І мроіцца мне, як далей пачнуць “расці” ў нашых абласных ды раённых цэнтрах скульптурныя кампазіцыі падобнага кшталту: помнік глыбоцкай згушчонцы (пакуль жа паставілі толькі рагачоўскай), аршанскай тушонцы, кобрынскаму кансерваванаму зялёнаму гарошку… Мяркую, што спакуса ўвекавечыць свой фірменны прадукт з’явілася цяпер у многіх прадпрыемстваў. Ці нават так: ідэя даўно саспявала, а тут і прэцэдэнт з’явіўся.
З іншага боку, узнаўляю ў памяці іншыя прыклады нядаўняй гарадской скульптуры. Помнік Цмоку ў Лепелі, Студэнту ў Мінску, герой “Залатога цяляці” Ільфа і Пятрова Шура Балаганаў у Бабруйску… Што і казаць, на каларытных персанажаў нашы гарады пабагацелі: Шапаголікі ў сталіцы, Агурок — у Шклове, Бабёр (нават два) — у Бабруйску, Станцыйны наглядчык — у Магілёве, Гномы — у Гомелі, Камандзіровачны — у Лідзе, Сантэхнік — у Баранавічах, Доктар Айбаліт — у Віцебску, Аўтазапраўшчык — у Гродне… Некаторыя скульптуры ўжо пачынаюць перагукацца: Фатограф у Мінску і его калега — у Баранавічах, Дворнічыха — у Гомелі і яе сяброўка ў сталіцы, Дама з сабачкам — у Магілёве і яе трошкі “эксцэнтрычная” варыяцыя — у тым жа Гомелі, ды яшчэ ёсць нейкія “пірацкія”, відаць, Вадаправодчыкі, якія ўзнікаюць з люкаў то там, то сям. Усё згаданае сведчыць пра тое, што, з аднаго боку, скульптура малых форм становіцца неад’емнай часткай гарадскай прасторы, (што, несумнена, нядрэнна), з іншага — чамусьці менавіта скульптурнай утылітаршчыне аддаецца перавага пры аздабленні ўнікальных ландшафтаў.
Калі кінуць вокам на карту нашых камерных скульптурных “навінак”, дык высветліцца, што ананімныя персанажы і сімпатычныя жывёлы складаюць асноўны “бронзавы кантынгент” гарадоў. А калі “прасканаваць” гэты “народ” яшчэ больш уважліва, то высветліцца, што па тэхніцы выканання, па прыдумцы, яго прадстаўнікі (за рэдкім выключэннем) ужо не надта адрозніваюцца адзін ад аднаго. І неяк само па сабе ўзнікае адчуванне, што гарады паступова забываюцца і на арыгінальнасць, на якасць выканання падобных скульптурных твораў, робячы стаўку на адно — колькасць. Што, прынамсі, зручна і выгадна для саміх скульптараў.
Пры гэтым нашы гістарычныя постаці і вядомыя асобы ўсё ніяк не могуць матэрыялізавацца ў камяні, бронзе ці іншым матэрыяле. Пастамент да коннага помніка князю Альгерду ў горадзе над Заходняй Дзвіной “мімікрыраваў” пад скульптурную кампазіцыю ў гонар віцебскіх замкаў. Міндоўгу ў Навагрудку памятку так і не ўсталявалі, хоць і намаганні па ажыццяўленні праекта назіраліся: народны збор сродкаў, конкурс праектаў… А ў шэрагу чаканняў толькі адной сталіцы — князь Вітаўт, Сапега, Каліноўскі… Каб пераканацца, варта зазірнуць у любую тэматычную інтэрнэт-апытанку.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што за апошні час пэўныя імёны айчынных дзеячаў культуры і гісторыі усё ж былі ўвекавечаны. У Брэсце ўстаноўлены бюст лаўрэату Нобелеўскай прэміі, прэм’ер-міністру Ізраіля, ураджэнцу Брэст-Літоўска Менахему Бегіну. Бюст Марка Шагала з’явіўся на малой радзіме мастака — у Ліозна. Нельга абмінуць увагай і прадстаўнічую галерэю, якая была адкрыта ў Глыбокім да Дня беларускага пісьменства: бюсты генеральнага канструктара авіятэхнікі Паўла Сухога, прэм’ер-міністра БНР, гісторыка Вацлава Ластоўскага, паэта Алеся Дубровіча, мецэната і вайсковага дзеяча Язэпа Корсака, мастака Язэпа Драздовіча, філолага Эліэзера Бэн-Іегуды, Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Пятра Казлова, заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Глыбачанам сапраўды пашанцавала, бо часам на знакавы Дзень пісьменства гораду, дзе праводзіцца свята, “дастаюцца” значна больш сціплыя аб’екты.
…Пакуль у нашым манументальным мастацтве размеркаванне сіл адбываецца не зусім зразрумелым чынам. Помнікаў постацям мінуўшчыны бракуе, а вось вясёлых і ананімных персанажаў…
Па-сутнасці, я пра тое, што помнік Вітаўту ці яшчэ каму з волатаў мінуўшчыны недзе заблукаў. Калі не сказаць так — моцна спазніўся. Цікава, а калі ён з’явіцца, ці будзе яго выгляд адпавядаць стылістыцы сучаснасці?