Хвіліна маўчання, хронікі рэвалюцыі і ні слова пра мігрантаў — 12 лістапада ў Варшаве пасля пяцігадовага перапынку адкрыўся сёмы фестываль беларускага кіно «BULBAMOVIE».
Сёлетняму «Бульбамуві» не пазбегчы статусу надвычайнага і нават этапнага івэнту — этапнага і для нашага кіно, і для культуры ўвогуле. Для гэтага арганізатарам нават няма патрэбы прыкладаць намаганні — за іх працуе кантэкст.
Гэтая эдыцыя «Бульбамуві» выглядае як эпікрыз усёй нашай рэчаіснасці: у дзень памяці Рамана Бандарэнкі і ў дзень, калі на беларуска-польскай мяжы тысячы людзей чакаюць вырашэння свайго лёсу, а на вучэннях паблізу гінуць два дэсантнікі з грамадзянствам іншай краіны, у дзень, калі яшчэ адно недзяржаўнае медыя прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем, а кінафестываль «Лістапад», зневажальна і гвалтоўна, у духу дзевяностых перададзены «Беларусьфільму», абвяшчае праграму — вось у такі дзень у Варшаве збіраюцца беларускія кіношнікі, якія даўно не могуць працаваць на радзіме, і паказваюць свае фільмы, якім таксама зараз на радзіме не месца, бо яны аб пратэстах.
Калі б «Бульбамуві» не існавала, яго б варта было сёлета прыдумаць — каб на ўласныя вочы пабачыць і «ашчуціць», колькі абстрактных, пакінутых не на відавоку, але ж істотных перамен адбылося за адзін толькі год.
«Бульбамуві» як найдакладнейшы індыкатар стану беларускага кіно
Калі прыгледзецца, дык «Бульбамуві» — найдакладнейшы індыкатар стану беларускага кіно. Папярэдні, шосты фестываль адбыўся ў 2016 годзе ў Мінску. Тады «Бульбамуві» рванула з Варшавы ў Мінск следам за кінематаграфічным дзвіжам: у рамках кінафестывалю «Лістапад» ужо трэці год як працаваў нацыянальны конкурс, вырашчаны з млявага і абыякавага да жыцця Брэсцкага рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў. Вакол яго згуртавалася процьма маладых кіношнікаў, пайшла новая, нязнаная ў Беларусі хваля кіно, абуральна незвязаная з афіцыйнай культурай. Пачалося такое-сякое жыццё, а значыцца — звышзадача «Бульбамуві» была выканана. Прайшоўшы адзін раз у Мінску, фестываль «Бульбамуві», падаецца, згубіў варшаўскае апірышча, так і не знайшоў мінскага і знік.
Фота Каські Марцінкевіч, facebook.com/bulbamovie
За тыя пяць гадоў мы пражылі некалькі скандалаў вакол конкурсу Мінкульта на вытворчасць фільмаў і нацыянальнага конкурсу «Лістапада», некалькі перамог беларускіх фільмаў на знакавых кінафестывалях, першы ў гісторыі бум Мікіты Лаўрэцкага і першы ў гісторыі жосткі піяр фільма «Крышталь» з нечуванымі дагэтуль лічбамі праглядаў. Мы перажылі некалькі зменаў чыноўнікаў, адказных за кіно, і мноства спробаў зняць штосьці годнае на «Беларусьфільме» і пазбегнуць яго банкруцтва — але ж тут якраз без пераменаў. Перажылі нават здымкі «Купалы» і ягонае непатлумачанае знікненне. Нарэшце, перажылі разгром «Лістапада» за дзень да яго адкрыцця, ліквідацыю «АртКарпарэйшн» і колькіх іншых устаноў, што займаліся кіно. Хіба ж мы так доўга жылі, што дажылі да таго дня, калі ўсё вярнулася ў кропку, у якой пачалося?
Будзем лічыць, сёмы «Бульбамуві» — гэта нулявы кіламетр пасярод раўнюткага, выпаленага поля. Ён зноў у Варшаве — у адзіным месцы, дзе магчымы зараз больш-менш свабодны, заўзяты беларускі кіношны дзвіж. І ў яго зноў місія.
Як кажа спадар Януш Гаўрылюк, рэжысёр і дырэктар «Бульбамуві», «мы выйшлі з лесу, як партызаны, і наша місія — каб за год, максімум за два беларускае кіно вярнулася ў Мінск». І спадар Гаўрылюк мае рацыю: неперарыўнасць дзеяння для культуры важнейшая за адзінства месца.
Выглядае досыць іранічна, што «Бульбамуві», якое збольшага лічылася месцам сезоннай тусоўкі для кіношнікаў, што гадамі існавалі ва ўнутранай эміграцыі, узяло і ператварылася ў з’езд кіношнікаў у самай сапраўднай, вонкавай эміграцыі. Але ж кантэкст цяпер не дазваляе іроніі.
У эркеры варшаўскага кінатэатра «Ілюзіён», дзе праходзіць «Бульбамуві», паўколам размешчаны вялізныя фотаздымкі з пратэстаў — гэта выстава «Беларусь 2020: шляхам да свабоды». Калі стаяць у цэнтры эркера, то ад стэрэаскапічнага міксу адчаю і надзеі на фота натуральна кружыцца галава. З гэтым самым пачуццём мы жывем больш за год і невядома колькі яшчэ будзем жыць. На ўваходзе ў глядацкі зал — чырвона-белыя лістоўкі «Free Ales Pushkin».
Фестываль адкрыўся фільмам «Беларусь. Пачатак» аднаго медыя, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем. Яно, дарэчы, стала інфармацыйным партнёрам сёлетняга «Бульбамуві».
Фільм здымалі «тады», у самую спёку пратэстаў, і з «тым самым» адчуваннем, што праз месяц усё зменіцца. Можа, таму яго цяжка даглядзець да канца. Як слушна зазначыла паэтка Валярына Кустава, усе беларусы глядзяць гэты фільм праз боль, бо ведаюць, што будзе далей.
Кіно ўваходзіць у зону турбулентнасці
Вось яшчэ адна прыкмета часу, якую можна заўважыць на «Бульбамуві» і немагчыма будзе заўважыць на сёлетнім «Лістападзе»: падрыхтуйцеся, кіно ўваходзіць у зону турбулентнасці альбо інакш: увальваецца ў жорсткі посттраўматычны сіндром. На бюракратычнай мове гэта яшчэ называюць «фільм нікога не пакіне раўнадушным». Нават калі будзе ён наскрозь паршывы — кантэкст і тады спрацуе за аўтараў. Ці з’явіцца шмат фільмаў аб пратэстах, ці іх амаль не будзе, і ці будуць яны годныя, ці няякасныя — няма розніцы, усё адно іх будуць глядзець не адрываючыся, але разам з тым даглядзець да канца іх будзе вельмі цяжка. Будзе здавацца непатрэбным і штучным любы фільм на іншую тэму. Будуць здавацца пастановачнымі сцэны, што не датычацца пратэстаў. Будзе здавацца залішнім усё, што не голая хроніка.
Але ж ад фільмаў аб пратэстах будзе круціць яшчэ горш, і наўрад ці каму ўдасца дацягнуць да канца фільма, стрымліваючы найразнастайнейшыя посттраўматычныя рэакцыі ад камяку ў горле да панічных атак. Ізноў звяртаючыся да бюракратычнай мовы можна сказаць «фільмы, якія немагчыма глядзець, але немагчыма не паглядзець». Кожны фільм будзе «дваццаць пятым кадрам» утрымліваць хвіліну маўчання.
Хвіліна маўчання і дыскусія без дыскусіі
З хвіліны маўчання, дарэчы, і пачалася дыскусія аб тым, што гэта такое мы ўсе перажылі і перажываем: ці варта гэта называць рэвалюцыяй, і як гэта ўвогуле называць. Падаецца, што хвіліна маўчання ў памяць аб забітым Рамане Бандарэнку і аб усіх ахвярах гвалту падчас пратэстаў сама па сабе вычарпальна на такое пытанне адказвае. Але ж, зноў фіксуе «Бульбамуві» важную прыкмету часу, у тым і справа, што нам давядзецца доўга шукаць адмысловую мову для размовы аб пратэстах, а маўленне, здаецца, да нас яшчэ не вярнулася.
Фота Каські Марцінкевіч, facebook.com/bulbamovie
Спадар Артур Міхальскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі, запрошаны на адкрыццё фестывалю, натхнёна пераконваў гледачоў і аўтараў фільмаў, што гэта была рэвалюцыя. Так-так, гэта рэвалюцыя была, — пагадзіліся астатнія ўдзельнікі дыскусіі: паэтка Валярына Кустава і аўтары фільма «Беларусь. Пачатак» Фёдар Багамолаў і Сяргей Марчык, абазначыўшы гэтым, што час для дыскусій яшчэ не прыйшоў. Калі б на адкрыццё «Бульбамуві», прыйшоў, як абяцаў, Павел Латушка, ён бы, можа, яшчэ крышачку, на колькі хвілінак, наблізіў час, калі можна па-сапраўднаму дыскутаваць, яле ж — і гэтым разам не склалася.
Яшчэ не час абмяркоўваць, як нам ставіцца да ўсяго, што адбывалася і адбываецца, апроч відавочнага асуджэння гвалту і самаўпраўнасці, і як нам гэта паказваць, і ці пазбегнем мы таго, каб стварыць узорны наратыў аб пратэстах, які пасля стане за цэнзурны інструмент? І шмат якія яшчэ пытанні пра асэнсаванне пратэстаў, як паказаў фестываль «Бульбамуві», яшчэ не прыйшоў час уздымаць. Пакуль што можна хіба толькі, следам за спадаром амбасадарам, дзякаваць аўтарам фільмаў за тое, што яны «знялі простых людзей», і верыць, што «беларусы не адмовіліся ад сваіх мар, якія доўга насілі ў сэрцах».
Загадка селетняга «Бульбамуві»
Пратэстам прысвечана больш за палову праграмы «Бульбамуві», а астатнюю частку займаюць стужкі маладых кінематаграфістаў, немаведама якім цудам знойдзеныя: пандэмія і падзеі, якія страшна называць тэрорам, але больш трапнага слова я і не скемлю, разнеслі беларускае кіно ўшчэнт. Як спадару Янушу ўдалося знайсці свежыя фільмы, застаецца загадкай.
Значная частка праграмы — фільмы 2019 года, ужо вядомыя беларускім гледачам, кшталту драмы «ІІ» Улады Сяньковай ці доку «Эпітафія» Віктара Аслюка. Гэта на хвілінку выклікае ўсмешачку: дзякуй богу, агульная карціна беларускага кіно зберагаецца — «штосьці новае, штосьці старое, штосьці запазычанае...». Калі глядзець іх у парадку з’яўлення, то можна нават адчуць, як змянялася павестка і яе наратывы, але «Бульбамуві», здаецца, наўмысна перамешвае сеансы, каб стужкі розных гадоў ішлі побач. Калі не забывацца, што мы ў нулявым кіламетры, то гэткая штука не выклікае здзіўлення: у нулявым кіламетры сышлося ўсё.
Фота Каські Марцінкевіч, facebook.com/bulbamovie
«Бульбамуві» vs «Лістапад»
З нулявым кіламетрам кіношнікам таксама давядзецца вырашаць — і «Бульбамуві» дакладна гэта абазначыла. Летась на гвалтоўна адмененым «Лістападзе» рыхтавалася індустрыяльная платформа, на якой мелі абмеркаваць стасункі ўнутры кіношнай супольнасці: куды падзелася салідарнасць, што рабіць з самацэнзурай, ці гатовыя мы прыняць і фільмы з іншым поглядам на падзеі 2020-га і, перадусім, што мы мусім зрабіць, каб супольнасць канчаткова не развалілася.
Што ж, праз год «Бульбамуві» сведчыць: не трасіцеся, камрады, позна. Там, дзе раней была проста раз’яднанасць кіношнікаў, цяпер — дзяржаўная мяжа. Тых, хто цяпер ў Варшаве на «Бульбамуві», не будзе ў Мінску на «Лістападзе» — і наадварот, вядома. Колькі гадоў беларускія кіношнікі існавалі і там, і тут, здымаючы фільмы па чарзе то на «Беларусьфільме», то на канале, нядаўна прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем. Бывала, «Лістапад» кантрабандай праводзіў праз чыноўніцкія кардоны фільмы і гэтага канала і паказваў гледачам у адной праграме са стужкамі «Беларусьфільма». Усе былі звязаныя з усімі. Цяпер жа, калі адзіным крытэрыем адбору і на «Лістапад», і ўвогуле ў беларускія кіношнікі зноў стала лаяльнасць, а ўсе нелаяльныя, не зусім лаяльныя, лаяльныя, але не так, як трэба, мусілі з’ехаць ці схавацца, да бабкі не хадзі — мы больш не патлумачым адно аднаму, што гэта ўсё няважна.
Трэба шукаць нейкія дзіркі ў гэтай мяжы. Калі ёсць жаданне, вядома. Ці, дакладней, калі жаданне аднавіць кіно мацнейшае за жаданне зрабіць выгляд, бы нічога не здарылася.
«Лістапад», дарэчы, сёлета выдасца з непаўторна іранічным слоганам «Кіно — сімфонія адзінства». Нязменны слоган «Бульбамуві» — «Бульба яднае». Пакуль, на нулявым кіламетры, гэткая дэкларацыя аб намерах моцна пахне 1939-м годам. У кіношных маштабах, вядома. І невядома, што можа даць нам надзею, акрамя, хіба, банкету. Банкетам усё і скончылася.
І ніводнага слова пра мігрантаў там не было.
budzma.org
Фота аўтаркі (акрамя пазначаных)