Пра кнігу “Дэсант у няпэўнасць” Сяргея Ярша

27.08.2012 Кнігагляд

Ад першых старонак кнігі звяртае на сябе ўвагу новая рыторыка аўтара: “На наш погляд, рэабілітацыі нямецкіх калабарантаў (як і савецкіх) не будзе ніколі!” – прынамсі, тых, хто ўдзельнічаў у карных акцыях. Праўда, далей ідзе рэмарка: існавала беларуская канспірацыя, там і можна адшукаць вартых рэабілітацыі. Адно незразумела, каго мае на ўвазе аўтар: бо згаданыя ў кнізе асобы больш-менш значнага рангу, як Родзька, Рагуля і Вітушка тымі самымі карнікамі і з’яўляліся. Магчыма, вядзецца пра частку шараговых курсантаў “Дальвіца”.
У прадмове прызнае аўтар і ранейшы памылкі, якія тлумачыць тагачаснай недаступнасцю крыніцаў. Але многія крыніцы і сёння выклікаюць недавер: шторазу, калі ў тэксце робіцца больш-меньш сенсацыйная заява, спасылкі вядуць альбо да сведчанняў безыменных ветэранаў, што ліставаліся з аўтарам, альбо да ягоных уласных публікацыяў, альбо да публікацыяў пад псеўданімамі (не выключана, што таксама аўтаравымі).

Уласна, так і не дадзены выразны адказ на пытанне, якім часткам абвера падпарадкоўваўся Родзька і ягоныя супрацоўнікі – па-ранейшаму зазначаецца толькі, што гэты аддзел месціўся ў Вільні. Увогуле, справы выглядаюць дзіўна: кіраўнік падпольных структураў да сярэдзіны 1943 года стала знаходзіўся ў Віцебску (прыфронтавая зона пад вайсковым кіраваннем), Беластоцкі батальён (адна з найбольш баяздольных адзінак, ахопленых дзейнасцю БНП) дзейнічаў на тэрыторыі, далучанай да Рэйху, а асноўныя групы ствараліся і мелі весці работу ў ГКБ. Невядомымі застаюцца і рэальныя прычыны выкліку групаў БНП у Менск напрыканцы чэрвеня 1944-га – наўрад ці Родзька ў тагачасных умовах усур’ёз разлічваў на антынямецкае паўстанне.


Раздзелы, прысвечаныя ўласна “Дальвіцу”, выклікаюць менш пытанняў, бо збольшага грунтуюцца на сведчаннях курсантаў і публікацыях даследчыкаў, што працавалі ў архівах спецслужбаў. Здзіўляе спроба лакалізацыі маёнтку Дальвіц як нейкага “пасёлка Ліставы”, бо паводле цытаванага ў тэксце апісання з успамінаў Кастуся Мерляка можна з пэўнасцю сказаць, што гэта сучасны пасёлак Далініна Чарняхоўскага раёна Калінінградскай вобласці.

Цікавыя прыпушчэнні што да структуры школы і “неўпісанасці” ў яе групы Рагулі. Звяртае на сябе ўвагу розны ўзровень падрыхтоўкі курсантаў у розных групах: “рагулеўцы”, напрыклад, упершыню бачылі парашут у ноч перад дэсантам, не датрымліваліся канспірацыі і ўвогуле аказаліся малаэфектыўнымі. (Цікавая заўвага аўтара: ніводная з трох рацыяў, пасланых з беларускімі групамі ў БССР, не працавала належным чынам. Вынік працы савецкіх агентаў у школе, альбо рашэнне нямецкага камандавання?) Адначасна з тым, вядомы прыклад Яўгена Жыхара, які, патрапіўшы ў родныя мясціны пасля капітуляцыі Германіі, быў вымушаны перайсці на нелегальнае становішча і паспяхова дзейнічаў да 1955 года.

Найцікавейшыя старонкі (прысвечаныя дзейнасці савецкага агента Стахоўскага, удзелу курсантаў у “паляванні” на савецкіх дыверсантаў, абставінам двайнога арышту Родзькі, сувязі беларускага кіраўніцтва школы з АК і г.д.) ужо друкаваліся ў часопісе “Беларускі рэзістанс”. Найбольш каштоўная частка кнігі – раней непублікаваныя інтэрвію курсантаў і кіраўнікоў школы, а таксама біяграмы ўсіх высветленых асобаў (удакладнены спіс згаданых у “Раніцы” выклаў burk001).

Гэтым, бадай, найперш і цікавая праца Сяргея Ярша: найбольш поўнай партрэтнай галерэяй курсантаў “Дальвіца” і асвятленнем чалавечага фактару. Аўтар вылучае некалькі групаў паводле іх матывацыі ўдзелу ў выведцы, і калі “выпадковыя людзі” альбо шараговыя калабаранты губляюцца ў агульнай масе, то “нацыянальна свядомая” моладзь (пераважна з “рагулеўцаў”) паўстае самай фактурнай – з гэтымі людзьмі аўтар камунікаваў асабіста, высвятляў узаемадачыненні і адсочваў іх шлях ад нараджэння да смерці.

Канстанцін Казак у інтэрвію, змешчаным у кнізе, зазначае: “Калі гэта ўсё апісаць, мог бы атрымацца выдатны раман”. Кніга Сяргея Ярша, дзе пад адной вокладкай сабраныя нарэшце асноўныя звесткі пра школу “Дальвіц”, можа прыдацца патэнцыйным раманістам альбо сцэнарыстам. Тут і пагоні з хованкамі, і гісторыя няшчаснага кахання, і фантастычнае перапляценне лёсаў – паўнацэнны набор для моладзевага серыялу.

Тым больш цікавы і блізкі, калі вам таксама давялося ў свой час паматацца па Еўропе, займаючы на начлег пакінутыя без нагляду будынкі, і не давяраючы нікому, а перадусім – уласнаму камандаванню.

Антон Рудак