецца, сядзі ды маўчы, інакш пасадзяць. Паўсюль сілавыя структуры — на кагосьці ня так паглядзіш, а гэты хтосьці, высьвятляецца, службіст з ГУБАЗіКа ці то АМОНа, ці якога СК, ці з КГБ... І ўсё — паехаў на Акрэсьціна.
Беларусам — сапраўды нядобра, але пры чым тут астатні сьвет? Беларусь традыцыйна знаходзіцца ў сфэры ўплыву дэмакратычнай Расеі, вось хай Расея зь ёй і разьбіраецца! Дэмакратызуе яе неяк, ці што? А мы проста, калі чарговым разам спатрэбіцца, выразім занепакоенасьць».
Прыкладна так думалі замежныя (заходнія) прыяцелі.
Крыніца: ru.freepik.com
Тымчасам да беларускага лідэра прыглядаліся кіраўнікі суседніх дзяржаваў, у першую чаргу — тае самае «дэмакратычнае Расеі».
Спачатку яны выкарыстоўвалі РБ як адмоўны прыклад — маўляў, глядзіце, што там робіцца, у нас дык зусім ня так. У нас — дэмакратыя! Потым паціху пачалі выкарыстоўваць перадавы беларускі досьвед — напрыклад, з электаральнай кампаніяй. Ну, вось хто на пачатку 90-х мог падумаць, што вынікі выбараў можна сфальсыфікаваць?
У некаторых вочы расплюшчыліся толькі ў 2020-м, да гэтага думаць пра фальшаваньне выбараў было неяк некамфортна, няёмка і нават страшна. Бо як гэта — жыць у краіне, дзе «нязьменны лідэр» пастаянна абіраецца народам, а насамрэч не народам, а структурамі, якія займаюцца гэтым спэктаклем — імітацыяй выбараў.
Калі пра гэта думаць, робіцца зусім некамфортна — калі яны не баяцца так абыходзіцца з цэлым народам, дык што будзе, калі ты, маленькі непрыкметны чалавечак, патрапіш да іх у лапы? Ды з табой зробяць усё, што заўгодна, а потым скажуць, што так і было, а ўсе будуць тыпу «верыць», бо прызнацца, што ты ня верыш — значыцца, самому апынуцца ў іхных лапах, і з табой зробяць тое самае.
І вось усходняя «дэмакратычная» краіна-суседка пільна прыглядалася да ўсіх гэтых «выбараў» і іхных «вынікаў», да народнае рэакцыіі на гэтыя «вынікі» (а рэакцыя была — выйшлі некалькі дзясяткаў тысячаў на плошчу, пакрычэлі-пабунтавалі, іх разагналі, актывістаў пасадзілі, пракацілася чарговая хваля эміграцыі, на гэтым усё й скончылася, людзі ходзяць на працу, адпачываюць, вядуць дзяцей у садок і школу — у прынцыпе, нічога страшнага), і калі прыйшоў належны час, пачала сама выкарыстоўваць перадавы беларускі досьвед.
Пратэсты ў Мінску, 2006 год. Крыніца: wikipedia.org
Высьвятляецца, фальсыфікаваць можна лёгка і проста, асабліва калі ў цябе пад рукою адладжаная прапагандысцкая машына. Можна, як у РБ, кідаць людзей за краты, а потым выкарыстоўваць іх у якасьці разьменнай манэты ў гандлі з Захадам. А потым, калі зусім ужо ўпэўнісься ў сваёй уседазволенасьці й беспакаранасьці, можна разьвязаць сапраўдную вайну!
Тут расейскі лідэр нібыта прачытаў думкі беларускага — той бы даўно ўжо ўкруціўся ў які ўзброены канфлікт, ды моц ня тая. І ядравай зброі няма — як ты будзеш усіх шантажаваць? У расейскага ядравыя боегалоўкі былі. І моц — таксама (адно што ён надта яе пераацаніў, небарака), вось ён і вырашыў паказаць усяму сьвету, хто тут галоўны.
А быў жа ж дэмакрат дэмакратам, і з Мэркель па-нямецку шчабятаў, і візы грамадзянам Расеі Злучаныя Штаты давалі адразу на дзесяць гадоў, а не на год (у звышлепшым выпадку!), як беларусам.
Малюнак Лявона Вольскага
А тое, што пад бокам быў надта ўжо прыцягальны прыклад, якім ну проста нельга не пакарыстацца.
А ўжо дрэнным расейскім прыкладам пачалі карыстацца іншыя аўтарытарныя постаці. Бо ён, гэты прыклад, такі прыцягальны, такі спакушальны для асобаў пэўнага кшталту.
А вы сабе думалі, што беларуская дыктатура — абсалютна ўнутраная справа РБ, ні на каго ў сьвеце асабліва не ўплывае, хіба толькі на бедных няшчасных прыгонных беларусаў. Дык паглядзіце, што робіцца!
Паглядзіце на гэты парад упэўненых у сабе, нахабных і хлусьлівых аўтарытарных кіраўнікоў! Іх пакуль што падтрымлівае іхны народ, але калі прыйдзе час, і людзі нарэшце вырашаць не падтрымаць, баюся, яны вельмі зьдзівяцца вынікам чарговае выбарчае кампаніі — «элегантнай перамозе» свайго цяпер ужо нязьменнага лідэра, які нацэліўся на доўгія дзесяцігодзьдзі кіраваньня і якому было з каго браць прыклад.
Лявон Вольскі, Budzma.org