Другія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся ў нядзелю 9 верасня 2001 года. Да 20-ай гадавіны першых непрызнаных выбараў прэзідэнта Budzma.by ўзгадвае, колькі чалавек хацела стаць на чале краіны, як праходзіла выбарачная кампанія, і чаму вельмі хутка пра іх забылі.
Пяцігадовы тэрмін расцягнуўся на сем гадоў
Згодна канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прэзідэнт абіраецца на сваю пасаду тэрмінам на 5 год. Улічваючы гэта, другія выбары прэзідэнта павінны былі адбыцца ў 1999 годзе. Але пасля ўнясення зменаў у канстытуцыю ў 1996 годзе, адбылося «абнуленне» прэзідэнцкага тэрміна. З-за гэтага першы тэрмін прэзідэнта падоўжыўся на два гады і цягнуўся ад 1994 па 2001 год.
Праўда, у траўні 1999 года, апазіцыя правяла так званыя альтэрнатыўныя выбары. Бо не ўсе былі згодныя з папраўкамі ў канстытуцыю. Але найперш гэтыя выбары былі палітычнай кампаніяй. Каб нагадаць большай колькасці людзей аб сканчэнні легітымнасці Лукашэнкі.
З 22-х кандыдатаў засталося тры
Першапачаткова прыняць удзел у прэзідэнцкай кампаніі планавалі 22 чалавекі. Але толькі чатыры з іх былі зарэгістраваныя і атрымалі мандат кандыдата ў прэзідэнты. Гэта былі: Сяргей Гайдукевіч (старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі), Аляксандр Лукашэнка, Сямён Домаш (былы старшыня Гродзенскага гарвыканкама) і Уладзімір Ганчарык (старшыня Федэрацыі прасфаюзаў). Але пазней, калі апазіцыя вырашыла высунуць адзінага кандыдата, Сямён Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць Уладзіміра Ганчарыка.
Перадвыбарчы плакат з кандыдатамі ў прэзідэнты
Некаторым кандыдатам было адмоўлена ў рэгістрацыі. Сярод іх: Зянон Пазняк (на той момант старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ), экс-старшыня Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Сініцын, генеральны дырэктар завода «Атлант» Леанід Калугін, экс Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.
Чатыры кандыдаты самі знялі свае кандыдатуры. Адным з іх была дачка былога кіраўніка БССР Пятра Машэрава Наталля.
«Мне толькі крыўдна, вельмі крыўдна, што такія людзі, як Машэрава, — гэта я кажу аб тым, што сваімі рукамі выцягваў, у сям’ю хадзіў, падтрымліваў, дапамагаў. Бо 25 гадоў ужо толькі, ведаеце, дзесьці, хтосьці ў газеце напіша „Пётр Міронавіч, Пётр Міронавіч“. Кінута была сям’я, ніхто туды ніколі не хадзіў. Вы ж памятаеце, пасля прэзідэнцкіх выбараў я пайшоў у гэтую сям’ю, падтрымліваў заўсёды. Шмат рабіў для абрання гэтага чалавека ў парламент — і тут удар у спіну... Што, яна не разумее, што яна гэтым самым грае на руку вось гэтай адвязнай празападнай апазіцыі? Што, не разумее? Разумее. Дык навошта так рабіць? Я не нападаю, зразумейце, гэта проста асабістае», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю ў чэрвені 2001 года.
Кепска паўсюль, «дзе няма нашага прэзідэнта»
Перадвыбарчая агітацыя распачалася 15 жніўня. Асноўнымі апанентамі на выбарах былі два кандытаты — Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Ганчарык.
Дзяржаўныя, а таксама расійскія тэлеканалы падавалі інфармацыю пра тое, што кепска паўсюль «дзе няма нашага прэзідэнта». У Расіі людзі мёрзнуць на Дальнем Усходзе, а таксама бастуе Кузбас. У краінах СНД усё кепска, а яшчэ горш у Амерыцы і Еўропе.
Уладзімір Ганчарык быў старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў. І шматлікім беларусам падавалася, што іх «вяртаюць кудысьці ў далёкае мінулае».
«Стварыць „адзінаму“ кандыдату новы, прыгодны для Беларусі імідж не атрымоўвалася, нягледзячы на намаганні замежных кансультантаў. Памятаю свой жах, калі на слупе перад Домам прафсаюзаў — штаб-кватэрай Ганчарыка — я ўбачыў яго перадвыбарчую лістоўку.
На бязвоблачна блакітным фоне (верагодна, колер аб’яднанай Еўропы) з жоўтым сонейкам, намаляваным хутчэй за ўсё дзіцёнкам, стаіць Адзіны Кандыдат, апрануты ў дарагі цёмна-сіні строй з аксамітным загарам на твары. Ён абапіраецца на крэсла (ці стол?), а паколькі лістоўка наклеена коса, то адчуванне такое, нібыта кандыдат у сутаргах хапаецца за першую патрапіўшуюся апору. Акуляры з яго знялі, ад чаго выраз твару стаў бяздапаможны-ласкавы. Агулам, ці то кандыдат у сенатары ад Маямі, ці то экс-сакратар райкама партыі, які вярнуўся з Сочы...
Наўрад ці ў гэтым быў вінаваты сам Ганчарык. Хутчэй за ўсё, сказаліся дзеянні „тэхнолагаў“, упэўненых у тым, што ў Маямі і ў Пухавічах народ галасуе па адных і тых жа законах», — узгадваў Аляксандр Фядута ў сваёй кнізе «Лукашэнка. Палітычная біяграфія».
Падчас выбарчай кампаніі ўлады перашкаджалі працаваць штабам апазіцыйных кандыдатаў. У памяшканнях штабоў адбываліся вобшукі, канфіскацыя аргтэхнікі, а таксама агітацыйнай і друкаванай прадукцыі.
Першыя беларускія выбары, якія не прызналі
Датэрміновае галасаванне пачалося 4 верасня. За чатыры дні па дадзеных ЦВК яўка склала 28,2%.
Уладзімір Ганчарык на ўчастку для галасавання. Фота: news.myseldon.com
У асноўны дзень галасавання 9 верасня яўка склала 83,86%. Па выніках першага тура перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Згодна ЦВК, за яго прагаласавалі 75,65%. Адзіны кандыдат ад апазіцыі Уладзімір Ганчарык набраў 15,65%. Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч — 2,38%.
Увечары 9 верасня ўлады адключылі тэлефоны ў большасці недзяржаўных структур, звязаных з выбарамі. У цэнтры Мінска на некалькі гадзін адключылі мабільную сувязь.
Апазіцыя Беларусі, ЗША і ЕС не прызналі вынікі выбараў, патлумачыўшы гэта тым, што яны адбыліся са шматлікімі парушэннямі і не адпавядаюць дэмакратычным стандартам. Назіральнікі ад СНД палічылі, што істотных парушэнняў не было. Гэта былі першыя непрызнаныя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі суверэннай Беларусі.
Нягледзячы на тое, што ЗША і ЕС не прызналі вынікі выбараў, агалоскі пра гэта не было. Ужо праз дзень, 11 верасня, увесь свет назіраў за тым, як у Нью-Ёрку знішчылі вежы Усясветнага гандлёвага цэнтра.
АШ, budzma.by