Увечары 5 снежня Наста Шпакоўская і Ірына Кліменка далі фантастычны канцэрт у перапоўненым клубе TNT. Яны прадставілі свой новы праект Naka piano. Наста спела свае галоўныя хіты ў суправаджэнні піяніна, расчуліўшы ўсіх і кожнага.
У фармаце “голас і фано” Наста Шпакоўская ўжо неаднойчы спрабавала працаваць на сваіх электрычных канцэртах, а ўлетку на фэсце “Пікнік.by” прадставіла цалкам камерны сэт. Некалькі песняў пад акампанемент клавішніцы Ірыны Кліменка Наста сыграла нядаўна на 20-годдзі “Палаца”, расчуліўшы прысутных звышпранікнёным выкананнем.
Было каго расчульваць і на сольным канцэрце ў TNT. Людзей у гэты вечар у клуб набілася пад завязку, гардэроб проста не справіўся з такой колькасцю наведнікаў, а таму курткі і паліто проста звальваліся да кучы. На экранах бясконца паказваліся кліпы “Крамбамбулі” і Rammstein, але ўвага прысутных была прыцягнутая да сцэны, дзе чаравалі Наста з Ірынай. Спявачка чытала сумныя вершы пра восень ды ўсё заклікала публіку пагаварыць, але пыталіся ў яе ўсё больш пра тое, калі будуць новыя песні і альбом. “Наш дыск выйдзе ўвесну. Лепей пазней за канец свету, чым ніколі. Можа, у каго яшчэ ёсць пытанні?” – глядзіць у залу артыстка, але ўступіць з ёй у размову ніхто больш не наважваецца. Затое падпяваць – кожны ахвочы. Словы падхоплівалі нават тыя, хто бачыў і чуў “Наку” ўпершыню. “А што гэта за каманда?” – пытаецца ў бармена дзяўчына, якая толькі што развучыла песню “Пагоня”. Наста як наўмысна падабрала самыя драматычныя нумары – “Тебе”, “By you”, “Бяжы”. Публіка ёй суперажывае і актыўна замаўляе – да бара не прабіцца. Як і да танцпляцу. Уражвае адна з новых песняў пра чыстыя ўзбочыны. У ёй уся Наста: кампазіцыя колкая і з’едлівая, а разам з тым вельмі асабістая і нават у нечым пяшчотная. Выкананне “Бяжы” ў цудоўным перакладзе Сяргея Балахонава даводзіць публіку да поўнага экстазу. Яе якраз і папросяць на біс, калі Наста сыдзе са сцэны, пажадаўшы ўсім “гора не відаць”. Але спявачка вырашае ізноў спець “Пагоню”, а потым на радасць усім зацягвае “Слухаў з няпэўнасцю, сэрца ўжо маўчыць…”
Пасля канцэрту пад саўндтрэк Вольскага і Міхалка Наста яшчэ доўга будзе фатаграфавацца з прыхільнікамі, раздаваць аўтографы і адказваць на пытанні, якіх падчас канцэрту ў людзей, як выявілася, назапасілася багата. “Хутчэй бы ізноў быў ваш канцэрт”, – кажа адзін з гледачоў. Для артыста такія словы – найвышэйшая пахвала.
Сяргей Будкін
Фота: Воля Баркоўская
Аўдыё: “Тузін Гітоў”