Адкрыты збор подпісаў да кампаніі Meta з патрабаваннем дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads

На платформе change.org карыстальнік Захар Яноўскі зарэгістраваў петыцыю, дзе прапануецца падпісаць просьбу да кіраўніцтва кампаніі Meta з мэтай дадаць беларускую мову ў працу сацыяльных сетак Instagram і Threads.

Instagram i Threads

«Для англамоўных людзей словы «Belarusian» і «Russian» гучаць вельмі падобна, але насамрэч яны апісваюць абсалютна розныя рэчы. Рэспубліка Беларусь — асобная еўрапейская краіна з доўгай гісторыяй і сваёй уласнай мовай, якая таксама існуе не адно стагоддзе. Беларуская мова не дыялект і не падвід рускай ці украінскай — гэта асобная самастойная паўнавартасная мова, якая заслугоўвае прысутнасці ў міжнародных сэрвісах. Насельніцтва Беларусі складае 9 мільёнаў чалавек, якія з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі Instagram і Threads, але мы вымушаны карыстацца расійскай, украінскай альбо англійскай версіямі сэрвісаў Meta па той прычыне, што нашая родная мова ў іх адсутнічае. Гэта мае некалькі негатыўных аспектаў:

1. Выклікае нязручнасці пры карыстанні.

2. Стварэнне ілюзіі непаўнавартаснасці нашага народу як сярод саміх беларусаў, так і сярод людзей з іншых краін.

3. Выглядае наўпрост несправядлівым, што Instagram існуе ўжо 15 гадоў, у ім прадстаўлена вялікая колькасць моў, а беларусы ўсё так жа вымушаны карыстацца чужымі мовамі.

Наяўнасць у сэрвісе нацыянальнай мовы павялічвае лаяльнасць людзей да прадукту і кампаніі. Нярэдка беларусы аддаюць перавагу менавіта тым сэрвісам і прадуктам, дзе прысутнічае беларуская мова. Такім чынам, беларуская лакалізацыя выгадна і для самой кампаніі Meta», — адзначыў аўтар петыцыі.

Таксама аўтар петыцыі Захар Яноўскі адзначыў, што гатовы зарганізаваць для кампаніі Meta як каманду прафесійных перакладчыкаў, так і каманду мовазнаўцаў-валанцёраў для выканання перакладу зараз і падтрымкі беларускай версіі службаў у будучыні.

Падпісаць петыцыю можна па спасылцы.