У аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma. org. Лявон Вольскі распавядае, як калісьці даўно, яшчэ ў часы, калі РБ была адносна адкрытая да ўсялякіх заходніх прапановаў, на адным беларускім прадпрыемстве спрабавалі правесці мадэрнізацыю, і што ў выніку з гэтага атрымалася. Высновы, трэба сказаць, не дужа вясёлыя, але ж Лявон падае іх, як звычайна, дасціпна, актуальна і з гумарам.
Лявон Вольскі
Інвэстыцыйны дэсант з Брытаніі
Ёсьць у Барысаве такая фабрыка, якая выпускае піяніна. Піяніна «Беларусь». За савецкім часам у кожнай культурнай сям’і меўся гэты інструмэнт. Выглядаў ён досыць някепска, а вось гучаў... Як бы папулярна растлумачыць?.. Вось гэта тое самае, што вы слухаеце гук нармальнага фартэп’яна, толькі вушы ў вас пры гэтым затыкнутыя ватай — прыкладна так гучала піяніна «Беларусь».
Прыйшлі новыя часы. Пачаліся размовы пра ўсякія самаакупнасьці і мадэрнізацыі. І акурат у Барысаў на вышэйзгаданую фабрыку прыяжджае інвэстыцыйны дэсант з Брытаніі — беларус Алесь, які даўно ўжо жыве ў The UK і за час знаходжаньня там зрабіўся мільянэрам, і ягоны кампаньён Джым.
У пэрспэктыве — самаакупнасьць, мадэрнізацыя
Заходзяць яны такія ў кабінэт дырэктара і — адразу да справы. А дырэктар выглядае на цалкам адэкватнага (хоць і ўзрост пачцівы, і ўсе прыкметы намэнклятурнага алькагалізму на твары) — уважліва слухае, хітае галавою. А вядзецца ў размове пра тое, што вось мы, брытанскія бізнэсоўцы, гатовыя тут, на базе вашай фабрыкі, зрабіць супольнае прадпрыемства.
Канкурэнтназдольнае. Будзем прадаваць піяніна па ўсім сьвеце. У пэрспэктыве — пачнем вырабляць і раялі.
Дырэктару йдэя, нібыта, падабаецца. А як жа ж — самаакупнасьць, мадэрнізацыя!
— Што ад нас патрабуецца? — пытае.
— Для пачатку — дробязь, — адказваюць заморскія госьці. — Мы пракансультаваліся з адмыслоўцамі, усё пралічылі. Вось вам спэцыфікацыя і чарцяжы. Паводле гэтага зрабіце, калі ласка, новы мадэрнізаваны інструмэнт. Усе матар’ялы выкарыстоўвайце свае, а тыя дэталі, што трэба замяніць, мы вам прывезьлі. А потым, калі вынік задаволіць нашых экспэртаў, наладзім масавую вытворчасьць. Ок?
— І ўсяго толькі?! — узрадаваўся дырэктар. — Ок, ок! Можа быць, па 50 каньячку за ўдалы старт нашае супрацы?
Прайшоў нейкі час, і брытанскія інвэстары зноўку наведалі барысаўскую фабрыку. Паглядзець — як справіліся з пастаўленай задачай беларускія калегі. І вось — стаіць прыгожы інструмэнт, бліскае лякаваным дрэвам і залатым надпісам «Беларусь». Экспэрт націскае клявішу. І — замест мадэрнізаванага крышталёва чыстага, празрыстага і насычанага тону — гучыць фірмовы (той, што з ватай у вушах) барысаўскі.
Пачалі разьбірацца — чаму так, хто вінаваты? Дырэктар кажа: «Разьбяромся, каго трэба пакараем, усё пераробім, абяцаю!». Ну, ангельцы супакоіліся амаль, гавораць, праз пару месяцаў зноў прыедзем, спадзяемся на станоўчыя вынікі.
— І нават не сумнявайцеся, — запэўніў дырэктар. — Зробім усё найлепшым чынам. Можа быць, па 50 за працяг нашае супрацы?
І прыяжджалі яны і другі, і трэці раз, а «мадэрнізаваны» інструмэнт усё адно гучаў фірмовым ватным тонам.
«Што вам, сваёй Англіі мала?»
На чацьверты раз дырэктар яшчэ да экспэртнага праслухоўваньня завёў іх у кабінэт і гаворыць:
— Слухайце, чаго вы цягаецеся да мяне? Што вам, сваёй Англіі мала? Едзьце дахаты і не кампастуйце мне мазгі! Мне да пэнсіі паўтара году засталося. Я хачу спакойна, без усялякіх вашых гэтых інвэстыцыяў ды мадэрнізацыяў, адпрацаваць — і — да пабачэньня! Мне гэтыя прыгоды тут не патрэбныя. Выпускалі сваю прадукцыю і будзем выпускаць. Бяз вашых парадаў і ўсяго гэтага. Да пабачэньня, бывайце!
Па 50 гэтым разам, зрэшты, не прапанаваў.
Фірмовы ватны гук піяніна «Беларусь»
Гэта рэальная гісторыя, калі што. Праўда, адбывалася яна даўно, яшчэ ў часы, калі РБ была адносна адкрытая да ўсялякіх заходніх прапановаў.
Я да таго, што ў гэтай дзяржаве — як ні мадэрнізуй, колькі ні інвэстуй — атрымліваецца фірмовы ватны гук піяніна «Беларусь».
Хацелі зьняць кіно, а атрымалася «На іншым беразе».
Хацелі напісаць песьню, а выйшла «Белорусская жена» ці то, наогул, якісьці гімн МВД.
Хацелі зьляпіць прапагандыста, а атрымаўся Грыша.
Хацелі выпускаць газэту, а атрымалі «Мінскую праўду».
Хацелі сучасную архітэктуру, а атрымаўся «дом Чыжа».
Хацелі зрабіць праваахоўныя органы, а атрымаліся амоны з губазікамі.
Хацелі выгадаваць эстрадных выканаўцаў — і вось вам, калі ласка! — сёстры Грузьдзевы.
Таму ня трэба самападманвацца наконт мадэрнізацыі гэтае дзяржавы. Што ні прапаноўвай, колькі ні мадэрнізуй, атрымаеш піяніна «Беларусь» з фірмовым ватным гукам.
Лявон Вольскі, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі