У віленскім клубе «Paviljonas» увечары 12 жніўня быў аншлаг. Нягледзячы на панядзелак і сур’ёзнасць тэмы: беларуская мова сёння, мова ў эміграцыі і ў Беларусі, далейшыя перспектывы. Было відэа па кнізе «Мова 404», дыскусія, у тым ліку з амерыканскім беларусістам, і на завяршэнне — камерны і шчыры канцэрт Лявона Вольскага.
Ігар Случак, Аліна Нагорная і Курт Вулхайзер
Кніга «Мова 404» накладам у 500 асобнікаў выйшла ў 2021 годзе. Пад адной вокладкай Аліна Нагорная сабрала гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з моўнай дыскрымінацыяй у розных сферах. Паводле аўтаркі, кніга задумана, каб паказаць і асэнсаваць маштаб праблемы, і такім чынам зрабіць першы крок да яе вырашэння. У 2024-м было прэзентавана дапоўненае перавыданне з новымі гісторыямі людзей, храналогіяй моўнай палітыкі ў Беларусі апошніх стагоддзяў, ілюстрацыямі. Таксама «Мова 404» зараз даступная анлайн для бясплатнага чытання.
Прыводзім найбольш цікавыя, магчыма, часам спрэчныя выказванні ўдзельнікаў вечарыны-дыскусіі, якую вёў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
Андрэй Стрыжак
Амерыканскі лінгвіст, выкладчык Бостанскага каледжа Курт Вулхайзер апошнія два месяцы даследуе ў Польшчы і Літве «моўныя аўтабіяграфіі» і моўны узус беларусаў: «Мне як чалавеку, які вывучае моўную беларускую сітуацыю яшчэ з пачатку 1990-х гадоў, здаецца, што ёсць пэўныя пазітыўныя зрухі ў параўнанні з тым, што было ў канцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў. Сам я апошні раз быў у Беларусі ў 2019 годзе. Мне тады падалося, што я нашмат часцей чую беларускую мову ў розных сітуацыях, моладзь, мне здаецца, больш пачала цікавіцца мовай.
Цяпер вельмі шмат людзей вымушана з’ехала з Беларусі. Цікава, што ў гэтым асяроддзі вельмі шмат людзей вырашыла перайсці на беларускую мову, асабліва пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Я сёлета праводжу даследаванне наконт ролі беларускай мовы сярод новай беларускай дыяспары. Сапраўды, як бачу са сваіх інтэрв’ю, беларусы сталі часцей карыстацца беларускай мовай, прынамсі, у гэтым асяроддзі. Але, думаю, і ў самой Беларусі цікавасць да мовы расце. Магчыма, у цяперашніх палітычных умовах гэта даволі складана, ёсць пэўная небяспека ў гэтым, але, здаецца, перспектывы добрыя».
Курт Вулхайзер
Як хутка і ці стане ўвогуле беларуская мова афіцыйнай у камунікацыі?
Моўны актывіст, праваабаронца Ігар Случак: «Я заўжды вялікі аптыміст. (...) Мова стане мовай афіцыйнай камунікацыі, калі палітычны рэжым сапраўды зменіцца. Тады проста трэба вярнуцца да законаў, якія былі да дзяржаўнага перавароту 1996 года. Бо фармальна і зараз дзейнічае Канстытуцыя 1994-га, па якой беларуская мова з’яўляецца адзінай дзяржаўнай, а руская мае статус мовы міжнацыянальных зносін. Таму калі мы вернемся да законнасці, то лагічна, што ўся дзяржаўная камунікацыя павінна весціся на беларускай мове. Лічу, што пераходны перыяд павінен быць кароткі. Зянон Пазьняк радыкальна казаў, што павінна быць 10 гадоў на пераход. Я ж лічу, што дастаткова трох месяцаў для любога беларуса, каб перайсці на беларускую мову без праблем».
Ігар Случак
Курт Вулхайзер: «На мой погляд, трэба прыгледзецца да ўкраінскага досведу, у гэтай краіне ўсходняя частка даволі моцна адрознівалася што да мовы ад заходняй. Беларусь больш аднародная ў гэтым плане, больш падобная да Усходняй і Паўднёвай Украіны. Думаю, патрэбны менш радыкальны падыход, за год ці два наўрад ці рэальны пераход, а вось — як Пазьняк казаў — 10 год на гэта. Хаця шмат чаго залежыць ад таго, што адбудзецца пасля сыходу пакалення Лукашэнкі, а гэта вельмі важны фактар. Мне асабіста вельмі складана зрабіць прагноз, але чаму не ўлічыць досвед краін Заходняй Еўропы, калі гаварыць пра Беларусь? Вось, напрыклад, Каталонія, хаця вядома ж, гэта не цалкам незалежная краіна, але з сур’ёзнай аўтаноміяй. Што там адбылося пасля смерці дыктатара Франка? Паступова пачалі распаўсюджваць каталонскую мову ў розных сферах, гэты працэс ішоў каля 20 гадоў. Пры гэтым была свая спецыфіка: каталонцы ў большасці сваёй захавалі сваю мову і пры Франка. То-бок нават у такой, больш спрыяльнай да мовы сітуацыі, ім усё роўна даволі доўга прыйшлося дасягаць сённяшняга ўзроўню».
Андрэй Стрыжак заўважае: «Але побач з Каталоніяй ёсць Валенсія з падобнай мовай і сітуацыяй. Але ў Каталоніі — абавязковая пачатковая адукацыя на каталонскай, у Валенсіі ж грамадзянам прадастаўлены выбар. І пры калісьці аднолькавых стартавых умовах зараз сітуацыі там вельмі розныя, не на карысць Валенсіі».
«Беларуская мова мусіць стаць выгаднай і прэстыжнай»
Акрамя пакалення Лукашэнкі, ёсць новае пакаленне, якое задаволена цяперашняй сітуацыяй, у тым ліку і моўнай, «яны бачаць сябе ў гэтай сістэме, што з імі рабіць, як да іх звяртацца — яны яшчэ доўгі час будуць шмат што вырашаць у грамадстве».
Ігар Случак: «Я ўсё ж такі лічу, што беларусы, нават якія добра не ведаюць беларускую мову, могуць яе даволі лёгка засвойваць. Я бачу, што тыя, хто сышоў з сістэмы ў наш дэмакратычны лагер, даволі лёгка перайшлі на беларускую і карыстаюцца ёю без праблем. Калі змены адбудуцца, то лукашэнкаўская сістэма таксама будзе змяняцца, пераходзіць да беларускай мовы, бо гэта будзе выгадна, альбо папросту прэстыжна. Галоўнае, стварыць запатрабаванасць у мове. Вярнуцца да каранёў, якія мы страцілі. Не будзе вялікай цяжкасці перайсці людзям сістэмы на беларускую мову. Скажу, што нават зараз я гэта бачу ў адказах чыноўнікаў на мае звароты наконт мовы. Пасля 2020 года я часта адчуваю нават нейкую прыязнасць, пазітыў у адказах, ідуць на кантакт, змяняюць шыльды, на таварах надпісы і г. д.».
Ці магчыма захаваць сваю мову (якая і так у хваравітым стане) у эміграцыі?
Курт Вулхайзер: «У межах свайго даследавання я якраз хачу даведацца пра ролю беларускай мовы ў стварэнні беларускай супольнасці за мяжой. У першую чаргу ў Польшчы і Літве, бо большасць выехалых асела менавіта ў гэтых краінах. У фокус-групах, якія я праводжу з так званымі новымі беларускамоўнымі, яны самі кажуць, што ў эміграцыі чуюць больш беларускай мовы, чым чулі ў самой Беларусі. Многія кажуць, што беларускамоўным чалавекам быць лягчэй у эміграцыі, чым на радзіме. А чаму гэта так? Вось адзін у Беластоку казаў, што тут не адчуваеш ціск расійскамоўнай дзяржавы на сабе. Гэта суб’ектыўнае меркаванне, але, думаю, ёсць доля праўды ў гэтым. А што тычыцца захавання мовы ў іншых краінах, то тут шмат залежыць ад нацыянальнай групы і стаўлення дзяржавы. Украінцы паспяхова захавалі сваю мову, асабліва дыяспара ў Канадзе, у тым ліку і таму, што канадская дзяржава спрыяла гэтаму. Шмат фактараў».
Практыкаваць беларушчыну
Ігар Случак: «Хачу зрабіць напрыканцы сустрэчы пасыл для тых беларусаў, хто быў змушаны пакінуць Беларусь. Зараз на вас не цісне рускамоўная беларуская дзяржава, зараз вы бачыце іншыя народы, іншыя краіны. Вы бачыце, што ўсе народы, сярод якіх вы жывеце, размаўляюць на сваёй мове. Я проста прашу вас: размаўляйце паміж сабой па-беларуску, пакажыце, што вы беларусы, проста паважайце сябе, бо нас не будуць ніколі паважаць за тое, што мы не можам размаўляць на сваёй мове».
Аліна Нагорная: «Мы павінны камунікаваць між сабой па-беларуску, мы павінны ствараць умовы для адукацыі дзяцей, бо мы ж хочам вярнуцца. А калі вярнуцца, то ствараць нашу Беларусь, не рускамоўную і не расейскую. (...) Мы павінны ствараць умовы, каб мова захоўвалася не як нешта дэкаратыўнае, а менавіта як сродак камунікацыі людзей краіны між сабой».
Аліна Нагорная
Курт Вулхайзер: «Я ўжо амаль два месяцы ў Польшчы і Літве сярод беларускай дыяспары назіраю цікавыя ініцыятывы. У Варшаве столькі розных мерапрыемстваў на беларускай мове, напрыклад, ёга на мове, медытацыя на мове і процьма іншых. Мне падаецца, гэта вельмі важна для захавання мовы. Такая дзейнасць вельмі важная для папулярызацыі мовы, і ў беларускай эміграцыі ёсць вельмі вялікі патэнцыял для таго, каб рабіць беларускую мову агульнай для ўсіх беларусаў».
Лявон Вольскі распачаў свой канцэрт кароткім уступам: «Шмат чаго можна казаць пра беларускую мову і яе праблемы. Але, мне здаецца, усё вельмі проста. Трэба прыходзіць да ўлады, трэба мяняць гэтую ўладу — і зменіцца ўсё і з беларускай мовай. Даўно маем ва ўладзе людзей, якія беларускую мову лічаць чымсьці тым, што засталося ў тым калгасе, з якога яны выйшлі».
Лявон Вольскі
Рыгор Сапежынскі, budzma.org