Кожны беларус і беларуска любога ўзросту хаця б раз у жыцці чыталі знакамітую «Спадчыну» Янкі Купалы або чулі ў якасці песні ў выкананні «Песняроў». А ў верша гэтага, які пераклалі больш чым на 20 моваў свету, даволі цікавая гісторыя.

Вокладка зборніка «Спадчына» (Мінск, 1922). Фота з Вікіпедыі
Янка Купала напісаў свой знакаміты верш, які даў назву цэламу зборніку песняра, выдадзенаму ў 1922 годзе, у канкрэтны дзень — 19 лістапада 1918 года. Да гэтага наш геніяльны творца некалькі гадоў упарта маўчаў. Чаму? Пытанне, якое на сённяшні дзень не мае пэўнага адказу...
З гісторыі памятаем, што Купала быў рэдактарам «Нашай Нівы» да апошняга — пакуль немцы ў 1915 годзе не занялі Вільню, і паэт разам з многімі іншымі беларускімі дзеячамі быў вымушаны пакінуць горад. Спачатку ён перабіраецца ў Маскву, дзе спрабуе нават паступіць ва ўніверсітэт, але час не для вучобы. Потым будзе Арол, урэшце Купала асядзе ў Смаленску.
Калі ўважліва пагартаць поўны збор твораў Янкі Купалы, то хіба сляпы не заўважыць — паэт амаль ад пераезду і да восені 1918 года маўчаў. Пытанне чаму — хіба што рытарычнае. Не адгукнуўся ён вершам ні на Лютаўскую, ні на Кастрычніцкую рэвалюцыі, маўчаў пра Усебеларускі з’езд, які быў разагнаны бальшавікамі.
Не ведаў? Ведаў. Мяркуючы па ўскосных звестках — наш класік быў вельмі добра абазнаны ў тым, што адбывалася ў беларускім руху той пары, але з нейкіх прычынаў трымаўся ад яго на дыстанцыі. Ніяк ён не ўхваліў, дарэчы, і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Ужо значна пазней — за раннімі Саветамі — ён будзе хутчэй насміхацца ў вершах з некаторых «народных міністраў». Найперш з тых, з кім у яго былі асабістыя рахункі яшчэ з «нашаніўскіх» часоў.
За Савецкую Беларусь, якая была абвешчана ў студзені 1919 года, на сваёй смаленскай кватэры Купала нібыта ўзняў чарку з будучымі ўдзельнікамі першага беларускага ўрада. Але ведаем аб гэтым толькі з успамінаў аднаго чалавека — Язэпа Дылы, які шмат чаго зрабіў у 1920-я гады на ніве беларусізацыі. А потым і сам стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій і быў высланы ў Саратаў. Сталіна ён цудам перажыў, але дамоў ужо ніколі не вярнуўся...
З тых успамінаў можна троху дазнацца аб купалавым побыце ў Смаленску:
«У пачатку студзеня 1919 года мы ехалі з Масквы на работу ў Мінск праз Смаленск, дзе ў гэты час адбываўся з’езд прадстаўнікоў партыйных арганізацый Смаленскай вобласці і Заходняга фронту. У Смаленску жыў тады Янка Купала. Даведаўшыся ад Цішкі Гартнага, што ўвечары ён збіраецца пабачыцца з Янкам Купалам, я папрасіўся пайсці разам з ім, каб пазнаёміцца з вядомым пісьменнікам, якога дагэтуль ведаў толькі па яго творах.
Трапіўшы на аддаленыя ад цэнтра горада вуліцы, мы марудна ішлі ў цемры. Нарэшце ўбачылі домік, дзе жыў паэт. Пастукалі. Праз некаторы час пачуліся крокі, і жаночы голас спытаў:
— Вы да каго?
— Мы да Купалы Янкі!
Нам адчыніла дзверы маладая ветлівая жанчына.
— Заходзьце, калі ласка! — запрасіла яна. — Будзем знаёмы... Янка толькі сёння к вечару прыехаў са сваёй прадкомаўскай камандзіроўкі, стаміўся і лёг адпачыць... Распранайцеся, калі ласка, і праходзьце ў пакой!.. Я зараз разбуджу яго. Ён будзе рады пабачыцца са сваімі людзьмі, бо жывём у вялікай адзіноце і рады кожнаму чалавеку з Беларусі.
Перад намі была Уладзіслава Францаўна, такая дзейная, клапатлівая, гаваркая. Яна разбудзіла Купалу, і праз некалькі хвілін мы ўбачылі пісьменніка, які з усмешкай ветліва ціснуў нам рукі».
Янка Купала з жонкай Уладзіславай Станкевіч, 1916 год. Фота з Вікіпедыі
Далей яны сядаюць за стол, вячэраюць, размаўляюць, бяруць чарку за новапаўсталую рэспубліку, разважаюць аб ейнай светлай будучыні. І тут Дыла прыгадвае яшчэ адну важную дэталь, якую не мог не памятаць з таго свайго смаленскага ваяжу:
«...Як вядома, паэт з захапленнем працаваў над празаічным і вершаваным перакладамі «Слова аб палку Ігаравым». Купала падышоў да гэтай работы вельмі грунтоўна. Ён старанна вывучаў важнейшыя артыкулы і паасобныя выданні, у якіх тлумачацца незразумелыя месцы тэксту «Слова».
Паэт казаў, што праца над перакладам «Слова» хоць і была цяжкай, але прынесла яму вялікае задавальненне. Ён аддаў ёй многа сіл і часу, бо хацеў захаваць своеасаблівасць гэтага высокамастацкага твора».
А запомніў ён гэты факт, бо акурат у гэты самы час паэт і займаўся перакладам гэтага твора старажытнарускай літаратуры на сучасную беларускую мову. Канчаткова завершаны пераклад пабачыў свет у 1919 годзе. Але што прымусіла Купалу пасярод працяглага маўчання напісаць такі ўзнёслы і такі геніяльны верш, які чуў хаця б раз ці не кожны беларус?
Адказ адначасова і просты, і не, бо, мяркуючы па ўсім, гэта была зусім кароткая паездка ў Беларусь. Паэт Алег Лойка, знакаміты даследчык жыцця Янкі Купалы, які напісаў біяграфію класіка для серыі ЖЗЛ, так згадвае гэты важны для беларускай гісторыі эпізод:
«І калі Купала быў яшчэ паязджанінам, быў у яго, праўда, вельмі кароткі, бо аднадзённы, прыезд на Беларусь — у Оршу. Гэта было ў лістападзе 1918-га, 19 дня. Дзень векапомны для беларускай паэзіі, бо ў гэты дзень Купала напісаў верш «Спадчына», які сёння стаў адной з самых любімых песень у Беларусі. Самому Купалу не суджана было пачуць мелодыі гэтай, як і многіх іншых песень на яго словы, якімі сёння ганарыцца беларуская музыка — але гэты верш прыйшоў сапраўды «ласкай матчынай». Орша была так блізка ад Акопаў, ад маці, што ўсё на свеце для паэта прасвятлела, і ў гэтым ясным святле ён убачыў найпершую каштоўнасць на зямлі, найпершы скарб — спадчыну «ад прадзедаў спакон вякоў».
І ён тут жа выпяяў песняй, музыкай слоў пра тое, як яму «баюць казкі-сны вясеннія праталіны, і лесу шэлест верасны, і ў полі дуб апалены». І ён тут жа вельмі натуральна прызнаўся, як залежыць яму на гэтым скарбе, і што значыць для яго гэты скарб у жыцці, і чаму ён, паэт, «і ў белы дзень, і ў чорну ноч» усцяж робіць «агледзіны, ці гэты скарб не збрыў дзе проч, ці трутнем ён не з’едзены». «Завецца ж спадчына мая,— прызнаваўся душою паэт,— усяго Старонкай Роднаю»...»

Янка Купала, красавік 1919 года. Фота з Вікіпедыі
Ужо неўзабаве, у канцы студзеня 1919 года Янка Купала перабярэцца на пастаяннае жыхарства ў Мінск, дзе праз тры гады выдасць сваю «Спадчыну» разам з іншымі вершамі ў асобным зборніку ва ўласным выдавецтве. Язэп Дыла, пішучы свае ўспаміны ў Саратаве ўжо ў познесавецкі час, коратка прыгадае і гэты момант:
«У 1922 годзе было заснавана выдавецкае таварыства. Купала як член праўлення таварыства, куды ўваходзіў і я, актыўна працаваў пры складанні планаў першых выданняў. На яго ж плечы лёг і выпуск выданняў, сувязь з друкарняй паліграфтрэста. А сачыць за друкаваннем кніг трэба было пільна, бо друкарні тады працавалі дрэнна. Купала ж да гэтага часу меў ужо значную выдавецкую практыку ў Вільні».

Кніга Янкі Купалы «Спадчына». 1922 г. Фота: «Радыё Свабода»
Па «зразумелых» прычынах Язэп Дыла толькі мімаходзь згадвае, але ж не называе гэтае таварыства. А звалася яно Беларускае каапэратыўна-выдавецкае таварыства «Адраджэньне» і мела выдаваць аднайменны часопіс. Праўда, свет пабачыў толькі адзін нумар. Янка Купала, адзначыўшы сваё 40-годдзе выданнем у Менску «Спадчыны», троху сцішыўся. І не дарэмна. Бо ўжо ў 1925 годзе ён быў першым у нашай гісторыі ўганараваны званнем Народнага паэта Беларусі і атрымаў за гэта прыжыццёвую «пенсію» — адпаведна змог пакінуць сваю ранейшую працу і атрымліваць сталы заробак выключна за сваю літаратурную творчасць. Праўда, паэт застаўся працаваць на палову стаўкі ў Інбелкульце, дзе займаўся распрацоўкай літаратурнай тэрміналогіі.
Спадчына
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.
Жыве з ім дум маіх сям’я
І сніць з ім сны нязводныя...
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
1918
«Спадчына» па праве лічыцца адным з найлепшых твораў нашага класіка. Гэты геніяльны верш на музыку паклаў вядомы кампазітар Ігар Лучанок, а выкананне музычнага твора «Песнярамі» зрабіла песню сапраўды культавай.
Л. Г. , Budzma.org