Стужка «Дапаможнік» («The Handbook») мінчаніна Паўла Мажара прызнана лепшым кароткаметражным фільмам на самым аўтарытэтным сусветным форуме дакументальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме.
Кадр з фільма. Фота: idfa.nl
І ў гэтай падзеі паказальна ўсё: і тое, што фільм гэты створаны ў Германіі беларусам, які калісьці з’ехаў з краіны. І тое, што ў цітрах фільма няма імя ніводнага беларускага кіношніка. І тое, што прэм’ера адбылася зусім не на радзіме (гэта ў прынцыпе можна апраўдаць тым, што ў IDFA жорсткія ўмовы ўдзелу — фестываль патрабуе, каб фільм дагэтуль нідзе не дэманстраваўся, але ці вялікі шанец пабачыць гэты фільм у Беларусі ў бліжэйшы час?) І тое, што пра гэтую сапраўды значную перамогу беларусы ведаюць нават менш, чым пра сёлетні «Лістапад», пра які нават дзяржаўным медыя пісаць няма чаго. Нарэшце, тое, што фільм пра гвалт і катаванні падчас пратэстаў зняты без аніводнага кадра ўласна гвалту і катаванняў — але ад гэтага глядзець яго ні разу не лягчэй.
Не, нічога «страшнага» вы б там не пабачылі. Ды і чым беларусаў можна спужаць, калі мы на ўласныя вочы бачылі ўжо, лічы, ўсё. Але ж калі вы здолееце даглядзець фільм да канца, не адыходзячы падыхаць і нават ні разу не праглынуўшы камяк у горле, я вам моцна пазайздрошчу. Я вось не здолела.
Аўтару не спатрэбілася нават прыязджаць у Беларусь, каб зафіксаваць катаванні. Усё, што яму спатрэбілася, — гэта белы пакой, верагодна, ягонай жа кватэры, пяць чалавек, чатыры слоікі, адна дубінка, адзін унітаз, адна коўдра, адно вядро.
Вусцішы не патрэбна шмат часу і антуражу, каб узнікнуць у любы момант у любым месцы на свеце — ці то ў Беларусі, ці то ў Германіі. Гэта, мо, галоўнае і самае балючае адкрыццё ў фільме Паўла Мажара, ды і ў нашай з вамі рэчаіснасці.
Павел Мажар. Фота з ягонай старонкі ў Фэйсбуку
Рэжысёр проста бярэ аповеды ахвяр катаванняў на Акрэсціна і рэканструюе іх — у чысценькім белым пакоі, у цішыні і парадку, з дапамогай спакойных, сканцэнтраваных людзей, якія без эмоцый імітуюць усё, пра што гавораць за кадрам ахвяры. Не чакайце, што праз такі спойлер вам усё пра гэты фільм зразумела.
Гэты аскетычны, «просты», як тая дубінка, фільм цяжка даглядзець да канца. Цягне ванітаваць. Сысці. Закрычаць. Спыніць аўтараў. Простыя рэчы — яны ж самыя страшныя. Наадварот, напэўна, таксама: страшныя рэчы — простыя. Простае цяжэй за ўсё знайсці і выразіць.
Павел Мажар зрабіў немагчымае, знайшоўшы гэткі лаканічны, «голы» прыём і, што важней, знайшоўшы яшчэ і сілы яго давесці да канца з нейкай нямецкай педантычнасцю.
Прынамсі, больш чым за год, што мы жывем у экстрэмальна гвалтоўнай рэчаіснасці, беларускія кіношнікі не здолелі знайсці мовы, на якой можна было б выказаць вось гэта ўсё. Бо варта пачаць паказваць ці расказваць — і «вось гэта вось усё» пачынае здавацца нечым штучным, выдумкай, перабольшваннем, у якое немагчыма паверыць. Адзіны наратыў, які не губляе праўдзівасці, — сведчанні ахвяр, але ж і яны ў пэўны момант становяцца проста словамі, чый сэнс цяжка ўцяміць: як гэта «літр вады на дваццаць чалавек», гэта проста пяць словаў, дваццаць пяць літар, абстракцыя, абсурд.
Кадр з фільма. Фота: dok-leipzig.de
Павел Мажар — інтуітыўна ці свядома — узяўся за гэтую слізкую абстракцыю, за здольнасць свядомасці зберагаць сябе ад занадта незразумелых, нябачных рэчаў. І раптам знайшоў мову, на якой можна апісаць нашую неапісальную рэчаіснасць, — безэмацыйную, наскрозь навуковую мову эксперыменту. Мову, якой нас наўмысна пазбаўляюць, каб мы не мелі інструментаў асэнсаваць вусціш.
Так, апошні год галоўная мова нашай культуры — гэта мова следчых пратаколаў і судовых рашэнняў. Але ж усе гэтыя: «сарвала з амапаўца балаклаву, пакінула каментарый на старонцы і тым прычыніла маральны ўрон» — апісваюць выключна «злачынствы» боку, які злачынстваў асабліва не ўчыняў. Другі ж бок, не ўганараваны пратаколамі, здзяйсняў — і здзяйсняе — свае злачынствы без аб’ектыўна існуючай фіксацыі, пакідаючы ахвяр у нямой бездапаможнасці сам-насам з іх аповедам, які заўсёды адбываецца ў мінулым часе. Не яны першыя і, на жаль, не яны апошнія ў сваім нахабным штукарстве: тыя, хто ўчыняюць гвалт, часцяком лічаць, што як няма магчымасці апісаць гвалт — лічы, і гвалту няма. Павел Мажар гэтае штукарства развенчвае з халодным спакоем. Мова ёсць. Так, гэта мова ахвяр, якія пацярпелі. Але раз — і ён пераводзіць яе з суб’ектыўнай, індывідуальнай мовы досведу на аб’ектыўную, агульную мову, блізкую да пратакольнай ці навуковай. Ахвяра існуе, але цяпер аб’ектыўна існуе і злачынства. Ды і злачынца. Безэмацыйныя людзі ў кадры спакойна паказваюць, як (хочацца напісаць, падсудзімы) ахоўнік парадку б’е (хочацца напісаць, пацярпелага) дубінкай, як людзі кладуцца ў стос у аўтазаку, як ставяць навыцяжку і гэтак далей, і гэтак далей. А больш нічога і не патрэбна. Вусціш ужо жыве ў вас унутры, яна сама дадасць тое, чаго не хапае.
Кадр з фільма. Фота: reform.by
Яшчэ больш незаўважнае і дзейснае штукарства, якое робіць рэжысёр, — переплаўляе індывідуальны досвед зняволення і катавання ва ўніверсальную формулу. Літаральна — у дапаможнік ці даведнік, у гэтым назва стужкі фантастычна трапная. Ён, праўда, не дае адказу ці парады, як гледачу перанесці моташны эфект невыносных формул, у якіх «ікс», «ігрэк» і «зэт» — гэта (мозг, падмануты папярэднімі абстракцыямі, не паспявае абараніцца ад гэтай і трапляе на кручок) жывыя, самыя сапраўдныя людзі, не тыя адчуджаныя мадэлі на экране, у чысценькім берлінскім пакойчыку.
На той мяжы, дзе мова рэканструкцыі ўжо не спраўляецца і следчы эксперымент не можа схапіць істотнае, распачынаецца мова чарцяжоў і мадэляў. Мадэль аўтазака — абстрактная ўніверсальная формула аўтазака. Мадэль камеры — абстрактная ўніверсальная формула камеры. Мадэль гвалту — абстрактная ўніверсальная формула гвалту. І вось ужо тое, што здаецца гранічна індывідуальным (бо што ёсць гвалт, як не гранічна асабісты кантакт, у кожным выпадку адрозны), ператвараецца ў гранічна агульнае. У нейкі момант адчуваеш, што ад гэтых хістанняў абстрактнага і канкрэтнага, індывідуальнага і агульнага яшчэ хвілінка — і паедзеш кукухай. Віншую, вось вы і адчулі ўсе эмоцыі, ад якіх так старанна бараніліся ўвесь гэты час. Абсурд, у які мозг адмаўляецца верыць, ажывае, напаўняецца зместам, аб’ёмам, фізічным адчуваннем, эмоцыяй. Вы можаце цяпер выбраць, хто вы ў гэтай мадэлі — кат ці ахвяра? Ці абое? Хто вы ў гэтым даведніку? Ад гэтага невыноснага пытання гледачу ўжо таксама не схавацца.
Час ўдакладніць, па якой дысцыпліне створаны гэты даведнік. Як па мне, то, пэўна, па абыякавасці. Дарэчы, там, далей, дзе заканчваецца мова чарцяжоў і мадэляў — толькі там пачынаецца мова метафар. Ёй яшчэ можна распавесці пра бытавыя катаванні на Акрэсціна, а вось дакранаючыся да фізічных адчуванняў, гэтая мова рассыпаецца — застаецца адна мова фізічных з’яў. Як інакш выразіць незнаёмыя сярэдняму чалавеку (да 2020 года, прынамсі) адчуванні, напрыклад, ад святла, якое гарыць дзень і ноч? Так, пераходзячы ад мовы да мовы, Павел Мажар фіксуе этап за этапам, мяжу за мяжой, пяройдзеныя гвалтам з нейкай звышгукавой хуткасцю. Як непатрэбныя ступені ракеты, адно адвальваюцца сумненні, сумленне, літасць, чалавечнасць. Так і пішацца дапаможнік па самарасчалавечванні для байцоў АМАПа чайнікаў.
Нам і насамрэч не хапала такой цвярозай мовы судмедэкспертызы, увасобленай з максімальнай, паталагаанатамічнай вытрыманасцю. Мы, тут, па вушы ў гэтых самых падзеях і гэтых самых эмоцыях і не былі на яе здольныя. Супакойвалі сябе, што для такой мовы патрэбны час, трэба астыць, раны залізаць, адбудавацца, ачуняць, а тады ўжо Нюрнберг, Гаага, усё такое. Павел Мажар зэканоміў нам пару гадоў жыцця, якія б мы патрацілі на выпрацоўку такой мовы, і процьму высілкаў, так што цяпер мы можам той час выкарыстаць на іншыя мэты, а эмоцыі, якія мы мусілі праглынуць, каб не з’ехаць з глузду, цяпер праз гэтую мову да нас вернуцца.
Вы напаткаеце праз гэты фільм свой жа падаўлены вусцішны енк, свой прыдушаны страх, сваю агіду і вялізарны боль, які насабачыліся не адчуваць, — карацей, добра падумайце, ці гатовыя вы да такога тэрапеўтычнага акту. У вас яшчэ ёсць колькі часу — усё адно бліжэйшым часам «Дапаможніку» ў Беларусі не свеціць які-кольвек пракат, але ж цяпер вы ведаеце, што ён ёсць.
budzma.org