Ціханоўская і Бяляцкі, Алексіевіч і Скарына — далёка не поўны спіс вядомых асоб з Беларусі, якія з’явіліся ў знак салідарнасці з Беларуссю на паштовых марках Украіны і Чэхіі, Нямеччыны і Злучаных Штатаў Амерыкі за апошнія 10 гадоў.
Збіральнік і эксперт па паштовых марках Андрэй Мялешка распавядае пра 5 самых цікавых выпускаў марак, прысвечаных Беларусі і вядомым беларусам.
Паштовыя маркі да 100-годдзя Васіля Быкава, выпушчаныя на замову Рады БНР у Чэхіі
Паштовыя службы розных краін Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі маюць магчымасць выпускаць паштовыя маркі, прысвечаныя Беларусі і вядомым беларусам, праз так званыя «прыватныя выпускі». Гэта азначае, што маркі замовіла не дзяржава і яе паштовая служба, а нейкі чалавек, прыватная асоба. Пры жаданні выпусціць паштовую марку ў гэтых краінах можа любы ахвотны. Для гэтага трэба напісаць заяву ў паштовую службу, даслаць макет паштовай маркі і напісаць колькасць марак, якія будуць выдавацца (планаваны наклад).
Калі паштовая служба дазволіць, будзе надрукаваны наклад, які вам трэба будзе выкупіць за свае грошы. Звычайна такая марка выглядае наступным чынам: кавалак паперы з зубцоўкаю, на якой выяўлены прапанаваны вамі малюнак, а ніжэй дачэплены кавалачак паперкі з наміналам, які выконвае функцыю паштовай маркі.
«Свежы прыклад» такіх марак — выпуск пошты Чэшскай Рэспублікі да 100-годдзя Васіля Быкава.
Паштовыя маркі да 100-годдзя Васіля Быкава, выпушчаныя на замову Рады БНР у Чэхіі
Ціханоўская на паштовых марках Чэхіі
Калі казаць пра прыклады падобных паштовых марак, бадай, самым рэдкім з’яўляецца выпуск пошты Чэшскай Рэспублікі, прысвечаны Святлане Ціханоўскай.
Маркі, прысвечаныя Святлане Ціханоўскай, выдадзеныя ў Чэхіі
Па маіх даных, быў зроблены ўсяго адзін асобнік у выглядзе малога ліста, на якім намаляваны партрэт Святланы Ціханоўскай, таксама ёсць выява гістарычнага герба «Пагоня» і надпіс Belarus.
А дадаткам з наміналам В для аплаты пошты ёсць маленькая марка пошты Чэшскай Рэспублікі. Гэты намінал — гэта аплата паштовых адпраўленняў па краіне звыклым лістом вагою да 20 грамаў.
Такія маркі, якія выдаюцца ўсяго адным асобнікам, называюцца пробнымі выпускамі. Маркі былі выдадзеныя з нагоды візіту Святланы Ціханоўскай да прэзідэнта Чэшскай Рэспублікі.
Нобелеўскія лаўрэаты на марках Украіны
Другім па рэдкасці з’яўляецца выпуск пошты Украіны, прысвечаны Алесю Бяляцкаму.
Гэтым выпускам Украіна і ўкраінцы выказалі салідарнасць з беларускім Нобелеўскім лаўрэатам, які знаходзіцца за кратамі. Першы выпуск паштовых марак, прысвечаных Бяляцкаму, з’явіўся дзякуючы супрацы беларускіх праваабаронцаў з украінскімі актывістамі ў 2022 годзе.
Адным з ініцыятараў выпуску такой філатэлістычнай прадукцыі ва Украіне стаў грамадскі дзеяч, кіраўнік Тэрнопальскай кінакамісіі Валадымыр Ханас.
«Гістарычна склалася, што ў нас шчыльная супраца з групай тэрнопальскіх філатэлістаў. Напрыклад, у гэтым годзе мы падрыхтавалі, і яна функцыянуе да гэтага часу — філатэлістычную выставу пра правы чалавека. Асноўнай тэмай экспазіцыі ёсць блок марак, выпушчаных ААН, дзе прадстаўлены ўсе артыкулы Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Там ёсць матэрыялы пра ўкраінскіх праваабаронцаў. Ну і, зразумела, што падзея мінулага года, калі Нобелеўскую прэмію атрымалі Цэнтр грамадскіх свабод (кіраўніца — Алеся Матвійчук), Алесь Бяляцкі і расійскі «Мемарыял», мы не маглі гэта праігнараваць.
Таму разам з калегамі і як працяг выставы, працяг супрацы, як пэўная праява салідарнасці, мы падрыхтавалі канверты з Алесем Бяляцкім і Лесяй Матвійчук, якія, уласна, мусілі дэманстраваць падзею надзвычай важную, улічваючы сучасны этап. Гэта і вайна, і той факт, што Алесь зняволены, ёсць вязнем сумлення. І тое, што ААН як структура не заўжды выконвае сваю ролю і патрабуе рэфармавання, і пра гэта Леся Матвійчук гаварыла з трыбуны ў сваёй Нобелеўскай прамове. І, я ведаю, неаднаразова на гэта звярталі ўвагу мае калегі з праваабарончага цэнтру «Вясна»», — так пра стварэнне гэтай паштовай мініяцюры распавядаў у 2023 годзе Валадымыр Ханас у каментары для «Радыё Ўнэт»
Марка, прысвечаная Алесю Бяляцкаму, выдадзеная ва Украіне
На гэтым выпуску марка з выявай нацыянальнага герба Беларусі і медаль, якую выдаюць разам з Нобелеўскай прэміяй.
Другім выпускам, што быў зроблены па ініцыятыве ўкраінскіх праваабаронцаў, стаў выпуск 2022 года, на якім выявы Бяляцкага і Алексіевіч. Апроч марак выдаваліся канверты і паштовыя карткі. На дадзены момант гэты выпуск ужо немагчыма набыць.
Маркі, прысвечаныя Алесю Бяляцкаму і Святлане Алексіевіч, выдадзеныя ва Украіне
Маркі, прысвечаныя Беларусі. Выдадзены ва Украіне.
Прыватныя выпускі пошты Польскай Рэспублікі
Пошта Польшчы па прыватнай замове выдае штогод па некалькі выпускаў, прысвечаных Беларусі ці вядомым беларусам.
Самымі цікавым, на маю думку, ёсць выпуск, прысвечаны Курапатам.
Гэты выпуск, а дакладней малы ліст невялікім накладам, быў выдадзены поштай Польшчы праз паслугу «Мая марка» (Mój znaczek pocztowy).
На лісце размешчаны слупок з верша Анатоля Сыса «Адпусьціце мяне Курапаты». На першай марцы ліста размешчаны фотаздымак Курапатаў з бел-чырвона-белым крыжом з надпісам «Курапаты», другая марка прысвечана Ночы расстраляных паэтаў, трэцяя — абароне Курапатаў 2017 года, калі па загадзе беларускіх уладаў у Курапатах пачалі зносіць крыжы і будаваць бізнес-цэнтр.
Ліст марак, прысвечаных Курапатам і Ночы расстраляных паэтаў. Выдадзены ў Польшчы
За апошнія 3-4 гады практыка выдання такіх марак павялічваецца. Папярэднім выпускам быў цікавы малы ліст, прысвечаны беларускім гімнам і іх аўтарам. Выявы марак змяшчаюць здымкі Равенскага і Багдановіча, Арсенневай і Краўцова, а таксама розныя выявы нацыянальнага герба «Пагоня».
Ліст марак, прысвечаны беларускім гімнам і іх аўтарам
Палітзняволены Пятрухін на паштовай марцы Германіі
У пачатку 2022 года паштовая служба Германіі ў серыі «Палітзняволеныя за кратамі» выпусціла паштовую марку з выявай беларускага блогера Сяргея Пятрухіна, які ў той час знаходзіўся за кратамі ў Беларусі.
Марка выйшла ў свет дзякуючы ініцыятыве адной з нямецкіх праваабарончых арганізацый Internationale Gesellschaft für Menschenrechte (Інтэрнацыянальнае таварыства абароны правоў чалавека) menschenrechte.de
Маркі, прысвечаныя блогеру Сяргею Пятрухіну. Выдадзены ў Германіі
На марцы размешчана выява блогера, намінал і тлумачэнне ў выглядзе QR-кода, хто такі Сяргей Пятрухін і чаму ён апынуўся за кратамі ў Беларусі.
Прыватныя выпускі пошты Злучаных Штатаў Амерыкі
З прыватнай ініцыятывы аднаго з аматараў Беларушчыны, чалавека, які хаваецца пад нікам Jhon P, у 2019-2021 гадах выйшла цэлая серыя марак, прысвечаных Беларусі. Ён запусціў у фэйсбуку флэшмоб па паштовых марках. Былі зроблены паштовыя маркі з Пагоняй, з выявай Чырвонага касцёла ў Мінску, Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы ў Гродне ды іншымі знакамітымі беларускімі мясцінамі.
Маркі з наміналам 39 ці 42 амерыканскія цэнты клеіліся на паштоўкі і дасылаліся ўсім ахвотным беларускім філатэлістам. У маёй беларускай калекцыі засталося каля дзясятка падобных паштовак з маркамі.
Андрэй Мялешка, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
7 фактаў пра калекцыю марак лонданскай «Скарынаўкі»