Скульптурная кампазіцыя «Дзяўчына ў чоўне», усталяваная на магіле мастачкі Алены Кіш у вёсцы Папоўцы Капыльскага раёна, знаходзіцца ў аварыйным стане. Каб захаваць адметны мастацкі помнік, патрэбны тэрміновыя рэстаўрацыйныя працы.
Помнік на магіле Алены Кіш, верасень 2024 г.
Скульптурная кампазіцыя «Дзяўчына ў чоўне» — дыпломная праца мастака Уладзіміра Ламейкі. Яна была ўсталяваная ў 1996 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння мастачкі.
Кампазіцыя складаецца з пастамента ў выглядзе рачных хваляў, уласна чоўна, і сімвалічнай фігуры дзяўчыны, што ляжыць у ім. Надгробак быў размаляваны ў традыцыйных колерах дываноў таленавітай мастачкі.
Калаж: як выглядаў помнік раней і як выглядае ў верасні 2024 года
Цяпер яго стан аварыйны — фарба амаль знікла, а сам помнік пашкодзілі вільгаць і маразы — скразная расколіна ідзе праз увесь корпус. Яшчэ колькі халодных сезонаў — і ў сённяшнім выглядзе ён будзе незваротна страчаны.
Трэшчына на помніку на магіле Алены Кіш, верасень 2024 г.
Да новых «круглых» датаў, калі дзяржава, магчыма, узгадае мастачку, помнік не датрывае, і толькі аператыўныя рэстаўрацыйныя працы дазволяць захаваць адметнае надмагілле.
Вяртанне забытага імя
Алена Андрэеўна Кіш нарадзілася ў 1896 г. (па іншых звестках — у 1889-м) у мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер аграгарадок Леніна Слуцкага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Спецыяльнай адукацыі яна не атрымала, аднак самастойна засвоіла мастацкую тэхніку жывапісу. Свае «маляванкі» яна звычайна рабіла на незагрунтаваным палатне, пакрытым чорнай фарбай. На чорны фон наносіла алейнымі або клеявымі фарбамі каляровы малюнак (часам з выкарыстаннем трафарэтаў) — і квітнела яркая выява.
Жыццё А. Кіш абарвалася трагічна ў 1949 г. Яна здзейсніла самагубства, кінуўшыся ў раку. Доўгі час імя яе было вядомае хіба землякам ды блізкім і мела шанц незваротна знікнуць, але сталася па-іншаму.
Звесткі пра жыццёвы і творчы шлях мастачкі-самавучкі былі сабраны дзякуючы намаганням мастака Уладзіміра Басалыгі. Ён вярнуў з небыцця дванаццаць твораў Алены Кіш. Упершыню гэтыя творы ўбачыла шырокая аўдыторыя ў 1978 г. на першай рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў у мінскім Палацы мастацтваў. Вяртанне адбылося, і імя загучала.
Зала «Дзіўны свет Алены Кіш» у Музеі маляванкі ў Заслаўі
У 1984 годзе ў Югаславіі была выдадзена «Сусветная энцыклапедыя наіўнага мастацтва», у якой Алена Кіш стала ў адным шэрагу з сусветна вядомымі прымітывістамі: французам Анры Русо, харватам Іванам Генералічам, грузінам Ніка Пірасмані, украінкай Кацярынай Білакур.
Ушанаванне таленту Алены Кіш у нашы дні
У нашыя дні талент унікальнай мастачкі заслужыў высокае прызнанне і за мяжой, і на Радзіме: музеі ладзілі выставы яе дываноў, гадзіннікавы завод «Луч» выпускаў лімітаваную серыю гадзіннікаў з выявамі працаў мастачкі.
Гадзіннік завода «Луч» з выявай фрагмента маляванкі Алены Кіш
У 1996 г., да 100-годдзя з дня нараджэння мастачкі, «Белпошта» выпускала памятны мастацкі канверт з арыгінальнай маркай. У 2010 г. «Беларусьфільм» выпусціў дакументальную стужку Галіны Адамовіч «Намаляваны рай».
Памятны мастацкі канверт, выдадзены да 100-годдзя Алены Кіш
Алена Кіш стварыла каля 300 дываноў, але да нашага часу дайшло толькі 13. 11 захоўваецца і экспануецца ў Музеі маляванкі ў Заслаўі, яшчэ 2 — у прыватнай калекцыі ў Мінску.
У сеціве даступная кніга 1990 г. за аўтарствам Уладзіміра Ягоўдзіка «Алена Кіш», дзе падаецца гісторыя «адкрыцця» мастачкі шырокай публіцы.
C. Пыл, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Праца за хлеб і самагубства ў рэчцы. Як жыла і што малявала Алена Кіш
Беларуска Алена Кіш і ўкраінка Марыя Прымачэнка: што яднае дзвюх мастачак?