Павел Падкарытаў (Бераговіч), які аднаўляў палац у Падароску Ваўкавыскага раёна, набыў у Германіі карціну з выявай рэзідэнцыі, паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.
Карціна С. Жукоўскага, набытая П. Падкарытавым (Бераговічам)
Прадпрымальнік з беларускімі каранямі Павел Падкарытаў (Бераговіч) цяпер жыве ў Эстоніі, а яшчэ нядаўна аднаўляў палац у Падароску Ваўкавыскага раёна (пакуль гэты бізнес не быў прыкрыты ўладамі Беларусі), з якім звязана і біяграфія Жукоўскага. Палац адлюстраваны на многіх яго творах.
Павел Падкарытаў распавёў, як яму ўдалося набыць карціну:
— Станіслаў Жукоўскі неаднойчы гасцяваў у Падароску — захаваліся фатаграфіі, на якіх ён адлюстраваны разам з уласнікам палаца Отанам Бохвіцам. Мастак маляваў і ваколіцы Падароска, і сам маёнтак. Ёсць карціны, на якіх выяўлены палац, яго пакоі, падароскі парк. Два тыдні таму каля паўдня я атрымаў паведамленне з аднаго з сайтаў, якія сочаць за продажамі прадметаў мастацтва, што сёння адбываецца аўкцыён, на якім прадаецца карціна Жукоўскага з адлюстраваннем падароскага палаца. Я адразу наведаў сайт аўкцыённага дома ў ФРГ, але інфармацыі пра аўкцыён там не знайшоў. Пачаў шукаць аўкцыён па нумары: быццам бы ён адбыўся... у сярэдзіне лістапада... Спазніўся я, шкада... Але захацелася даведацца, за колькі быў прададзены твор Жукоўскага. Знайсці вынікаў аўкцыёна таксама не змог.
Потым заўважыў, што сайт прапануе зарэгістравацца і даслаць асабістую анкету, каб дазволіць удзел у аўкцыёнах. Я дасылаю анкету і пішу ў лісце, што хацеў бы даведацца пра вынікі продажу карціны Жукоўскага. Праз 5 мінут мне тэлефануе супрацоўніца аўкцыённага дома і кажа, што аўкцыён па Жукоўскім пачнецца... літаральна праз 10 мінут! Дык хіба ж аўкцыён не адбыўся? Не, гаворыць жанчына: ён быў перанесены на сёння. Яна ўдакладняе, ці я прыму зараз удзел па тэлефоне. Трэба тады пацвердзіць першапачатковы кошт лота. Я тым часам успамінаю, што ў аўкцыённым доме Sotheby’s у 2004 годзе эстымэйт (прыблізная ацэнка кошту лота экспертамі аўкцыённага дома) складаў 30-40 тыс. фунтаў стэрлінгаў. Але на тым канцы провада я чую: 1000 еўра. Я адразу пагаджаюся. Пакуль я чакаю падыходу лота, коратка расказваю супрацоўніцы аўкцыённага дома пра палац, намаляваны на карціне, чаму яна мне цікавая і як я пра яе даведаўся. Калі агучваецца нумар лота з палатном Жукоўскага, аказваецца, што заявак, апрача маёй, няма. І карціна трапляе да мяне па ацэначным кошце!
Я меў падазрэнні, што гэта мо і не Жукоўскі ўвогуле, а нейкая падробка (ці прынамсі танная копія). Калі я аглядзеў набытак, то зразумеў, што гэта дакладна не той Жукоўскі, які раней быў прададзены ў аўкцыённым доме Sotheby’s. Прапорцыі палаца не зусім дакладныя. Палац больш удала намаляваны на сотбісаўскім экзэмпляры, чым на маім. Але, на маю думку, набытая мною карціна — не падробка. Чаму? «Сотбісаўскае» палатно падпісана мастаком па-польску: Żukowski 1936. А мая карціна падпісана па-руску: С. Жуковскій, без даты. Мастак, бадай, не падпісваў свае работы па-руску пасля таго, як з’ехаў з Масквы ў Польшчу ў 1923 г. Дык, магчыма, ён напісаў гэты твор да 1914 г.? Ці бываў ён у Падароску ў гэты перыяд? Магчыма, нешта падкажа пра гісторыю карціны штамп на абароце палатна: Собрание Е. Р. Ратнера. Ленинград.
Я знайшоў звесткі пра выстаўку работ мастака Каровіна ў 1961 г., на якой экспанавалася карціна са збору «Е. Р. Ратнера». Таксама я даведаўся пра ленінградскага калекцыянера Рафаіла Яфімавіча Ратнера 1930-1940 гг. Можа, «Е.Р.» — яго сын? Усё гэта трэба яшчэ высветліць. А карціна Жукоўскага, спадзяюся, некалі будзе экспанавацца ў падароскім палацы.