Сёння, 12 траўня, спаўняецца 190 гадоў з дня нараджэння вядомага вандроўніка, даследчыка флоры і фаўны Сібіры, удзельніка паўстання 1863-1864 гадоў Бенедзікта Дыбоўскага. Паводле ягонага жыцця можна было б зняць добры прыгодніцкі фільм. Цудам пазбегнуўшы смерці, ён прайшоў шлях ад катаржніка ў Сібіры да першага даследчыка Байкала. Расказваем пра лёс гэтага неверагоднага чалавека, які праз трагедыю ўласнай сям’і і народа стаў вядомым навукоўцам.
Бенедзікт Дыбоўскі
Нарадзіўся Бенедзікт Дыбоўскі ў траўні 1833 года ў маёнтку Адамарын каля Маладзечна ў сям’і Яна і Саламеі Дыбоўскіх. Бацька належаў да шляхецкага роду Дыбоўскіх з Менскага павета Вялікага Княства Літоўскага і браў удзел у папярэднім паўстанні — 1830-1831 гадоў.
Ян Дыбоўскі выхоўваў дзяцей у патрыятычным духу, таму, калі пачалося паўстанне 1863 года амаль ўся сям’я — дзеці і нават пляменнікі далучыліся да руху інсургентаў. У выніку лёс іх быў незайздросны, бо паўстанне было падаўлена. Тры дачкі — Ганна, Мальвіна і Каміла, а таксама адзін з сыноў — Тадэвуш былі вымушаныя выехаць на эміграцыю. Бацька разам з сынамі Бенедзіктам і Уладзіславам, а таксама прыёмнай дачкой аказваецца ў зняволенні.
Бенедзікт Дыбоўскі з жонкай, дачкой і братам Уладзіславам (стаіць)
За актыўны ўзел у паўстанні Бенедзікта Дыбоўскага прыгаварылі да пакарання смерцю, але на той час ён быў ужо вядомы ў навуковым свеце як малады заолаг. Калегі паднялі шум, заступіўся за Дыбоўскага нават Ота фон Бісмарк, які склаў хадатайніцтва або захаванні жыцця навукоўцу. У выніку смяротны вырак замянілі на 12 гадоў катаргі ў Сібіры, дзе ён і праявіў сябе як сапраўдны даследчык.
Па першым часе Бенедзікту Дыбоўскаму давялося валіць лес і лячыць хворых у мясцовай бальніцы. Праз нейкі час ён звярнуўся да ўладаў з просьбай аб дазволе займацца навукай. На той момант за плячыма Дыбоўскага была вучоба ў некалькіх еўрапейскіх універсітэтах, праца на кафедры заалогіі Варшаўскага універсітэта, а таксама удзел у шматлікіх экспедыцыях. Таму адмовіць яму не маглі...
Дыбоўскага пераводзяць на Байкал, дзе ён пачынае займацца вывучэннем прыродных умоваў наваколля і самаго возера. Цяпер у тое цяжка паверыць, але ў тыя часы гэты рэгіён быў не толькі амаль не даследаваны, але і слаба заселены. Было прынята лічыць, што за выняткам літаральна некалькіх біялагічных відаў, там няма ніякага жыцця і адпаведна няма чаго губляць час. Сваім прыкладам Бенедзікт Дыбоўскі ўзяўся абвергнуць гэтую тэзу і давесці адваротнае.
Разам з сябрамі-адзінадумцамі ён робіць навуковыя адкрыцці. Аргументавана даказвае, што ў даўнейшыя часы Байкал і Амур былі звязаныя між сабою. Адкрывае новы від жывароднай рыбы Байкала — галамянку, якая раней была не вядомая. Агулам ім было адкрыта каля 20 невядомых раней рыб Байкала, апісаны 116 зусім невядомых навуцы бакаплаваў, а ў 1875 г. вучоны правёў першую серыю замераў тэмпературы вады ў Байкале да глыбіні 1320 метраў.
За гэтыя дасягненні ў навуцы ён быў абраны сябрам Рускага геаграфічнае таварыства і ўзнагароджаны залатым медалём. Ад царскіх уладаў Бенедзікт Дыбоўскі атрымаў у 1877 годзе дазвол, каб вярнуцца на радзіму. Але ў хуткім часе Бенедзік Дыбоўскі выправіцца на Камчатку, дзе будзе працаваць урачом, працягне даследванні і напіша вялікую колькасць навуковых прац.
У 1883 годзе Бенедзікт Дыбоўскі перабраўся ў Львоў, які тады быў пад уладай Аўстра-Венгерскай імперыі. Там ён загадваў кафедрай заалогіі Львоўскага універсітэта, а таксама арганізаваў музей. Але ў 1906 годзе праз канфлікт з кіраўніцтвам навучальнай установы вымушаны быў сысці на пенсію ды вярнуцца ў Беларусь да сястры, якая жыла ў родавым маёнтку. На радзіме Бенедзікт займаўся вывучэннем азёраў Свіцязь, Любань і Чорнае.
Чарговыя няшчасці ў жыцці Дыбоўскага здарыліся з пачаткам Першай сусветнай вайны — яго як падданага Аўстрыйскай імперыі арыштавалі і адправілі ў высылку ў Іркуцк, але там мясцовыя ўлады адмовіліся яго прымаць. Ужо немаладога вучонага чакала жыццё ў Якуціі, але тут умяшаліся вучоныя з Пецярбурга — супольнымі высілкамі яны дамагліся, каб яму дазволілі вярнуцца ў Беларусь.
А ўжо з Беларусі Бенедзікт Дыбоўскі перабраўся зноў у Львоў — зрабіць тое дазволілі нямецкія акупацыйныя ўлады, пасля таго, як занялі Адамарын. Непасрэдна спрыяў у справе пераезду навукоўца нямецкі афіцэр, які быў унукам Аляксандра фон Гумбальта — сусветнавядомага нямецкага вучонага-энцыклапедыста.
У Львове Бенедзікт Дыбоўскі працягваў займацца навукай. Там ён і пайшоў з жыцця ў студзені 1930 года.
Магіла Бенедзікта Дыбоўскага ў Львове
Ён быў апошнім жывым з паўстанцаў. Пахавалі яго ў некропалі на Лычакаўскіх могілках разам з колішнімі паплечнікамі па падзеях 1863 года.
Сучасны выгляд пахавання Бенедзікта Дыбоўскага
Л.Г., budzma.org