Яго імём названа выставачная зала Вілейскага краязнаўчага музея, дзе і праходзіў 20 снежня вечар памяці мастака, прысвечаны 180-годдзю з дня яго нараджэння.
Пра Нікадзіма Сілівановіча казалі, як пра таленавітага майстру: ён захапляўся фатаграфіяй, быў прафесійным мазаістам, жывапісцам і акадэмікам.
Як адзначыў дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, Нікадзім Сілівановіч быў мастаком некалькіх краін — Беларусі, Расіі і Літвы – і пакінуў пасля сябе багатую культурную спадчыну.
Мастак-іканапісец Барыс Цітовіч стаў аднымі з першых, хто заняўся адраджэннем імя Сілівановіча на Вілейшчыне.
– Работы Сілівановіча зразумелыя ўсім, прыемныя для вачэй і душы, – лічыць Барыс Цітовіч. – Ён быў выдатным мазаістам і цудоўным жывапісцам, пісаў партрэты і на рэлігійную тэматыку.
Валянціна і Барыс Цітовіч
Далёкі сваяк мастака Віталь Курдзека спецыяльна прыехаў у Вілейку з Санкт-Пецярбурга, каб падзяліцца новымі фактамі з жыцця і творчасці Нікадзіма Сілівановіча. Ужо некалькі гадоў ён займаецца вывучэннем біяграфіі мастака. У пачатку свайго выступу ён распавёў, як аднойчы, калі ён яшчэ быў школьнікам, выпадкова пачуў ад свайго дзеда пра мастака з Пецярбурга.
– А ўсё пачалося з таго, што дзед у мяне спытаў, кім я збіраюся стаць. І я сказаў, што буду мастаком, – падзяліўся Віталь. – І тады дзед расказаў, што ў нашым родзе быў мастак з Пецярбурга. Я вельмі здзівіўся, таму што пра гэта мне ніколі ніхто не распавядаў.
Віталь Курдзека
З тых часоў малады чалавек пачаў актыўна наведваць архівы і збіраць інфармацыю аб сваім далёкім продку. Так ён даведаўся, якую спадчыну пасля сябе пакінуў мастак: жывапісныя карціны, партрэты і мазаікі ў саборы Уваскрэсення Хрыстова (храм Спаса-на-Крыві) і Ісакіеўскага сабора Санкт-Пецярбурга. Самыя вядомыя працы – «Тайная вячэра», вобраз Збаўцы, «Збаўца ў славе», «Збаўца на троне», «Пацалунак Іўды» і інш. Акрамя гэтага, для Ісакіеўскага сабора мастак выканаў часткі мазаічных вобразаў. За сваю працу Нікадзім Сілівановіч атрымліваў добрую для тых часоў плату, адзначыў Віталь Курдзека.
– Я да гэтага часу хаджу ў храмы з працамі Сілівановіча і бываю ў архівах. Хачу знайсці як мага больш інфармацыі пра яго і сабраць вакол сябе людзей, каму неабыякавая гісторыя, – сказаў Віталь Курдзека.
Практычна ўся спадчына мастака захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі. У Беларусі ёсць толькі дзве яго працы: у адным з каталіцкіх храмаў Вілейшчыны ў галоўным іканастасе – «Святы Антоній Падуанскі» і ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі – «Салдат з хлопчыкам».
Вілейскі мастак Эдуард Мацюшонак стварыў дакладную копію карціны Сілівановіча «Салдат з хлопчыкам»
На вечары памяці, прысвечаным 180-годдзю з дня нараджэння мастака, віляйчане пазнаёміліся з яго рэпрадукцыямі.
Імём Нікадзіма Сілівановіча названы выставачная зала Вілейскага краязнаўчага музея. Пяць гадоў таму ў памяць аб знакамітым мастаку, акадэміку і мазаісце на яго радзіме ў вёсцы Цынцавічы ўсталявалі памятны знак (архітэктар Анатоль Капцюг).
Юлія Лахвіч, kraj.by