Рэклама – рэч загадкавая: з аднаго боку мы яе не вельмі любім, асабліва па тэлевізары, а вось калі яе паказваюць у кінатэатры, стаўленне да яе змяняецца дыяметральна. У гэтым чарговы раз пераканалася кампанія кампанія “Будзьма беларусамі!” супольна са спецыялізаваным інтэрнэт-рэсурсам marketing.by, якія зладзілі рэтраспектыўны паказ беларускамоўнай рэкламы за апошнія пяць гадоў.
Паказ прайшоў у межах Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! Атрымаўся такі сабе “вечар пажыральнікаў беларускамоўнай рэкламы” – і, мяркуючы, па цікавасці аўдыторыі, не апошні.
“Рэклама ўплывае на нас штодня, хочам мы таго ці не, – кажа каардынатар кампаніі “Будзьма” Ніна Шыдлоўская. – Аднак асаблівасць беларускай рэкламы ў тым, што па ёй немагчыма ідэнтыфікаваць краіну, беларускамоўнай і беларускаментальнай рэкламы вельмі мала. Менавіта для таго і быў створаны Фестываль AD.NAK! – прыцягнуць стваральнікаў рэкламы і рэкламадаўцаў да беларускай мовы, паказаць што беларуская мова – якасны інструмент камунікацыі. Рэклама на мове – гэта адметна, модна, сучасна! Працуючы ў беларускай мове, адмыслоўцы пачынаюць адкрываць для сябе цэлы культурніцкі пласт, знаходзіць “разынкі” для рэкламы, пра якія раней нават не здагадваліся. За шэсць гадоў фестывалю кампанія “Будзьма беларусамі!” разам з парталам marketing.by запусцілі такія працэсы, што нават пры жаданні мы ўжо не змаглі б адмовіцца ад правядзення чарговага AD.NAK!”.
Сяргей Скараход, кіраўнік marketing.by, распавёў пра адметнасці намінацый сёлетняга фестывалю, нагадаўшы, што такое мерапрыемства было б складана арганізоўваць, калі б не партнёрская дапамога. І найперш – кампаніі velcom, якая другі год запар падтрымлівае фестываль і з’яўляецца яго генеральным партнёрам.
Рэтраспектыва беларускамоўнай рэкламы выявілася выдатнай ідэяй – на пляцоўцы Studio67 сабралася каля сотні аматараў ці то мовы, ці то рэкламы, а можа, і таго, і іншага. Паказ доўжыўся больш за паўтары гадзіны, што з аднаго боку быццам бы шмат, з іншага – на вялікі жаль, у гэты час уклаліся амаль пяць гадоў відэатворчасці беларускамоўных рэкламістаў.
Падчас такіх праглядаў рэкламных ролікаў (менавіта ў глядацкай зале, а не дома на канапе), пачынаеш разумець, што рэклама можа мець мастацкую вартасць. Нават самыя простыя рэчы на вялікім экране пачынаюць выглядаць па-новаму. Напрыклад, ролік газеты “Навіны Палесся” – падавалася б, што тут асаблівага – зрывае апладысменты гледачоў.
Гэтаксама з паказу можна зрабіць некалькі цікавых высноваў. Беларускую мову надзвычай любяць стваральнікі рэкламы пітва: ледзь не чвэрць ролікаў прысвечаная квасу (асабліва квасу “Хатні”, якія выяўляюцца беларусацэнтрычнай кампаніяй) і піву.
Іншая выснова – сацыяльная рэклама можа быць не зробленай на левай каленцы і несці ў сабе прапісныя ісціны, а можа быць зробленая густоўна, як, прыкладам ролікі, прысвечаныя артыкулу 60 беларускай Канстытуцыі.
Асобная размова – рэклама ў інтэрнэце, калі курсы беларускай мовы рэкламуюць фрагментамі фільмаў “300 спартанцаў” ці “Шэрлак” (гісторыя з выдаленнем апошняга з інтэрнэту і вяртання назад вартая калі не аповесці, то апавядання). Ці жартаўлівы Dranik-style, які аўдыторыя ўспрымае на ўра.
Да таго ж ёсць некалькі прыкладаў таго, як рэкламныя ролікі пачынаюць жыць уласным жыццём – як знакаміты мульцік “Будзьма Беларусамі!” ці спеўная рэклама ёдавай солі пад калыханку “Спі, мая дзетачка”.
“У тым і палягае наша задача: паказаць што бізнес і культура мала таго што ідуць поруч, але і з’яўляюцца выгаднымі партнёрамі, – кажа Ніна Шыдлоўская. – Тым больш па дадзеных сацапытанняў не меней за 60 працэнтаў жыхароў Беларусі вітаюць беларускую мову ў рэкламе”.
Мікалай Левертаў
У Фестывалі “AD.NAK!” ёсць месца ўсім – і адмыслоўцам, і культурніцкім дзеячам, і “спажыўцам”. А ў фестывальны дзень цікаўных чакае спецыяльная адукацыйная праграма з удзелам айчынных і замежных спікераў. Стаць удзельнікам фестывалю – самы час. Генеральны партнёр – кампанія velcom. Усе падрабязнасці на сайце adnak.by.