Беларусам Батумі сёлета пашчасціла першымі прымаць у сябе фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Якая будучыня чакае беларускія кнігі ў сучасным свеце? Ці могуць электронныя кнігі цалкам замяніць традыцыйныя папяровыя? Якіх кніг не хапае на беларускай мове? А ад будучыні кніг — да абмеркавання нацыянальнай ідэі беларусаў і будучыні Беларусі. Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукалі ў першы дзень Прадмовы.
У Многафункцыянальнай прасторы «аКсяродак»
«Няма ніякай жалезнай заслоны, мы самі яе прыдумваем»
Дыскусію пра будучыню беларускіх кніг адкрыла Аксана Акуневіч — стваральніца многафункцыянальнай прасторы «аКсяродак». Менавіта тут апошнім часам адбываюцца практычна ўсе беларускія мерапрыемствы ў Батумі, і Pradmova не стала выключэннем.
У абмеркаванні ўзялі ўдзел стваральнік праекта аўдыякніг «Кніжны Воз» Міхась Бутылін, прадстаўніца ўкраінскай літаратурнай кавярні «Інстытут» у Батумі Олена Сіроціна і выдавец Андрэй Янушкевіч.
Стваральнік праекта аўдыякніг «Кніжны Воз» Міхась Бутылін, Аксана Акуневіч, прадстаўніца ўкраінскай літаратурнай кавярні «Інстытут» у Батумі Олена Сіроціна і выдавец Андрэй Янушкевіч
На каго працуюць выдаўцы за мяжой? Ці не адчуваеце вы заслону паміж выдаўцамі і чытачамі ў Беларусі — пытанні, якія агучыла мадэратарка сустрэчы Аксана Акуневіч.
На думку Андрэя Янушкевіча, з аднаго боку «няма ніякай жалезнай заслоны, мы самі яе прыдумваем», бо, калі чалавек жыве ў Варшаве ці яшчэ дзесьці за мяжой і не можа купіць папяровую кнігу, існуе электроннаяя кніга ці аўдыякніга, якую можна купіць у любой кропцы свету. «Калі ты яе робіш у Амерыцы, у Польшчы, у Грузіі, яна ж можа быць даступная для беларусаў у Беларусі. Але факты кажуць пра тое, што гэты шлях не карыстаецца вялікай папулярнасцю.»
Андрэй Янушкевіч у чэрвені запусціў электронныя варыянты свежых кніг, якія выходзяць толькі зараз, разумеючы, што кнігі таго ж Альгерда Бахарэвіча не атрымаецца перавезці ў Беларусь. Аднак, па словах выдаўца, «аб’ёмы продажаў не радуюць. Яны ў раёне матэматычнай пагрэшнасці». Тое ж самае адбываецца і з аўдыякнігамі. Іх прадаецца ўсяго з дзясятак копій за год.
Андрэй Янушкевіч
Андрэй Янушкевіч агучыў яшчэ адну праблему:
«У нас заўсёды была манаполія рускай кнігі над беларускай, проста сёння гэтая сітуацыя дайшла да тых пачварных маштабаў, што незалежная беларуская кніга проста выціснутая з Беларусі. І людзі паняволі звяртаюцца да рускай кнігі, асабліва, калі браць масавыя жанры, бо няма іншага выбару».
З думкай Андрэя Янушкевіча пагадзіліся і іншыя ўдзельнікі дыскусіі, адзначыўшы, што на беларускай мове няма, да прыкладу, літаратуры нон-фікшн, і таксама практычна няма літаратуры для падлеткаў.
Якое тут можа быць выйсце?
«У гэтай сітуацыі я бачу задачу — выдаваць такія кнігі, такога ўзроўню на беларускай мове, каб ніводзін патэнцыйны беларускі чытач не мог прайсці міма іх, — кажа Андрэй Янушкевіч. — Няважна, дзе яны будуць выдавацца. Раз жыццё прымушае нас жыць і працаваць тут, гэтым трэба займацца тут. Але гэта павінны быць творы такой якасці, такой гучнасці, каб проста яны грымелі, каб гэты рэзананс ішоў на Беларусь. Гэта вельмі высокая, непасільная задача, але паверце, у нас проста няма іншага выбару».
«Якой вы бачыце будучыню беларускай кнігі, прыкладам праз 10 год», — пацікавілася Аксана Акуневіч напрыканцы дыскусіі.
За украінскую кнігу застаецца, бадай што, толькі парадавацца, бо, па словах Олены Сіроцінай, «не стае часу чытаць тое, што зараз з’яўляецца на украінскай мове. Вельмі шмат новых аўтараў, якія пішуць пра сучасныя праблемы».
Што датычыць беларускай, то Андрэй Янушкевіч адказаў словамі Астапа Бэндэра:
«Будучыня беларускай кнігі — яна цудоўная. Будуць беларусы — будзе беларуская кніга. Будзе беларуская кніга — будуць беларусы. Усё ў нашых руках насамрэч».
Міхась Бутылін: «Я прагнозаў не раблю. Проста трэба рабіць, і тады будзе».
Міхась Бутылін падчас прэзентацыі праекта «Кніжны Воз»
«Трэба прытрымлівацца цяпер не беларускай ідэі, а ідэі сябе ў Беларусі»
Найбольш гледачоў сабрала прэзентацыя кнігі Змітра Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя 3: на вайне» з удзелам Стася Карпава, Святланы Курс і Аляксандра Чарнухі.
Стась Карпаў і Святлана Курс
Зміцер Лукашук распавёў шмат цікавых гісторый, якія здарыліся за час ягоных вандровак па свеце з прэзентацыямі кніг.
Зміцер Лукашук
Пра пошукі нацыянальнай ідэі выказалася Святлана Курс: «Мне здаецца, што мы шукаем сякеру пад лаваю, на самой справе гэтая сякера ўжо даўно нам служыць, яна даўно ў нас ёсць. Я працую ў музеі Катынскім і апісваю тое, што зрабілі польскія героі, і мне вельмі цяжка цяпер гаварыць пра тое, што зрабілі беларускія героі, якія цяпер у турмах, таму што гэта занадта сваё. Але дзесьці ў глыбіні маёй душы ўвесь час ёсць думка, што такія людзі, як, напрыклад, Мікола Статкевіч і Павел Севярынец, якія ўсё сваё жыццё фактычна проводзяць у турмах за штосьці. За гэта варта правесці жыццё ў турме і змарнаваць сабе жыццё фактычна? Вось гэта і ёсць нашая нацыянальная ідэя: за тое, што яны сядзяць, за тое, што некаторыя з іх былі забітыя, за што нас усіх венікам вымелі з нашай любімай краіны. Гэта значыць, што мы маглі б гэтага ў сабе не мець і спакойна жыць там, дзе мы жылі. Значыць беларуская ідэя – гэта настолькі вялікая рэч, за якую можна загінуць, сесці ў турму і паехаць, пакінуць тое, што ты любіш больш за ўсё на свеце».
Святлана Курс на фестывалі Прадмова-2023
На думку Стася Карпава, «будучы лагоднымі, на жаль, мы не перамагаем. Для таго, каб перамагчы, каб наша нацыянальная ідэя рэалізавалася, верагодна, нам трэба стаць крыху гістэрыкамі, бескампраміснымі, на якіх будуць паказваць пальцамі, але, на жаль, гэта працуе».
Аляксандр Чарнуха
Аляксандр Чарнуха звярнуў увагу на тое, якія змены адбыліся пасля 2020 года і на тое, што выспела неабходнасць звяртаць асаблівую ўвагу на якасць медыйных прадуктаў:
«Хваліць белаускае толькі за тое, што яно беларускае, мне падаецца, гэта вельмі тупіковы варыянт, - адзначыў Аляксандр Чарнуха. - Але хваліць трэба беларускае, калі яно якаснае, калі гэта ўнікальная прапанова, якой няма ні на украінскім ютубе, ні на расійскім ютубе ці дзе яшчэ. Калі гэта кніжка, якой няма ні расейскай напісанай, ні украінскай напісанай, а ёсць напісаная толькі беларускай – гэта крута, гэта ўнікальная прапанова. І калі ў чалавека няма іншых варыянтаў, калі ён мусіць спажываць гэта толькі па-беларуску, – гэта наш выклік, тое, да чаго мы мусім імкнуцца – ствараць гэтую ўнікальную, якасную прапанову».
Як палепшыць сённяшняе становішча беларускай мовы?
На думку Святланы Курс,
«беларускасць трэба развіваць разам з развіццём сваіх уласных талентаў, свайго ўласнага жыцця. І трэба прытрымлівацца цяпер не беларускай ідэі, а ідэі сябе ў Беларусі, таму што Беларусь нас усіх патрабуе менаваіта такімі, якімі мы ёсць.
Усё на свеце з’яўляецца вельмі важным. Нават макраме па-беларуску, калі мы разам сядзім і пляцём,з’яўляецца вельмі важным. Псіхалогія па-беларуску – важна. Кулінарыя па-беларуску – важна. Вывучэнне моваў па-беларуску – важна. Батанізаванне і збіранне гербарыяў з’яўляецца важным. Усё для беларускай мовы з’яўляецца вельмі важным, таму што мы - беларусы і Беларусь без нас не існуе. Мы важнейшыя і не менш важныя, чым сама Беларусь. Рабіць мы гэта можам з вялікай радасцю і з вялікай карысцю для сябе і для нашай Бацькаўшчыны. Увесь праект беларускі патрэбны не толькі, каб за яго цярпець, але каб яго развіваць і развівацца ўнутры яго».
Па словах Змітра Лукашука, падчас сваіх прэзентацыйных сустрэч у розных гарадах свету ён часта бачыць пэўную стомленасць людзей, бо большасць з іх апынулася за мяжой вымушана.
Але ёсць і пазітыўны момант. У адрозненне ад 2021 года, калі Зміцер пераехаў у Варшаву і трэба было выдаваць першую Кнігу “Нацыянальная ідэя”, ён не ведаў да каго звярнуцца,а зараз ужо ёсць як мінімум 3-4 выдавецтвы ў Польшчы, а таксама ў Чэхіі, Нямеччыне, ЗША, Вялікабрытаніі.
«І гэта сведчанне таго, што мы сапраўды пашыраемся. Па першым часе беларускія музыканты, калі прыехалі ў Варшаву, не ведалі, дзе ім выступіць. Сёння, калі ты сапраўды маеш узровень, ты можаш выступаць пачынаючы ад беларускіх піўбараў і кавярняў у Варшаве і заканчваючы шыкоўнымі пляцоўкам».
«Мая парада – не закрывайце сябе для беларушчыны, захоўвайце, пашырайце, развівайце, рабіце, усё што магчыма», — параіў Зміцер Лукашук напрыканцы сустрэчы.
Давайце прыдумаем казку...
Сёлетні фестываль у Батумі прыемна парадаваў багатай дзіцячай праграмай. Маленькія беларусы сабраліся ў асобным пакоі, каб паслухаць казкі ад Аляксандры Хамянок. Асабліва ажывіліся дзеці, пабачыўшы Маляваныча — ён жа актор Аляксандр Ждановіч.
Маляваныч паказваў малым настольны спектакль пра Піпі і разам з дзецьмі рабіў папяровыя самалёцікі. Урэшце фестываль разам з Маляванычам і дзецьмі выплюхнуўся проста на вуліцу. Там дзеці разам з Маляванычам запускалі самалёцікі пад гучныя воклічы «Жыве Беларусь», так што было чуваць нават праз зачыненыя вокны, паглядзелі спектаклік пра Маму Му, а потым разам прыдумлялі казку.
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч)
Арганізатары падрыхтавалі таксама квэст для дзяцей і кінапрагляд на беларускай мове.
Бібліятэка ў Многафункцыянальнай прасторы аКсяродак
Падчас фестывалю «Прадмова» ў Многафункцыянальнай прасторы «аКсяродак»
Што яшчэ ў праграме фестывалю
Фестываль працягнецца 1 кастрычніка.
У праграме:
- Прэзентацыя кнігі і метадычнага дапаможніка «Казкі пра ўстойлівае развіццё» з удзелам Марыны Барысавай;
- Дыскусія «Пошук цікавых гісторый у нон-фікшне: ці можа існаваць на беларускім рынку паспяховая музычная літаратура?» з Аляксандрам Чарнухам у якасці мадэратара;
- Размова-інтэрв’ю «Тайны малога мястэчка» з Евай Вежнавец і Стасем Карпавым;
- Дыскусія «Як захаваць сваю культуру і мову, жывучы паміж дзвюх імперый. Грузінскі досвед»;
- Паэтычны варушняк ды шмат іншых цікавостак.
Праграму цалкам глядзіце на сайце фестывалю.
Сёлета, апроч Батумі, фестываль PRADMOVA пройдзе яшчэ ў трох гарадах: Варшаве, Вільні і Беластоку. Сярод удзельнікаў форуму — вядомыя беларускія аўтары і дзеячы культуры, пісьменнікі і інтэлектуалы з усяго свету.