Сябры журы двух сезонаў Прэміі імя Карласа Шэрмана абралі пераможцаў у трох намінацыях: «Пераклад прозы», «Пераклад паэзіі», «Пераклад дзіцячай літаратуры». Цырымонія ўручэння адбылася 22 лістапада ў Варшаве на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, піша bellit.info.
Сёлета намінанты і сябры журы маглі скарыстацца шыфраваннем, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.
У журы прэміі 2023 году ўвайшлі: філолаг-славіст, перакладчык, рэдактар Сяргей Сматрычэнка, перакладчыца, рэдактарка, кніжная блогерка Наста Карнацкая, паэтка, перакладчыца, выкладчыца ангельскай мовы Ганна Шакель, літаратар, журналіст, рэдактар Сяргей Дубавец. Cябры журы прэміі 2024 году пажадалі застацца непублічнымі.
Алена Пятровіч. Станіслаў Ігнацы Віткевіч «Ненасытнасць». Выдавецтва «Янушкевіч», 2023. Пераклад з польскай.
Андрэй Хадановіч. Сяргій Жадан* «Іншае імя любові» (выдавецтва hochroth Minsk) і «Месапатамія» (выдавецтва «Янушкевіч»), 2023. Пераклад з украінскай.
Сярж Мядзведзеў. Фрэнк Баўм «Чараўнік Краіны Оз». Выдавецтва «Тэхналогія», 2023. Пераклад з англійскай.
Сяргей Шупа. Юргіс Кунчынас «Туўла». Выдавецтва «Вясна», 2024. Пераклад з літоўскай.
Лявон Баршчэўскі. Гамер «Іліяда». Выдавецтва «Полацкія лабірынты», 2024. Пераклад са старажытнагрэцкай.
Васіліна Кац. Эля Рыхтэр «Анат у Ханаане». Выдавецтва «Пралеска», 2024. Пераклад з іўрыту (зашыфраваны ўдзел).
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва «Viartańnie», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.