Ці мусіць літаратура абслугоўваць палітыку? Чаму прысуджэнне Нобеля Петэру Ханке выклікала падзел у Еўропе

Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры выклікала сур’ёзную дыскусію ў заходніх краінах. Цяпер усё лепш чуваць галасы пра тое, што рашэнне Шведскай акадэміі было не проста няшчырым, але і няправільным, бо прэмія прысуджаецца за добрую літаратуру, а не за палітычную пазіцыю.

Ужо сёння! Шведскі літаратурны дэсант у Мінску

Гаворка не пра Вольгу Такарчук, некаторыя заявы якой выклікаюць прыступы шаленства ў радыкальнай польскай правіцы. А пра аўстрыяка Петэра Хандке. Здавалася б, Хандке – вядомы на ўвесь свет нямецкамоўны драматург і празаік са славенскімі каранямі, аматар і паслядоўнік Вітгенштэйна, але разам з тым жортскі крытык дзеянняў НАТА ў Югаславіі.

Яшчэ ў пачатку 90-х, калі на абшарах былой цітаўскай СФРЮ ўзніклі незалежныя дзяржавы, а іхнае з’яўленне суправаджалася крывавымі войнамі, Хандке заняў выразную прасербскую пазіцыю. На Захадзе такая пазіцыя не магла знайсці шырокай падтрымкі, бо там мэйнстрымам была і застаецца сімпатыя да харватаў, баснійцаў, славенцаў і касавараў. Прыкладна гэтак жа, як у суседняй Расіі безапеляцыйна падтрымлівалі ў свой час сербаў.

Хандке абвінавачваюць у тым, што ён зацята падтрымліваў афіцыйны Белград, а таксама лідара баснійскіх сербаў Радавана Караджыча. Прычым не проста салідарызаваўся з сербамі, але адмаўляў факты здзейсненых імі ваенных злачынстваў: згадваюць ягоныя выказванні пра тое, што баснякі самі сябе забівалі падчас сараеўскай аблогі, а таксама адмаўленне генацыду ў Срэбраніцы. У 2006 годзе пісьменнік нават прыляцеў у сербскую сталіцу, каб выступіць на пахаванні зрынутага ў 2000-м годзе прэзідэнта Слабадана Мілошавіча. Разам з тым варта адзначыць, што Хандке ўласнаручна не браў удзелу ў баявых дзеяннях. Ён не страляў з кулямёта па Сараеве, як гэта рабіў Эдуард Лімонаў.

72571057_1654154551385327_6274398047757664256_n.jpg

Петэр Хандке ў Белградзе, 2006 год

Супраць прысуджэння Нобелеўскай прэміі Хандке ўжо выказаўся цэлы шэраг аўтарытэтных літаратараў, а таксама прэм’ер-міністр Албаніі, які адзначыў, што ўганараванне аўстрыяка прэміяй “выкліча праблемы і ў палітычным, і ў літаратурным свеце”. Тым часам у Сербіі горача сустрэлі гэтую навіну і павіншавалі “добрага сябра”, не застаўся ўбаку і прэзідэнт Аўстрыі.

Выглядае на тое, што пісьменнік, каб атрымаць прэмію і не падвяргацца крытыцы, павінен мець не толькі выдатны літаратурны талент, але яшчэ і ўзорную палітычную пазіцыю, якая не разыходзіцца з поглядамі, што пануюць цяпер у грамадстве. Папросту кажучы, быць харошым не толькі ва ўласнай творчасці, але і ў грамадзянскім выбары.

Дарэчы, сапраўды забаўным выглядае той факт, што раней Хандке заклікаў адмяніць уручэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры, паколькі яна з’яўляецца, на яго думку, “ілжывай кананізацыяй літаратуры”.

Я.І.



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!