Мікола Равенскі найбольш вядомы як аўтар музыкі да гімна Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» і да верша Канстанцыі Буйло «Люблю наш край». Ён быў таксама актыўным дзеячам дыяспары, стварыў у Бельгіі беларускі студэнцкі хор, з якім шмат гастраляваў. Чытайце ў нашым матэрыяле пра жыццё і творчасць маэстра, які з’явіўся на свет 138 гадоў таму, 5 снежня 1886-га.
Мікола Равенскі. Фота: Вікіпедыя
Мікола Равенскі нарадзіўся 5 снежня 1886 года ў маёнтку Капланцы Ігуменскага павета (цяпер Бярэзінскі раён). Яго бацька Якуб усё жыццё працаваў там садоўнікам. Пачатковую музычную адукацыю будучы кампазітар атрымаў у Мінскім архіерэйскім хоры, потым скончыў курсы дырыжораў, музычны тэхнікум і кансерваторыю ў Маскве. З 1903 г. быў дырыжорам хору ў мінскім мужчынскім кляштары, а з 1905 г. — у царкоўным хоры ў Наваградку. Там жа Мікола Равенскі пачаў працаваць настаўнікам музыкі ў школах, працягнуўшы ў 1917 г. у Ігумене (цяпер Чэрвень).
У 1919 г. маэстра вярнуўся ў Мінск, дзе стварыў хор, для якога сам кампанаваў творы. У рэпертуары прыкладна ў роўнай прапорцыі сустракаліся апрацоўкі («гарманізацыі») беларускіх народных песень і творы на вершы беларускіх паэтаў. Эміграцыйны гісторык Антон Адамовіч заўважыў, што Равенскі першым паклаў на музыку вершы Максіма Багдановіча. Ён так апісваў канцэртнае ўбранне маэстра: «Равенскі найчасьцей быў у звычайным тады «фрэнчы», ці марынарцы, ды ў «нацыяналізацыі» вопраткі далей за сьціпла вышытую кашулю й вузенькага паяска-саматканчыка ніколі ня йшоў... Ад постаці Равенскага навявала ціхой сьціпласьцяй і нейкай асаблівай ветлівасьцяй, мо нат нацыянальнай — духам тае «краіны ветлай», «Беларусі ціхой і ветлай», кажучы словамі паэтаў, пасьлей пакладзенымі ім на музыку» (тут і далей у цытатах захаваны арыгінальная арфаграфія і пунктуацыя — рэд.).
Пасля адкрыцця кансерваторыі ў Мінску ў 1932 г. Равенскі выкладаў там. 1940/41 навучальны год правёў у Магілёве, потым вярнуўся ў Мінск, нядоўга жыў у Чэрвені. У 1944 г. творца з’ехаў у Германію: хаця ён і не быў калабарантам, баяўся абвінавачанняў у «нацдэмаўшчыне», якія савецкая ўлада яму выстаўляла яшчэ да вайны.
У фальклоры, традыцыйнай музыцы Мікола Равенскі бачыў адну са сваіх крыніц натхнення: «Народныя песьні — гэта багацьце і аснова вялікае музычнае будучыны», — адзначыў творца ў часопісе «Узвышша». У ненадрукаванай працы «Характэрныя рысы беларускай народнай песьні» кампазітар пісаў: «Найшырэйшы жанравы размах, разнароднасьць формы, глыбіня зьместу, своеасаблівасьць і мастацкія якасьці паставілі беларускі сьпеўны фальклёр на адно зь першых месцаў у сусьветнай народна-песеннай культуры».
Цікавыя і развагі Равенскага па тэорыі музыкі: «Калі расейскія народныя песьні супрацьлеглы маршавым і танцавальным, дык тым больш гэта датычыцца беларускіх, якія маюць больш нахілу да сьпяваньня, чым да танцу.
Угонка падобнай песьні ў метрычныя рамкі прыводзіць яе да рытмічнай абмежаванасьці, калечыць яе. Бясспрэчна, у нас ёсьць шмат песень, якія суладжаны ў квадратовым разьмеры, але ўсе гэтыя песьні больш позьняга пахаджэньня».
У 1921 г. Мікола Равенскі збіраў народныя песні ў складзе экспедыцыі Інбелкульта па ваколіцах Слуцка, а ў 1929 ці 1930 годзе з гэтай мэтай правёў самастойна цэлы месяц на Магілёўшчыне. У першы зборнік кампазітара, надрукаваны ў 1922 г., увайшлі апрацоўкі народных песень і яго ўласныя творы на вершы беларускіх паэтаў. Равенскі працягваў запісваць народныя песні ад беларусаў і ў эміграцыі.
Змест зборніка 1922 г. Фота з кнігі «Мікола Равенскі» (2020, укладальнік Лявон Юрэвіч)
Кампазітар не раз звяртаўся да інтэрпрэтацыі народных песень у сваёй творчасці, а танцавальныя найгрышы Лявоніхі, Мяцеліцы, Крыжачка і полькі адаптаваў для акардэона. У 1951 г. напісаў вялікі твор «L’exil» на беларускія народныя тэмы. Па падліках самога кампазітара, за ўсё жыццё ён сабраў 270 нумароў беларускіх народных песьняў. Некаторыя з іх увайшлі ў асобны тэматычны том збору твораў Равенскага, які надрукаваны выдавецтвам «Тэхналогія».
Вокладка аднаго з тамоў збору твораў Равенскага, апублікаванага ў выдавецтве «Тэхналогія»
На чужыне Мікола Равенскі працягвае актыўнае творчае жыццё: аднаўляе творы, што згарэлі ў акупаваным Мінску, піша новыя оперы, харавыя творы, п’есы. У 1947 г. нараджаецца музыка на верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа». Равенскі кампанаваў таксама творы на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Канстанцыі Буйло, Уладзіміра Дубоўкі і іншых беларускіх паэтаў. Вялікае месца ў яго творчасці займала таксама стварэнне царкоўнай музыкі. Асобны том у зборы яго твораў прысвечаны літургічнай музыцы.
Лювэнскі студэнцкі хор. Фота з кнігі «Мікола Равенскі» (2020, укладальнік Лявон Юрэвіч)
У 1950 г. Равенскі пераязджае з Германіі ў Бельгію. Бельгійскі перыяд, калі ён узначальваў беларускі студэнцкі харавы ансамбль Лювэнскага ўніверсітэта, некаторыя даследчыкі лічаць найбольш плённым у жыцці кампазітара. Хор актыўна гастралюе па краінах Заходняй Еўропы, знаёмячы слухачоў з беларускімі песнямі, запісвае кружэлкі. Вось як сам маэстра апісваў сваю дзейнасць: «Асабіста-ж вялікая праца праведзена з ансамблем. Штодзённая траніроўка, як агульная, так і індывідуальная, дала вельмі добрыя вынікі. Дзякуючы гэтай працы і, можна сказаць, адданасьці да яе нашага студэнства дасяглі значна высокай мастацкай якасьці ў выкананьні».
Лювэнскі студэнцкі хор. Фота з кнігі «Мікола Равенскі» (2020, укладальнік Лявон Юрэвіч)
Мікола Равенскі быў сябрам Рады БНР у выгнанні, падтрымліваў сувязь з іншымі беларускімі дыяспарамі, у т. л. актыўна ліставаўся з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Дзейнасць кампазітара асвятляла газета Крывіцкага таварыства імя Францішка Скарыны ў Нью-Ёрку «Веда» (пра гэта мы пісалі тут і тут). На смерць Равенскага «Веда» змясціла некралог, у якім назвала яго высокаідэйным Крывічом.
Мікола Равенскі памёр 9 сакавіка 1953 года ад раку. На яго магіле ў Лювэне — помнік работы беларускага скульптара Міхася Наўмовіча з Парыжа, таблічка з гербам «Пагоня» і пліта з нотамі гімна «Магутны Божа».
Магіла Міколы Равенскага. Фота: Вікіпедыя
Магіла Міколы Равенскага. Фота Аляксандра Драгавоза
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Для падрыхтоўкі артыкула выкарыстаны зборнік матэрыялаў «Мікола Равенскі» (2020, укладальнік Лявон Юрэвіч).
Чытаць таксама: Што мы ведаем пра аўтара гімна «Магутны Божа»? Выйшла кніга пра Міколу Равенскага